07.08.2015 / 15:08

Совы ахоўваюцца нашмат менш за казуль, і гэта не адзіная праблема беларускіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). Вырашаць іх мусяць не толькі чыноўнікі, але і звычайныя людзі, — да гэтай і іншых высноў прыйшлі ўдзельнікі круглага стала «Патэнцыйныя шляхі развіцця ААПТ Беларусі» на IV Форуме экалагічных НДА.

Як паляванне прылічваецца да экатурызму

Некалькі блокаў пытанняў, які патрабуюць вырашэння ў гэтай сферы, бачыць Інэса Зеніна, каардынатар кампаніі «Захаваем Прыпяцкія дубравы» «Зялёнай сеткі». Адзін з іх адносіцца да заканадаўства: на яе думку, неабходна зрабіць спіс катэгорый ААПТ бліжэй да рэаліяў. Напрыклад, у нацыянальным парку «Прыпяцкі» фактычна ёсць запаведна-паляўнічая гаспадарка, як пры СССР, але ніводная з катэгорый ААПТ гэта не можа адлюстраваць, а паляванне часам залічваюць у «экатурызм».

І саму гэту з’яву ў ААПТ Інэса лічыць вельмі дзіўнай: «Так абгрунтоўваюць многія антыэкалагічныя дзеянні, напрыклад, занаванне тэрыторый у «Прыпяцкім». Пасля высвятляецца, што тэрыторыю вывелі з запаведнай зоны для турызму, але ніякага экалагічнага турызму, апроч палявання, там не развіваецца», кажа яна.

Паляванне цяжка аднесці да экатурызму (аб гэтым расказваў у інтэрв’ю Дзмітры Шамовіч). Яшчэ адзін яго мінус — часта выкарыстоўваюцца няўстойлівыя спосабы, якія, як лічыць Інэса, трэба забараніць: веснавое паляванне, паляванне на птушак на таках і іншыя.

«Дырэктар захацеў — дырэктар зрабіў»

Удасканаліць сістэму кіравання нацыянальнымі паркамі і Бярэзінскім запаведнікам Інэса Зеніна прапануе, змяніўшы іх падначаленасць: замест Кіравання справамі прэзідэнта перадаць калегіяльнаму органу з розных структур. Гэты орган мусіць быць здольным накладаць вета на рашэнні па ААПТ.

«Бо зараз дырэктар захацеў — дырэктар зрабіў, і пляваць ён хацеў на тое, што думае Акадэмія навук», — адзначае яна.

Казуль ахоўваюць, а совы нікога не цікавяць

«Таксама ёсць патрэба юрыдычна замацаваць ахову кожнага віду флоры і фауны, бо за віды, якія не з’яўляюцца паляўнічымі, фактычна ніхто не адказвае», — працягвае эксперт.

Цімафей Піко, спецыяліст па прыродаахоўчым пытанням ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», падцвярджае: праблема сапраўды ёсць, але нарматыўныя акты яе не вырашаюць, бо важней іх выкананне.

«Я праз асабістыя каналы атрымаў доступ да базы дадзеных рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў МУС, кажа ён. — Па відах жывёл, якія трапляюць пад дзеянне Бернскай канвенцыі, у 2013 годзе было пяць выпадкаў прыцягнення, два ў 2014-м і пяць — у 2015-м. Фактычны кантроль за захаваннем біяразнастайнасці не ажыццяўляецца», лічыць Цімафей.

Як ілюстрацыя, у межах выдаткавання сродкаў, сабраных праз акцыю «Выратуй арляня» навукоўцы праверылі 4 месцы жыхарства гэтых птушак. Дрэвы з гнёздамі былі захаванымі, але вакол праведзеныя высечкі, што знішчае экасістэму, у якой жывуць птушкі. Такая сітуацыя была ў дзвюх месцах Гомельскай і дзвюх Брэсцкай абласцей.

Не надта эфектыўнымі Цімафей лічыць планавыя праверкі Мінпрыроды, а аб праверках Дзяржаўнай інспекцыі па захаванню жывёльнага расліннага свету адгукаецца лепш: «Яны становяцца на скрыжаванні і ўсіх даглядаюць. Я быў здзіўлены эфектыўнасцю падобнай працы: у машыне знайшлі палову дзіка. Ну, вы ўяўляеце: аддчыняеце багажнік, а гаспадар машыны: «Тваю ж, я ж казаў, трэба ехаць іншай дарогай!». У другой машыне знайшлі сеткі, у трэцяй — незарэгістраваную зброю».

Хаця і інспекцыя, па словах Цімафея, найперш арыентуецца на аб'екты палявання і рыбалоўства: «Жаўрукі, канюкі, совы і казуркі нікога не цікавяць», кажа ён.

Інэса Зеніна называе вельмі слізкім маніторынг папуляцый рэдкіх відаў: «Фактычна на запаведнай тэрыторыі яго як трэба не праводзяць, і меры па захаванню відаў, якім пагражае знішчэнне, прымяняюцца ў адзінкавых выпадках», — кажа яна.

Высечкі: адзінства супярэчнасцей

Таксама з сістэмы кіравання ААПТ трэба выключыць камерцыйныя структуры, бо гэта супярэчыць ідэе ахоўнай тэрыторыі, мяркуе Інэса. Дагэтуль ААПТ атрымоўваюць загады па высечках і прадаюць драўніну на паркет ды плінтус.

