Тэма Ляснога кодэксу не выпадкова была вынесена на асобную сесію Форума экалагічных НДА, бо дакумент сёння перажывае значныя змяненні і мае верагоднасць больш прынесці шкоды, чым карысці беларускай лясной экасістэме. Акрамя гэтага, пры ўнясенні ў яго змяненняў былі парушаны пэўныя прававыя працэдуры, калі грамадскасць не мела доступу да новай версіі дакумента ў адкрытых крыніцах, а каментары ці заўвагі эспертаў не былі ўлічаны пры яго разглядзе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
«Другое чытанне версія пакуль не прайшла, на шчасце, але ніхто не ведае, што робіцца ў той камісіі і калі будзе прымацца рашэнне. Справа ў тым, што на сайце Нацыянальнага сходу размешчаны стары Кодэкс, каментаваць нам сёння фактычна няма чаго. І ўвогуле назіраецца вельмі нядобрая тэндэнцыя, калі нас упэўніваюць, што новая і самая апошняя рэдакцыя выносілася на абмеркаванне, удзел у якім у тым ліку прымалі навуковыя і грамадскія арганізацыі. Аднак не зразумела, што за такія арганізацыі, бо нават спецыялістаў з «Аховы птушак Бацькаўшчыны» не запрасілі», — падкрэсліў Рыгор Фёдараў, юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом».
Больш таго, адказныя за пытанні экалогіі ў Палаце прадстаўнікоў не бачаць ніякіх прававых патрабаванняў абмяркоўваць такога кшталту праекты з грамадскасцю ў Беларусі, што, ўпэўнены юрыст, з'яўляецца непасрэдным парушэннем ратыфікаванай нашай краінай Орхускай канвенцыі.
У сваю чаргу Ігар Куталоўскі, ландшафтны архітэктар і спецыяліст у галіне ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці, удзельнік экалагічнага таварыства «Зялёная сетка», звярнуў увагу на супярэчнасці, якія існуюць паміж такімі стратэгічнымі дакументамі, як Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і сучаснай версіяй Ляснога кодэксу. Імі таксама можна апеляваць у дыялогу з прадстаўнікамі дзяржаўных устаноў:
«У Стратэгіі існуе раздзел, прысвечаны лясной гаспадарцы, дзе ні слова няма пра неабходнасць змены катэгорый ці ўнясення паправак у Кодэкс», — кажа Ігар.
У сітуацыі, калі ўсё ж немагчыма пазбегнуць унясення змяненняў і прыняцця новай версіі дакумента, эксперт рэкамендуе звярнуцца да вопыту савецкіх лесаводаў, навуковых супрацоўнікаў лясной гаспадаркі і адпаведных інстытутаў, на працы і дасягненнях якіх грунтаваўся ранейшы Кодэкс.
Што ж тычыцца тых праблем, якія ўзнікнуць з лясамі, калі раптам версію Кодэксу прымуць, то ў першую чаргу яны звязаны з памяншэннем зялёных зон вакон гарадоў і адвядзеннем каштоўных зямель ў прыгарадах пад высечку і забудову. Істотна зменяцца крытэрыі для выдзялення тэрыторый прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўляльных, абарончых лясоў, у сувязі з чым, па словах Канстанціна Чыкалава, прадстаўніка грамадскай арганізацыі «Багна», складзецца сітуацыя, пры якой будзе цяжэй выдзеліць месцы для стварэння асабліва ахоўных тэрыторый ці надання ім іншага статусу для захавання. Таксама скасоўваецца паняцце супрацьэразійных лясоў, хаця праблема эрозіі ў Беларусі працягвае існаваць, што ў тым ліку звязана і з асушэннем балот.
«Справа ў тым, што зараз высякаць няма чаго, бо лес у нас становіцца менш векавым, і такім чынам шукаюцца рэсурсы», — зазначыў ён.
У сувязі з гэтым у маі бягучага году ў супрацы арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Багна» і таварыства «Зялёная сетка» ў Беларусі была запушчана кампанія, мэтамі якой з'яўляецца недапушчэнне прыняцця новай рэдакцыі Ляснога кодэксу, а менавіта вяртанне дакумента на дапрацоўку і правядзенне абмеркавання з зацікаўленымі прадстаўнікамі грамадскасці, падрыхтоўка рэкамендацый для паляпшэння законапраекта, прыняцце канструктыўных заўваг ад спецыялістаў рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі». У межах кампаніі была запушчана петыцыя, якая ўжо сабрала больш 17 000 подпісаў. Цягам апошнім двух месяцаў праца вядзецца ня толькі з прадстаўнікамі грамадскасці і спецыялістамі нашай краіны, але і з замежнымі экспертамі, якія могуць даць сваю ацэнку цяперашняй версіі дакумента.
