Атрымліваецца, гэты вяз мог бачыць вялікіх князёў літоўскіх, шматлікія войны, жыццё мясцовых пры самых розных эпохах, што змяняліся адна за адной. Аднак жывы ўнікальны помнік можа загінуць, калі яму не дапамагчы.
Дупло пачало зацягвацца
Вядомасць вяз з Талуёў набыў, калі ў 2013 годзе пра яго ў “РГ” напісаў краязнаўца Міхась Міхалевіч. У артыкуле ён распавёў аб тым, што з вышыні вяза відаць Смаргонь, Маладзечна і Вілейка, якія гістарычныя падзеі разгортваліся вакол і колькі ўдачлівых выпадкаў павінны былі скласціся, каб дрэва захавалася праз стагоддзі.
Міхалевіч заўважыў, што падчас засух 2015 і сёлетняга года вадаём каля дрэва пачаў высыхаць, а затым сохнуць пачало і дрэва.
– Можа, гэта рэакцыя на тое, што зачапілі карані, калі ставілі плот вакол у 2016 годзе. Галоўнае, каб была не грыбковая “галандская хвароба вязаў”. Мне нават шкада, што праз свой артыкул надаў дрэву папулярнасць. Часам для прыроды лепшая ахова – невядомасць ад людзей. Спадзяваўся, што пасля артыкула адпаведныя службы зробяць усё магчымае, каб захаваць дрэва-гонар Павілля.
Краязнаўца дадае, што ў папулярнасці ёсць і станоўчы бок. Пасля публікацыі вакол дрэва прыбралі, а ў дупло перасталі кідаць смецце і попел, адарвалі аполкі, а пад шатамі больш нічога не складаюць.
– За гэта вялікі дзякуй Івану Дурэйку. Ён даглядае старажытнае дрэва. А дупло пачало зацягвацца, – кажа Міхалевіч.
Памералі, што дрэву 700 год
Іван Дурэйка пасля пенсіі вярнуўся ў бацькоўскі дом, каб жыць на прыродзе. Расказаў, што пасля артыкула ў “РГ” зразумеў, наколькі велічнае дрэва расце побач і стаў яго даглядаць. Летась заўважыў, што з’явіліся сухія сукі. У той жа час высыхаў вадаём.
– У 2016 годзе прыязджалі з інспекцыі аховы прыроды, сельвыканкама – прыбіралі, кусты павыразалі, паставілі плот і шыльду “Вяз гладкаствольны 14-15 стагоддзя”. У 2017-м лазерам мералі з Акадэміі навук, сказалі, яму 700 год.
Але вяз усё сохне. Трэба ратаваць дрэва.
Дрэву трэба надаць статус помніка прыроды
Галоўны спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў Сяргей Танана расказаў, што вырашаецца пытанне аб тым, каб надаць вязу статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.
– Вяз – не вельмі распаўсюджанае дрэва для Маладзечаншчыны. Вядома, што ў краіне сярод зарэгістраваных настолькі старых няма. Але афіцыйна ён пакуль не абвешчаны помнікам прыроды.
Уратаваць дрэва каштуе 1500 рублёў
Старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч патлумачыў, што дрэву не хапае вільгаці, таму што ў вадаёме шмат глею. Яго трэба пачысціць. Каб ацаніць маштаб работ, на месца запрашалі кіраўніка меліярацыйнай станцыі.
Ацанілі, што трэба тры дні працы са спецтэхнікай, і абыдзецца праца каля 1500 рублёў.
Для такіх работ патрэбны заказчык, у якасці якога не можа выступіць сельвыканкам.
– Статус помніка прыроды дапамог бы хутчэй і прасцей вырашаць гэтыя пытанні. Я за добрую справу, дрэву трэба дапамагчы.
Раз дупло зацягнулася, дрэва жыве
Вязу ў Талуях не адно стагоддзе, пацвердзіла старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат біялагічных навук Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Вазнячук. Дакладны ўзрост спецыяліст не назвала, але адзначыла, што ў Беларусі няма зарэгістраваных дрэў узростам 700 год.
Па меркаванні Вазнячук, менавіта сажалка магла быць прычынай, чаму дрэва жыве так доўга. А змяненне грунтавых вод можа быць адной з найважнейшых прычын, чаму пачало сохнуць – парушыўся рэжым сілкавання вільгаццю.
Добрым знакам для дрэва спецыяліст назвала тое, што дупло зацягваецца:
– Гэта як ранка ў чалавека. Калі дрэва ў стане спраўляцца з хібамі, гэта сведчыць пра нармальны стан.
Падобна на тое, што гэта найстарэйшы вяз у Еўропе
На абследаванні 2017 года начальніку маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіславу Чарнову назвалі папярэднія лічбы – 700 год і сем метраў у акружнасці. Аднак канчатковае навуковае апісанне ён не атрымаў.
– Падобна на тое, што гэта найстарэйшы вяз у Еўропе. Уявіце, якая гэта гісторыя, чаго там толькі не было – можа, якая-небудзь князёўна замураваная, – наганяе легендарнасці Чарноў.
Статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння абароніць дрэва ад вырубкі, за яго догляд будзе адказны землекарыстальнік – Маркаўскі сельвыканкам. Гэты статус надае Міністэрства прыроды, а пакет неабходных дакументаў яму перадае Акадэмія навук, сказаў начальнік інспекцыі.
На момант публікацыі атрымаць дакументальнае пацвярджэнне ўзросту дрэва не атрымалася. На зварот “РГ” у Мінпрыроды ведамства адказала, што дакументы аб наданні вязу статуса помніка прыроды не паступалі.