Па дадзеных назіральнікаў «Global Witness», у 2016 годзе забілі 200 экаактывістаў, рэйнджэраў дзікай прыроды і лідэраў карэнных народаў, якія абаранялі свае землі. За 5 гадоў гэта лічба ўзрасла ў два разы. За першыя 5 месяцаў бягучага года зафіксавана ўжо 98 смяротных выпадкаў.
Па словах спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека і навакольнага асяроддзя Джона Нокса, гэтая сітуацыя звязана з развіццём культуры беспакаранасці, якую ён называе сапраўднай эпідэміяй.
«Навакольнае асяроддзе адыходзіць на другі план па экалалічных прычынах. Любы можа забіць абаронцу дзікай прыроды, калі той стаіць на шляху здабычы карысных выкапняў, незаконнай высечкі ці будаўніцтва плацін», — зазначыў ён.
У Мексіцы быў забіты лідар карэнных народаў і супраціўнік незаконных высечак Ісадро Балдэнэгра Лопэс. У Бразіліі, у штаце Мараньао адбыўся ўзброены канфлікт паміж фермерамі і карэннымі жыхарамі, у выніку якога дзясяткі чалавек трапілі ў бальніцу. З пачатку года выпадкі нападзення і забойстваў актывістаў зафіксаваныя ў Калумбіі, Гандурасе, Мексіцы і іншых краінах.
Адказнасць за выкананне смяротных прысудаў, як мінімум за 43 забойствы, нясуць міліцыя (33 выпадкі) і ваенныя (10 выпадкаў). Прыватныя асобы, спецыяльныя ахоўнікі і кілеры здзейснілі 52 забойствы. Вядома, што знайсці іх і арыштаваць бывае крайне складана.
«Канфлікты — гэта вынік глабалізацыі. Капіталізм жорсткі, карпарацыі перакідваюцца на бедныя краіны, каб атрымаць доступ да іх зямель і прыродных рэсурсаў. З улікам карумпіраванасці і слабых праваахоўных органаў гэтых краін усё працуе на тое, каб знішчыць актывістаў», — паведаміў Біллі Кітэ, лідар кампаніі па фіксаванні выпадкаў забойстваў у «Global Witness».
Па дадзеных за 2016 год, найбольш канфліктнымі з'яўляюцца галіны па здабычы карысных выкапняў і нафты — 33 забойствы, лесанарыхтоўка — 23 забойствы, на трэцім месцы — сельская гаспадарка. На пачатку 2017 года ўжо назіраецца «канкурэнцыя» між сельскагаспадарчай і горназдабываючай галінамі.
Калі разглядаць сітуацыю па краінах, то ў 2017 годзе Калумбія пагоршыла свае «паказчыкі». На шляху да «новага максімума» знаходзяцца Бразілія і Філіпіны.
З пачатку 2015 года ў Бразіліі загінулі 132 абаронцы наваколля — найбольшая колькасць на Зямлі. У 2016 годзе Бразілія займала лідыруюучую пазіцыю — 49 забойстваў, па большай колькасці ў трапічных лясах. Філіпіны займаюць другое месца ў спісе, з колькасцю зафіксаваных смяротных выпадкаў з 2015 года ў 75 чалавек. Гандурас застаецца самай небяспечнай краінай для экаабаронцаў.
У шырокім сэнсе самы небяспечны рэгіён — Лацінская Амерыка. З агульнай колькасці на долю гэтага матэрыка прыходзіцца 60 смяротных выпадкаў абаронцаў наваколля, хаця на ім пражывае менш 0,1% насельніцтва свету.
Акрамя гэтага, небяспека пагражае і сем'ям актывістаў. Так, у 2016 годзе ў Гандурасе была забіта Берта Касерес за супраціў будаўніцтву гідраэлектрастанцыі Агуа-Зарка на рацэ Гуалкарке. Да гэтага часу яе дачцэ Лауры і сыну Зуніга пагражаюць, на апошняга здзейснена спроба ўзброенага нападзення.
«Я падвяргаюся ўціску, маёй сям'і пагражаюць. Нам няма куды дзецца, і ў любы момант нас могуць забіць, — распавядае супраціўніца незаконным высечкам у Заходняй Афрыцы. — З лясоў атрымоўваюць мільёны даляраў, але людзі з іх нічога не маюць: няма ні школ, ні медыцынскіх цэнтраў».
З высокім узроўнем мэтанакіраванага гвалту сутыкаюцца і рэйнджэры. Па дадзеных амерыканскай групы «Global Conservation», за апошнія 10 год забілі больш 800 рэйнджэраў. Амаль 60% выпадкаў у 2016 годзе здарылася ў Азіі, большасць з іх у Індыі.
На постсавецкай прасторы таксама нямала выпадкаў уціску на экаактывістаў, чаго толькі варта гісторыя з караблём «Arctic Sunrise» ці асуджэнне на тры гады калоніі Яўгена Віцішка за яго прыродаахоўную дзейнасць у Расіі.
У Беларусі пакуль не зафіксавана выпадкаў са смяротным зыходам, тым не менш пераследы — гэта адзін з выклікаў, які стаіць сёння перад грамадскай супольнасцю. Невыпадкова гэту тэму вырашылі абмеркаваць на V Форуме экаНДА.
«Першы выпадак пераследу адбыўся 5 год таму, калі некалькіх антыядзерных актывістаў арыштавалі пры спробе аднесці ў Расійскую амбасаду петыцыю супраць будаўніцтва АЭС», — прыгадвае Ірына Сухій, член савета грамадскага аб'яднання «Экадом».
Вядома, пры першай жа магчымасці «Экадом» падаў скаргу ў Камітэт па адпаведнасці Орхускай канвенцыі. Адказ з прызнаннем факта ўціску на актывістаў прыйшоў толькі з месяц назад.
«Камітэт прызнаў, што пераслед быў непасрэдна звязаны з экалагічнай дзейнасцю актывістаў. І гэта была рэзанансная тэма. Аднак існуе яшчэ маса прыхаваных пагроз, якія, на жаль, ніхто не агучвае, — падкрэслівае Ірына. — Калі Таварыства «Зялёная сетка» пачало развіваць ініцыятыву грамадскага кантролю «Зялёны дазор», шмат актывістаў трапілі пад ціск мясцовых улад, міліцыі і нават органаў дзяржаўнай бяспекі. Яны былі вымушаны сыйсці, не будучы гатовымі адстойваць сваё права на прыродаахоўную дзейнасць».
Былі і выпадкі затрыманняў і арыштаў за актыўныя пратэсты, напрыклад, пры будаўніцтве свінакомплекса пад Маладзечна.
Ды й калі прыгадаць вясну бягучага года, агулам 6 актывістаў Зялёнай сеткі трапілі на суткі за ўдзел у акцыях пратэсту і за дапамогу ў зборы рэчаў і прадуктаў харчавання для арыштаваных.
«Так, на той момант яны не займаліся сваёй непасрэднай экалагічнай дзейнасцю. Але былі ідэнтыфікаваны як актыўныя людзі. Таму, відавочна, было прынята рашэнне іх арыштаваць, каб не пусціць на далейшыя акцыі», — разважае яна.
У сваю чаргу НДА трэба клапаціцца і рыхтаваць людзей магчымага пераследу, вучыць іх інфармацыйнай і юрыдычнай бяспецы, а таксама ні ў якім разе не замоўчваць пра выпадкі ўціску.