«Зараз у нас ёсць меркаванні ўжо трох спецыялістаў — Greenpeace Расіі, Міжнароднага сацыяльна-экалагічнага саюзу і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усіх зацікаўленых мы будзем знаёміць з каментарамі, публікаваць іх і распаўсюджваць», — сказаў Канстанцін.
«Калі эсперты атрымалі версію, што не прайшла другое чытанне, то былі ў невялікім шоку. Бо раней яны спасылаліся на старую рэдакцыю, ставілі яе ў прыклад па катэгорыях абарончых лясоў, якія ўяўляюць сабой экалагічную каштоўнасць. А зараз склалася адчуванне, што над дакументам працавалі людзі абсалютна не дасведчанныя, бо было прыбрана вельмі шмат важных момантаў. Так, напрыклад, знікла паняцце супрацьэразійных лясоў, бо хтосьці палічыў, што ў нашай краіне проста няма дзюн», — дадала Вольга Каскевіч з арганізацыі «Багна».
Пры гэтым распрацоўшчыкі не ўлічылі тое, што такога кшталту лясы маюць асобае абарончае значэнне, знаходзячыся на перыферыі палёў і ляснога масіву. Ня меншы бардак узнік з катэгорыямі ў цэлым. Адкнак, як зазначыла Вольга, на жаль, у нас няма сваіх спецыялістаў, якія могуць ацаніць стан лясных экасістэм. У дзяржаўных установах гэта інфармацыя таксама разрознена, і па кожнай тэрыторыі яе трэба збіраць па частках, каб мець нармальнае ўяўленне аб сітуацыі. А замежныя эсперты не дасведчаны ў беларускім заканадаўстве, таму іх каментары таксама патрабуюць старанай дапрацоўкі, каб можна было накіраваць заўвагі ў вышэйшыя органы.
Ня менш праблем стварае і тое, што часцей за ўсё дадзеныя і напрацоўкі нашых існтытутаў знаходзяцца ў закрытым доступе.
«На жаль, усё, што распрацоўваецца навуковымі ўстановамі, застаецца «на руках» адзінак, хаця такога кшталту інфармацыя павінна перадавацца ў адкрытую прастору. Бо добра, што зараз з намі падзяліліся, а ў нейкай сітуацыі могуць і адмовіць, — з жалем адзначае Вольга. — Мяркуючы па практыцы, якая існуе ў свеце, сёння напрацоўкі разнастайных устаноў магчыма сістэматызаваць з дапамогай праграм. Няма ў гэтым ніякай праблемы. Нават у нас ёсць людзі, якія ўмеюць працаваць з падобнымі тэхнічнымі рэсурсамі. Напрыклад, «Global Forest Warсh» — сістэма манторынгу лясоў у рэальным часе, якую грамадскія арганізацыі актыўна папулярызуюць сярод насельніцтва ў Еўропе. Беларусь жа інфармацыю амаль не падала, і дзеля аналізу выкарыстоўваюцца адкрытыя касмічныя дадзеныя, якія ўсё ж не могуць гарантаваць 100% дакладнасці».
Наступным крокам у кампаніі прадстаўнікі арганізацый бачаць спробу сабраць круглы стол з незалежнымі экспертамі і распрацоўшчыкамі Ляснога кодэксу, каб паспрабаваць палепшыць праект і не дапусціць неабдуманага знішчэння цэлай экасістэмы. Усіх тых, хто жадае нейкім чынам паўдзельнічаць у гэтым працэсе, заклікаюць неадкладна падключацца да супрацы.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА іншыя матэрыялы з Форуму экаНДА-2015:
Дзікую прыроду Беларусі трэба ахоўваць, маніторыць і не забываць пра звычайных людзей
Фармацевтические загрязнения впервые привлекли внимание экологов
Экологическая общественность подключится к решению проблемы обращения с ртутью
Почему беларус считает экологически культурным себя, но не других?
Эксперты на Форуме экоНГО-2015 предложили критически переосмыслить экологическую политику Беларуси
У Мінску стартаваў IV Форум экалагічных арганізацый Беларусі