Адначасова з тым у планах кіравання напісана аб пагрозе высечак для біяразнастайнасці.

План кіравання: вынік дыспуту ці навуковая праца?

«Наступны пункт датычыцца ўдасканалення заканадаўства: планы кіравання трэба ўключыць у якасці аднаго з мерапрыемстваў у дзяржпраграму», прапануе Інэса.

Планы кіравання ААПТ пачалі з’яўляцца ў Беларусі як адказ на яе міжнародныя абавязкі пасля ратыфікацыі Рамсарскай канвенцыі ў 1999 годзе, але яны не дужа папулярныя ў нас.

Белавежская пушча адной з першай з усіх ААПТ распрацавала план і далей за ўсіх прасунулася ў яго выкананні: ажыццявіла 18 з 77 мерапрыемстваў, у працэсе выканання знаходзяцца 19.

Планы кіравання маюць не ўсе ААПТ, і звычайна гэты дакумент нагадвае навуковую працу, хаця мусіць адлюстроўваць агульныя рашэнні ўсіх бакоў, зацікаўленых у ахове ААПТ, у тым ліку грамадскасці і мясцовых жыхароў.

Іх удзел наўпрост звязаны з падвышэннем інфармаванасці грамадства і забеспячэннем магчымасці практычна ўдзельнічаць у кіраванні ААПТ. Інэса лічыць важным інфармаваць аб тым, чаму прыроду трэба ахоўваць, папулярызаваць ідэю гуманітарнай экалогіі і дзікай прыроды.

Таксама яна бачыць пажаданым удзел грамадскасці ў навукова-тэхнічных саветах, лесаўладкавальных і іншых нарадах.

Але пакуль тут шмат працы: «Людзі хацелі б нешта сказаць, канешне! Але як сказаць, каму? Старшыні сельсавету? Ён не ўплывае ні на што, нават калі сходзіць да дырэктара»,казаў увесну журналістам Рыгор Краўчук, што жыве ля Белавежскай пушчы.

Група «Ахова дзікай прыроды» як сродак удзелу ў захаванні

Варыянт рашэння прапануе працоўная група «Ахова дзікай прыроды» у асобе Вольгі Каскевіч, яе ўдзельніцы: «Усе працуюць самі па сабе, а было б добра аб’яднацца ў адзіную сетку, каб разумець, якія тэрыторыі і эксперты могуць адно адному дапамагчы. Можна працаваць у кааліцыі, сумесна з грамадскімі арганізацыямі», — расказвае яна.

Працоўная група – гэта супольнасць людзей, неабыякавых да лёсу прыроды Беларусі, якія аб’ядналіся, каб захаваць асабліва ахоўныя тэрыторыі і іншыя прыродныя аб’екты. У яе могуць увайсці як эксперты (у тым ліку супрацоўнікі ААПТ), так і неабыякавыя жыхары краіны.

Звязацца можна праз мэйл: bahna.land@gmail.com, а падрабязней пачытаць тут.

Сетка «Эмеральд» нароўні будзе абараняць усіх

Забяспечыць комплексную ахову расліннага і жывёльнага свету і экасістэм лічыць патрэбным Андрэй Абрамчук, старшыня савету з Брэсцкага аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». На яго думку, пакуль рознага кшталту ААПТ — гідралагічныя, біялагічныя і гэдак далей — гэтага не даюць. І таму вельмі своечасова ў Беларусі ствараецца сетка «Эмеральд» («Смарагдавая сетка»).

Працаваць над ёй пачалі ў 2009 годзе, і яна зараз з’яўляецца яшчэ адной рэакцыяй Беларусі на міжнародны дакумент: у 2012 годзе наша краіна падпісала Бернскую канвенцыю.

Зараз 64 Тэрыторыі, важныя для птушак, патэнцыйна могуць увайсці ў сетку, фармаванне якой скончыцца да канца года. Гэта 9% ад плошчы краіны, і лічба павялічыцца. Паводле Андрэя, у верасні колькасць тэрыторый наблізіцца да 100, і іх плошча складзе 11-12% ад тэрыторыі Беларусі, ці 2-2,5 млн гектараў.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА іншыя матэрыялы з Форуму экаНДА-2015:

Эксперты на Форуме экаНДА-2015: «Па выкананню патрабаванняў Орхускай канвенцыі Беларусь пакуль працуе на перспектыву»

Эксперты на Форуме экаНДА: Беларусі патрэбна развіваць альтернатыўную энергетыку, каб пазбегнуць змянення клімату

Эксперты на Форуме экаНДА-2015: Новы Лясны кодэкс толькі павысіць эксплуатацыю прыродных рэсурсаў

Фармацевтические загрязнения впервые привлекли внимание экологов

Экологическая общественность подключится к решению проблемы обращения с ртутью

Почему беларус считает экологически культурным себя, но не других?

Эксперты на IV Форуме экоНГО: Охрана окружающей среды в Беларуси всё больше зависит от международного финансирования

Эксперты на Форуме экоНГО-2015 предложили критически переосмыслить экологическую политику Беларуси 

У Мінску стартаваў IV Форум экалагічных арганізацый Беларусі

Автор:
Фотограф:
jahero.ru, rudhunter.ru, profi-forex.org, bp21.org.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость