Дыяметр замест сметніка за заводам Вавілава
«Я сапраўдны фан гэтай воднай сістэмы, у захапленні ад самой ідэі. Вы ведаеце, хто такі Жлоба? Ён — хросны бацька усёй гэтай сістэмы. Ужо старэнькі, яму падабаецца, калі людзі ў захапленні, і я хацеў бы яго папрапагандаваць. Бо у нас краіна, на жаль, сваіх герояў не любіць, і гэта яе страшны ментальны дэфект. Беларусы не могуць паверыць, што гэтая сістэма — адна з лепшых у свеце.
Дарэчы, усе гэтыя мясціны, па якім яна працякае — гэта былі няўдобіцы. Напрыклад, за заводам Вавілава быў сметнік бетонных канструкцый. У мяне за домам у балота вывальвалі смецце, старыя матрасы… І так паўсюль.
…Мне не падабаецца, што тут бетон. Я люблю, калі можна купацца. Купаюся зараз кожны дзень, пачынаючы з красавіка. У мінулым годзе атрымалася недзе да сярэдзіны кастрычніка».
«Даволі часта я купаюся ў Цнянцы — там пачынаецца гэта паўкола, і ёсць нават помпавая станцыя. Купаюся таксама ў сябра, у Драздах. Можам, калі ранняя вясна, выехаць на Мінскае мора — у нас ёсць месца на дамбе, дзе камяні. Там мала людзей.
За кальцавой не купаўся ні разу, бо пляжы там зараслі», — і Піт пачынае разважаць, як можна было б зрабіць пляжы больш прывабнымі і ўпарадкаваць малымі сіламі.
Дыяметру трэба ахова ад «алігатараў»
Але што яшчэ трэба водна-зялёнаму паўколу?
«Яму трэба ахова. На ўзроўні дзяржавы. Забараніць вялікім “алігатарам” бяздумна будаваць тут свае дамы. Вось гэтыя два — самыя страшныя ў цэнтры, — і музыка сварыцца на так званы дом Чыжа і недабудаваны гатэль “Кемпінскі”. — Яны рэжуць перыметр».
«Я разумею, што мы жывем у мегаполісе, ён будзе забудоўвацца. Але чаму будаваць заўсёды такое? Шчыра кажучы, паміж прыгожай і непрыгожай забудовай розніца ў грашах невялікая. Чаму ўсе масты ў горадзе — чыстая функцыя, грувасткія, і ніводнага адметнага і прыгожага?
Ідэя зрабіць роварную трасу (уздоўж Свіслачы — аўт.) — геніяльная. Ва ўсёй Варшаве такога месца няма, каб пакатацца на роліках. І там, дзе прынцыпова можна, гуляюць сем’і з вазкамі. А ў нас такое месца ёсць, і ёсць адмысловая траса за Футбольным манежам. Калі няма трэніроўкі, я заўсёды там, праязджаю свае 3-4 колы», — распавядае ён.
«Тое, што сістэма функцыянуе, — сур’ёзнае дасягненне. Але каб палепшыць яе, трэба, па-першае, яе захаваць. Даць па руках нашым “алігатарам” ці натхніць іх на тое, каб рабілі аб’екты, упісаныя ў асяродак. Каб пасля іх засталася прыгожая рэч — грошы ж не возмеш на той свет»,— абураецца музыка.
Мёртвы горад трэба ажывіць, а дыяметр — засвойваць
«Другое — дыяметр трэба засвойваць, рэкламаваць яго як зону рэкрэацыі. Калі трэнд-сэтары — уплывовыя людзі, якія ёсць у кожнай субкультуры, — напрыклад, паклічуць катацца на роліках — пойдуць усе.
Тут маглі б быць турнічкі, і іх мусіць быць чым болш, тым лепш — як ля штаба Беларускай вайсковай акругі, беларускага Пентагону. Добрая была б ідэя для яго пабудаваць сапраўдны Пентагон, а гэты будынак аддаць нам, каб мы стварылі там месца, дзе галерэі, рэстараны, рэпетыцыйныя памяшканні і музеі — двіжуха ў цэнтры горада», — марыць Піт.
«Такіх месцаў не хапае. Наш горад непрывабны: чысты, зялёны, але мёртвы: увечары вуліцы пустыя. Людзі не тусуюцца. Яшчэ музыкі пачынаюць граць на вуліцы на барабанах — мянты прыходзяць і іх забіраюць у пастарунак. Трэба, каб паўсюль гралі людзі, праз кожныя 100 метраў», — упэўнены ён.
Серыя фестываляў уздоўж дыяметру
«Гэта мае разважанні. І калі будзе дыскусія, я б жадаў у ёй удзельнічаць, — кажа беларускі рокер. — Спецыялістам я сябе лічу ў досыць вузкай сферы, якой аддана займаюся: у рок-музыцы, фестывальнай справе, засваенні новых прастораў. Можна было б мяне запрасіць як спецыяліста, каб зрабіць серыю фестываляў ўздоўж дыяметру. Людзі, прыходзячы на канцэрты, прызвычаіліся б хадзіць у такія месцы».
Калі вы таксама маеце, што расказаць нам пра свае любімыя месцы ў межах водна-зялёнага дыяметру, запрашаем Вас прыняць удзел у конкурсе Зялёнага партала.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Архитектор Александр Акентьев: «Минск — город-вампир с невысоким запасом экологической прочности»
Архитектор Павел Нищенко: «Водно-зелёный диаметр Минска становится трендом»
Святлана Калінкіна: «Жаданне інвестараў будавацца ў цэнтры — гэта дурны густ і карупцыя»
Музыка Лявон Вольскі: «Знішчаючы водна-зялёны дыяметр, з Мінска робяць хаатычна забудаваную Маскву»
Сяргей Харэўскі: «Водна-зялёны дыяметр — гэта галоўная «вуліца» Мінска, яго сімвал!»
В Минске стартовала кампания по спасению водно-зелёного диаметра