04.10.2017 / 14:10

Хлопцы з крамы «Bike Pro» са старых ровараў робяць цыркавыя і парныя ровары. У планах – здаваць іх у пракат і ладзіць з роварамі фотасесіі.

– На звычайным ровары, на якім камфортна перасоўвацца, ездзіць ўжо нецікава і занадта сумна. Сэнс у тым, каб ствараць сабе складанасці і пераадольваць іх, – кажа Ілля Хомбак.

Зараз Ілля Хомбак і Жэня Іваноў зрабілі чатыры ровары: два тандэмы, пені-фартынг і уніцыкл. Каб зрабіць тандэм, браліся два старыя савецкія ровары. У аднаго адпілоўваўся руль, у іншага – задняя частка ровара. Затым Ілля зварыў іх паміж сабой і ўзмацніў канструкцыю дадатковымі трубамі.

Для пені-фартынгу былі патрэбныя выгнутая труба, у якую ззаду ўстаўляўся відэлец ад дзіцячага ровара з маленькім колам, а наперадзе – відэлец ад дарослага ровара з вялікім колам і педалямі. Ілля кажа, што гэта вельмі зручны і кампактны ровар для грамадскага транспарту.

Уніцыкл – цыркавы ровар, які складаецца з часткі ровару і кола. На ім Ілля катаецца і скача па лужынах ужо трэці год.

Такія ровары Ілля робяць са старых ровараў у разбітым стане, якія напачатку сезона здаюць у краму. Варыць і фарбуе ўсё «дома на каленках».

– Галоўнае – зрабіць без матэрыяльных укладанняў, каб атрымаць з нічога нешта карыснае. Усё максімальна проста і даступна, каб, калі зламаецца, можна было направіць “ў густым лесе палкамі”.

Хлопцы думаюць пра тое, каб здаваць ровары ў пракат ці наладжваць з імі фотасесіі. Пакуль у Іллі і Жэні няма часу з-за вучобы і крамы, каб раскручваць гэтую ідэю. Да таго ж, пакатацца на такіх роварах можа быць складана.

– Каб камфортна пракаціцца на доўгім тандэме, трэба ехаць у Пышкі. Туды немагчыма даехаць па горадзе, а везці яго на машыне – які сэнс тады ў ровары? – кажа Ілля і паглыбляецца ў праблемы веларуху ў Гродне.

– Трэба не веласіпедыстаў развіваць, а падцягваць пешаходаў, каб яны больш лаяльна ставіліся да веласіпедыстаў. Каб яны разумелі, што гэта не маньяк з сякерай ляціць на іх, а звычайны чалавек, толькі едзе на ровары з трохі большай хуткасцю, чым ідуць пешаходы. Для пешаходаў ёсць тратуары, а для веласіпедыстаў няма нічога.

Калі вам трэба з’ездзіць у бок Кароны – там жа няма веласцежынак. На Вішняўцы, Дзевятоўцы, Фолюшы – таксама няма. Веласіпедысту прасцей было б па дарозе праехаць. Чаму б не выдзеліць частку дарогі пад гэта? Культура веласіпедыстаў была б зусім іншая, і пешаходы не так бы злаваліся на нас , што мы ганяем па тратуары.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Валянціна Пятрова
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость