15.11.2017 / 14:11

У Мінску з'явіліся першыя прыродныя помнікі мясцовага значэння, а важныя праблемы з зялёнымі насаджэннямі зноў застаюцца па-за інтарэсам гараджан. Чаму людзі не надаюць значэння стану паркаў, дагляду за дрэвамі і не гатовыя да руплівай штодзённай адвакатыўнай кампаніі, але як толькі чуюць гук бензапілы, гатовыя будаваць барыкады і ісці ў бой?

 

Пакуль не прыйшлі пілаваць, дрэвы гараджанам не патрэбныя

Мінулы год здзівіў актыўнасцю высечак дрэваў. Бягучы – не стаў выключэннем. У розных канцах сталіцы працягвае гучаць бензапіла. Вядома, што знішчэнне зялёных тэрыторый ня можа не выклікаць абурэння ў гараджан: усе добра завучылі ў школе, што дрэвы даюць кісларод. Ды й жыць весялей, калі ў горадзе з арматуры, бетону і шкла бачыш зеляніну за вакном.

Аднак градус незадавальнення ўзрастае выключна ў канкрэтны момант. Пакуль да дрэваў не дарваліся работнікі з бензапіламі – нікога яны не хвалююць. Чаму ж так адбываецца?

На думку каардынатара кампаніі ''Гарадскі Ляснічы'' Ігара Корзуна так здараецца з-за адсутнасці ў людзей элементарнага разумення эстэтыкі гарадской прасторы. Людзі могуць мець шыкоўную азеленую зону, якую не даглядаюць належным чынам, але ня будуць пераймацца. Бо для галаўным застаецца сама наяўнасць дрэваў, але не іх стан.

Але пакуль гараджане не пачнуць клапаціцца пра якасць у пытаннях зялёных зон – патрабаваць прыгожыя ўпарадкаваныя, дагледжаныя паркі і скверы, а не толькі пытацца ў чыноўнікаў пра лічбавыя паказчыкі, то бок выкананне нарматываў, – мы будзем праігрываць гэту барацьбу, упэўнены актывіст.

Бо, спосабаў, напрыклад, выканаць нарматыў і “падцягнуць” да неабходнай колькасць дрэваў на душу насельніцтва, уключыўшы ў межы горада лясныя масівы. На гэты конт Ігар прыгадвае, як два гады таму тэрыторыі Мінскага мора і Вялікага Сціклева сталі часткай Мінска ці якраз не па гэтай прычыне.

Між тым сталічныя жыхары часта апынаюцца нездольнымі выказаць сваё незадавальненне праз прасцейшыя інструменты. Пра што сведчыць зусім невялікая колькасць подпісаў за петыцыю па змене палітыкі ў дачыненні да зялёных насаджэнняў Мінска. Падтрымаць ініцыятыву адважылася 558 чалавек. Хаця ў ёй падымаліся важныя для праблемы азелянення сталіцы пытанні: кампенсацыйныя пасадкі, празмернае прымяненне рэагентаў на дарогах, абрэзка і г.д.

''Кожны хоча быць Чапаевым на кані, – каментуе Ігар. – Кожнаму хочацца абурацца на публіцы, бо як не круці, а тэма ўсё роўна трэндавая. А падпішы ты петыцыю, хто гэта заўважыць?''

 

Помнікаў прыроды ў Мінску можа быць больш

Адным з дзейных інструментаў у абароне гарадскіх дрэваў з’яўляецца ўключэнне іх у спіс помнікаў прыроды. На мінулым тыдні стала вядомым, што ўпершыню на тэрыторыі Мінска з'явіліся помнікі прыроды мясцовага значэння. Такое рашэнне за нумарам №3451 прыняў Мінгарвыканкам.

У спіс трапілі ''Дубова-ліпавы масіў «Белая Дача»'', ''Векавая алея'', ''Векавая дубрава парка “Курасоўшчына'', ''Клёны Аляксандраўскага сквера'', ''Ясень Аляксандраўскага сквера'', ''Ліпа Губенатарскага сада'', ''Таполя-волат'', ''Векавы дуб''. Усе яны атрымалі асаблівы рэжым захавання і дагляду.

''Мне радасна ад таго, што нарэшце гэта адбылося. Магчыма дадзеныя аб'екты стануць часткай нашай культуры і людзі пачнуць больш уважліва ставіцца да горада. Аднак добра яшчэ, каб дрэвам не толькі надалі статус, але і расказалі іх гісторыю. Такім чынам стане зразумела, чаму гэтыя аб'екты важныя для нас, у чым іх каштоўнасць'', – мяркуе Ігар.

На думку актывіста, такога кшталту аб'екты неабходна папулярызаваць не толькі сярод мінчан, пры іх трэба абавязкова казаць турыстам. Тым больш, вартых увагі дрэваў у сталіцы болей, чым атрымалі статус. Але, вядома, адрузу ўсе зрабіць помнікамі немагчыма.

''Каштоўным з'яўляецца факт таго, што людзі ведаюць пра існаванне такога істытуту. Тады, калі камусьці становіцца важным захаваць той ці іншы ўнікальны аб'ект, справа застаецца за малым – неабходна прывабіць да яго ўвагу'', – кажа Ігар.

На думку ж каардынатара ''Гарадскога Ляснічага'', вартымі такога статусу з'яўляецца сасновы масіў у парку Горкага, што знаходзіцца на ўзгорку па баку вуліцы Першамайскай, сасновы лес парка Чалюскінцаў, які здолелі захаваць у самыя цяжкія перыяды першай і другой сусветных воін.

''Цікавая гісторыя дуба па вуліцы Беларускай. Дрэву больш за 130-150 год і па гарадской легендзе яно з'яўляецца прамым нашчадкам сакральнага дуба-волата, які рос на міскім копішчы'', – распавядае Ігар.

І не столькі ўзрост аб'екта павінны ўплываць на наданне яму статуса помніка прыроды, упэўнены актывіст. Любое дрэва, што мае пэўныя параметры: вышыню, прыгажосць кроны, а таксама гістарычную памяць, значэнне – павінна патрапляць у спіс для асобага захавання.

''Заслугоўвае называцца помнікам купалаўская таполя, што расце адразу за музеем у скверы. Гэта дрэва мемарыяльнае, бо з ім звязана памяць пра народнага беларускага паэта'', – сцвярджае Ігар.

Яшчэ з дзесятак прыродных аб'ектаў можа пералічыць Гарадскі Ляснічы, але па яго словах, лепей, каб гэта ўсё ж рабілі самі гараджане, бо помнікам дрэва стане толькі тады, калі людзі прапусцяць яго праз сваё сэрца.

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость