05.07.2021 / 10:07

На Палессі буслянкі – звыклая частка краявіду. Раней птушкі вілі гнёзды на чаротавых стрэхах, а цяпер, калі амаль усе будынкі крытыя шыферам, селяцца пераважна на электраслупах.

Бусел у беларускай традыцыйнай культуры – святая птушка. Яе нельга было забіваць, гэта лічылася вялікім грахом.

Верылі, што бусел на хаце прыносіць шчасце, таму кожны імкнуўся пасяліць яго ў сябе, усцягваючы на страху старыя колы, бароны. Такім чынам, дачыненні чалавека і бусла – прыклад гарманічнага суіснавання селяніна з дзікай прыродай.

Лічылася, што бусел магічным чынам засцерагае жытло ад пажару. У полі птушка таксама ахоўвала: падчас навальніцы раілі стаяць пад дрэвам з буслянкай, бо ў такія расліны нібыта не б’е пярун. Праўда, калі птушку пакрыўдзіць, бусел мог і сам спаліць негасцінную сялібу, прынёсшы на яе галавешку. Мог таксама кінуць гадзюку ў калодзеж.

Шырока вядомае павер’е, што бусел “прыносіць” дзяцей. Бусел агулам мог атаясамлівацца з чалавекам: колеры яго афарбоўкі адпавядаюць колерам беларускай традыцыйнай вопраткі: белы, чорны, чырвоны. Па міфалагічных уяўленнях, бусел калісьці быў чалавека, але быў абернуты Богам у птушку за залішнюю цікаўнасць: яму даручылі кінуць у бездань мех з усялякімі гадамі ды машкарой, не развязваючы. Але ён развязаў паглядзець і выпусціў усіх тых жывёлак на зямлю. З таго часу ходзіць, збірае.

Вось гэты маляўнічы расповед на палескай гаворцы.

 

Пра бусла

Чого его забіваць нельзя? Это есць така сказка. Бог собраў усі – змеі, жабы, собраў у мэшок, і дал чоловеку:

– Занэсі, кінь ёго у мора. Тока нэ  дывіся, што там у ёму.

Ну, чоловек жа любопітны всё равно, думае: ну, як ёго у мора кінуты, нэ побачыты, што в ём? Занёс, там з моста трэба было кінуты, поінтэрэсовался, развязал.  Як розвязал, оні всэ як кінуліса, всэ і повылазіло, і пошло по всім свету, і развэлосо. Вот ужэ Бог ёго зробіў буськом, і собірай, еслі ты его нэ  смог утопіты ў моры. Вот  тэпер всёй век собірай. (Запісала Алена Боганева ад Адама Шэлеста ў Столінскім раёне).

Лічылася, што бусел таму і жыве побач з чалавекам, што сам калісьці быў чалавекам. Як і людзі, буслы жывуць парамі і выступаюць метафарай вернасці ў шлюбе.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з энцыклапедыі “Міфалогія беларусаў”

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость