24.08.2015 / 10:08

Ратыфікаваная Беларуссю ў 1998 годзе Орхуская канвенцыя магла стаць жыццяздольным і эфектыўным інструментам абароны права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і раўнавання грамадскасці з іншымі зацікаўленымі бакамі ў працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў. Але ўпартае нежаданне дзяржаўных структур разумець і працаваць згодна з патрабаваннямі канвенцыі робіць яе амаль бясплённай. Прычыны такой сітуацыі і магчымыя шляхі выйсця шукалі эксперты на IV Форуме незалежных экалагічных арганізацый-2015.

Экалагічная інфармацыя? Не, не чулі

Яшчэ два гады таму на Форуме экалагічных НДА-2013 была прынята рэзалюцыя, у якую ўвайшлі найбольш важныя і актуальныя парушэнні Орхускай канвенцыі на той час. Датычыліся яны як неналежнага інфармавання і адсутнасці першапачатковага абмеркавання ідэі якога-небудзь праекта з зацікаўленай грамадскасцю, так і канчатковага рашэння па ім, магчымасці правядзення паўторнага абмеркавання, калі рашэнні раптам змяняліся.

На сённяшні дзень доступ да экалагічнай інфармацыі з'яўляецца такім жа складаным пытаннем. Як зазначылі супрацоўнікі прававой службы таварыства «Зялёная сетка», дзяржаўныя органы часта не ведаюць пра свой абавязак падаваць такога кшталту інфармацыю і не разумеюць, чаму яны павінны гэта рабіць. Асноўным аргументам у адмове звычайна з'яўляецца тое, што такая інфармацыя носіць статус «камерцыйнай таямніцы» ці грыф «для службовага карыстання». Падобнае ў тым ліку прыпісваецца дакументам, якія абмеркоўваліся з грамадскасцю.

«Атрымоўваецца, вы можаце ўдзельнічаць у абмеркаванні праекта, напрыклад, пабудовы завода ў вашым раёне, і у вас будзе доступ да ўсёй інфармацыі. Але, як толькі гэта дакументацыя будзе зацверджана і мець канчатковы варыянт, яна набывае статус «для службовага карыстання» і ніякага доступу ў вас больш няма. Гэта значыць, што вы бачылі першапачатковы варыянт, а пасля нават не зможаце азнаёміцца, ці былі ўлічаны вашы каментары і заўвагі», — апісвае сітуацыю Марына Дубіна, каардынатар прававой службы таварыства «Зялёная сетка».

У Беларусі існуе палажэнне «Звесткі, якія адносяцца да экалагічнай інфармацыі» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У ім пералічана, што можна аднесці да такога кшталту інфармацыі. Аднак ён значна меншы за той, які прадугледжаны Орхускай канвенцыяй. З аднаго боку, гэта спрашчае задачу дзяржаўным органам, каб яны разумелі, што павінны прапанаваць грамадскасці, а з іншага — дае падставы не дзяліцца інфармацыяй, што не ўвайшла ў палажэнне.

«Увогуле, інтарэс грамадскасці да экалагічнай інфармацыі выклікае ў дзяржаўных органаў здзіўленне, асабліва, калі ён тычыцца аб'ектаў, што будуюцца за сотні кіламетраў ад вялікіх гарадоў. Але ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй можна нават не аргументаваць сваю такую зацікаўленасць», — дадае Марына.

Удзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў — грамадскасці тут не месца?

У пытанні ўдзелу грамадзян у прыняцці экалагічна значных рашэнняў юрысты НДА выдзяляюць тры момантныя працэдуры: рашэнні па аб'ектах, якія падлягаюць пад Ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), рашэнні, якія датычацца выдалення ці перасадкі аб'ектаў расліннага свету, і рашэнні ў галіне архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці. Дарэчы, у 2014 годзе было зменена палажэнне аб грамадскіх абмеркаваннях апошніх: цяпер там існуюць дзве асобныя формы ўдзелу.

«Таксама ёсць пытанні па абмеркаванню планаў кіравання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ), але, на жаль, даводзіцца адзначыць, што яны недакладна прапісаны. Хаця працэдура такая існуе», — адзначае Марына Дубіна.

Такім чынам, можна лічыць, што мы маем пяць розных працэдур удзелу грамадскасці, і гэта без уліку магчымасці грамадзян праводзіць незалежную экалагічную экспетызу. Зразумела, што такая багатая наяўнасць працэдурных працэсаў блытае не толькі людзей, але і стварае цяжкасці для дзяржорганаў, што «губляюцца» ў парадку інфармавацця ці афармлення пратаколаў.

«На наш погляд, неабходна аб'ядноўваць і ўніфікаваць працэдуры, робячы іх больш зразумелымі для людзей, каб яны бачылі хаця б нейкі сістэмны падыход», — падкрэсліла каардынатар прававой службы таварыства.

Аднак праблема не толькі ў мностве працэдур аднаго працэсу, але і ў стаўленні дзяржаўных органаў да грамадскіх абмеркаванняў. Як падкрэслілі эксперты, на жаль, часцей органы бачаць у іх магчымасць праінфармаваць ці даведацца меркаванне людзей па таму ці іншаму праекту, але без ўліку якіх-небудзь заўваг. Такі падыход не адпавядае патрабаванням Орхускай канвенцыі, якая разглядае грамадзян як паўнавартасны суб'ект прыняцця рашэнняў, нароўні з забудоўшчыкам і дзяржаўнымі органамі, меркаванні якіх павінны разглядацца і ўлічвацца, каб знайсці найбольш аптымальнае рашэнне, якое задавальняла б усіх.

Але турбуе нават не столькі гэта, колькі наяўнасць недахопаў у такім прасцейшым працэсе як інфармаванне. Крыніцы распаўсюджання інфармацыі пра правядзенне абмеркавання абмяжоўваюцца сайтамі мясцовага органа кіравання (райвыканкаму), арганізацыі, што збіраецца будаваць аб'ект, і мясоцвых СМІ, якія амаль ніхто не праглядае.

«Такім чынам, мы лічым такога кшталту інфармаванне цалкам неадэкватным і неэфектыўным. Бо, заходзячы на сайт якога-небудзь райвыканкаму, не заўсёды магчыма знайсці інфармацыю, нават калі дакладна ведаць, што абмеркаванне павінна быць, і карыстацца пры гэтым пашукавіком. Можна сутыкнуцца і з тым, што ў навіне будзе пазначана: «Грамадскія абмеркаванні праводзяцца на працягу 30 дзён з моманту публікацыі інфармацыі ў СМІ», але няма ўдакладнення, у якой мясцовай газеце ці на якім сайце, і калі была апублікавана гэта самая інфармацыя. Атрымоўваецца так, што фармальна органы выконваюць заканадаўства, але пры гэтым забываюць, з якой мэтай праводзіцца працэдура, а менавіта, прадастаўленне магчымасці людзям прыняць актыўны удзел», — зазначае Марына.

З унясеннем змен у палажэнне аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці ў гэтай галіне з'явіліся пэўныя станоўчыя зрухі. Так, напрыклад, у дзяржаўных органаў з'явіўся абавязак дадаткова інфармаваць мясцовае насельніцтва пра абмеркаванні на дошках аб'яў ля пад'ездаў і іншых публічных месцах. Таксама мясцовыя выканкамы пачалі выдаваць для публічнаага агляду пратаколы абмеркаванняў, што дае магчымасць прасачыць, якія заўвагі і каментары грамадскасці былі прыняты, а якія не. Але, на жаль, так робяць не ва ўсіх выпадках.

Так жа праблематычна дабіцца паўторнага абмеркавання. Беларускім заканадаўствам гэта непрадугледжана, нават калі ў праект уносяцца якія-небудзь змяненні, бо, як лічыцца, сваю згоду на рэалізацыю людзі ўжо далі. За апошні год Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спрабуе выправіць хаця б усталяваную практыку з абмеркаваннямі АУНА і патрабуе ад выканкамаў у выпадку ўнясення змен у Ацэнку правядзення паўторнага абмеркавання.

Але, нягледзячы на пэўныя станоўчыя зрухі, на жаль, пакуль даводзіцца канстатаваць і вялікія «правалы» ў выкананні палажэнняў Орхускай канвенцыі. Так, напрыклад, новы праект Ляснога кодэксу не выносіўся на абмеркаванне з грамадскасцю і быў значна зменены пасля першага чытання ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Як і палажэнне аб парадку правядзення архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, якое было прынята без інфармавання і абмеркавання з грамадскасцю, у ім няма магчымасці падаць каментары і заўвагі.

Асноўная ж праблема застаецца ў тым, што часцей за ўсё грамадзянам дазваляюць паўдзельнічаць у абмеркаванні ўжо гатовага праекту, калі пад яго ўжо выдзелены зямельні ўчастак, існуе канкрэтны аб'ект для пабудовы і ўкладзены пэўныя фінансавыя сродкі на распрацоўку. І атрымоўваецца, што зацікаўленыя бакі ўжо не гатовы ні змяняць, а тым больш, адмяняць рэалізацыю праекта. А праз суды амаль нічога дабіцца немагчыма. Так, за апошнія два гады было заведзена 11 спраў, якія ці не прынялі, ці пасля адмянілі. Пры гэтым суды спасылаюцца на тое, што дадзеная катэгорыя спраў ім не падначалена.

«Гэта можна расцаніць, як прамое ўхіленне судоў ад разгляду такой катэгорыі спраў. Для іх гэта новая сфера, з якой раней яны не сутыкаліся. А аб'ём спраў, што праходзіць праз іх, вельмі нязначны: за апошнія 5 год усяго 20. Гэта не стымулююе суддзяў развівацца ў такой галіне», — рэзюмуе Марына.

Абмяркоўваюць будаўніцтва шпакоўні, а ўзводзяць свінаферму

У 2014 годзе адбылася сустрэча бакоў Орхускай канвенцыі, дзеля якой з боку грамадскасці быў падрыхтаваны агляд імплементацыі пагаднення ў Беларусі, тэндэнцый магчымасці абараніць свае правы на спрыяльнае навакольнае асяроддзе за перыяд з 2011 па 2014 гады. Акрамя гэтага, былі складзены рэкамендацыі па далейшай рэалізацыі дакумента.

«У нашых чыноўнікаў сітуацыя, калі на нашу краіну скардзяцца ў Камітэт Орхускай канвенцыі за невыкананні асноўных яе палажэнняў пры будаўніцтве АЭС, выклікае звычайна нейкія дрыжыкі і страх. Але якраз такія пытанні трэба разглядаць ні як галаўны боль для рэспублікі, а як вялікі плюс, які атрымала дзяржава абсалютна задарма ад Камітэту. Бо рашэнне ніякім чынам не ўплывае на ход будаўніцтва станцыі, але забяспечвае краіну каштоўнымі рэкамендацыямі экспертаў міжнароднага класу, якія у любой іншай сітуацыі абыйшліся б нам у круглую суму», — кажа Таццяна Новікава, член Савету грамадскага аб'яднання «Экадом» і каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі.

У якасці падцверджання яна прывяла прыклад, калі на сустрэчы бакоў беларуская дэлегацыя вырашыла правесці перамовы перад пленарным паседжаннем з грамадскасцю, зразумеўшы, што яе прадстаўнікі маюць вялікі экспертны патэнцыял, веды і навыкі. Гэта рашэнне было правільным і бадай што выключным, зазаначае Таццяна, бо пры сустрэчы з экспертамі, якія курыравалі працэс складання скаргі, выявіўся шэраг сур'ёзных момантаў, звязаных з неразуменнем афіцыйнага боку нашай краіны прынцыпаў рэкамендацый, заканадаўства і тэксту канвенцыі ўвогуле. Таму вопыт, які змаглі атрымаць прадстаўнікі Беларусі, і тыя парады выглядаюць як вялікі знешнепалітычны дывідэнд.

Аднак сам выпадак па невыкананню Орхускай канвенцыі быў проста абуральным. У скарзе, што была складзена юрыстамі еўрапейскага экафоруму, прысутнічаюць абвінавачванні па парушэннях базавых палажэнняў дакумента.

«Беларусь, канешне, робіць выгляд, што выконвае канвенцыю, праводзіць грамадскія абмеркаванні і г.д. Але, калі юрысты прааналізавалі беларускае заканадаўства на прадмет адпаведнасці міжнароднаму пагадненню, наколькі яму адпавядае правапрымяняльная практыка па будаўніцтву АЭС, іх высновы падцвердзілі прэтэнзіі па ўсіх трох асноўных артыкулах дакумента... І, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі грамадскасці на працягу ўсяго часу разгляду скаргі давалі ўсю неабходную інфармацыі, паўплываць на рашэнне самой камісіі яны не маглі, бо гэта цалкам незалежны орган», — працягвае Таццяна.

На той сустрэчы бакоў беларуская грамадскасць выказала сваё незадавальненне празмернай мяккасцю вынесенага рашэння, бо яно амаль цалкам паўтарала папярэдняе, якое датычылася будаўніцтва Нёманскай ГЭС. Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь не зрабіла ні кроку дзеля таго, каб рэкамендацыі выконваліся.

Парушэнні ж, якія былі прызнаныя пры будаўніцтве АЭС, датычыліся ў першую чаргу таго, што грамадскасць ніякім чынам не прымала ўдзел у прыняцці рашэнняў. Калі ў 2008 годзе было вынесена канчатковае палітычнае рашэнне пра будаўніцтва станцыі, ніхто нават не думаў абмяркоўваць гэта з грамадскасцю ці праводзіць сур'ёзны аналіз праз якаснае і колькаснае апытанне. 

Камітэт таксама прызнаў, што ўлады абмяжоўвалі доступ грамадскасці да базавага дакумента — Ацэнкі ўдзеяння на навакольнае асяроддзе, які павінны, безумоўна, прадастаўляцца па яе запыту. А ўдзел грамадскасці выключна на этапе абмеркавання АУНА тым больш супярэчыць нормам канвенцыі.

«Калі мы кажам пра ўздзеянне на наваколле, трэба ўлічваць, што многія этапы рэалізацыі праекта за межамі працэдур АУНА таксама маюць экалагічныя наступствы. А нашы дзяржаўныя органы, на жаль, абмяркоўваюць адзін дакумент, затым яго хутка змяняюць і будуюць цалкам іншы аб'ект. Атрымоўваецца, што спачатку з вамі абмяркоўваюць будаўніцтва шпакоўні, а па выніку будуюць свінаферму. Але па закону атрымоўваецца прэтэнзій ніякіх не можа быць, бо абмеркаваць жа абмеркавалі. Такі падыход істотна парушае Орхускую канвенцыю, згодна з якой грамадскасць павінна мець доступ да інфармацыі і прымаць удзел у прыняцці рашэнняў на працягу ўсяго этапа рэалізацыі праекта. Нельга абмяжоўваць удзел выключна фазай абмеркавання АУНА», — абурылася Таццяна.

Што ж датычыцца рэкамендацый, якія атрымала Беларусь, то яны зводзяцца да таго, што неабходна каардынальнае перабудаванне беларускага заканадаўства з мэтай укаранення ў яго механізмы выканання палажэнняў Орхускай канвенцыі, якая мае нормы прамога дзеяння.

І напрыканцы сустрэчы эксперты адзначылі, што не варта ўспрымаць інструмент падачы скаргаў у Камітэт па выкананню Орхускай канвенцыі як магчымасць імгненнага вырашэння праблем у краіне. Гэта хутчэй праца на перспектыву, дзеля змянення нацыянальнага заканадаўства.

«У Камітэце не абавязаны, напрыклад, вырашаць праблемы і канкрэтныя тэхналагічныя парушэнні, якія дапускаюцца пры будаўніцтве АЭС, альбо ўвогуле спыняць гэты працэс. Але абавязаны разабрацца, чаму атрымалася так, што грамадскасць не мае доступу да інфармацыі і не можа прымаць удзел у прыняцці такога важнага рашэння», — падкрэсліла Марына Дубіна.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА іншыя матэрыялы з Форуму экаНДА-2015:

Эксперты на Форуме экаНДА: Беларусі патрэбна развіваць альтернатыўную энергетыку, каб пазбегнуць змянення клімату

Дзікую прыроду Беларусі трэба ахоўваць, маніторыць і не забываць пра звычайных людзей

Эксперты на Форуме экаНДА-2015: Новы Лясны кодэкс толькі павысіць эксплуатацыю прыродных рэсурсаў

Фармацевтические загрязнения впервые привлекли внимание экологов

Экологическая общественность подключится к решению проблемы обращения с ртутью

Почему беларус считает экологически культурным себя, но не других?

Эксперты на IV Форуме экоНГО: Охрана окружающей среды в Беларуси всё больше зависит от международного финансирования

Эксперты на Форуме экоНГО-2015 предложили критически переосмыслить экологическую политику Беларуси 

У Мінску стартаваў IV Форум экалагічных арганізацый Беларусі

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость