Малады драпежнік, пабадзяўшыся па пушчы, у студзені пакінуў яе. Магчыма, таму што не змог знайсці сабе самку або быў устурбаваны паляўнічымі. А можа, воўк увогуле быў не мясцовы, а проста часова забрыў на тэрыторыю пушчы?
У любым разе, у студзені Руды пераплыў раку Нараў і збег у Польшчу. За два дні ён прайшоў 50 кіламетраў. Урэшце Руды асеў у лясах на ўскраіне Мазавецкага ваяводства, на паўдарозе да Варшавы.
Карта перамяшчэнняў Рудога ў Польшчы
У Польшчы паляванне на ваўкоў забароненае, таму там Руды можа пачувацца вальней.
Нядаўна зрабілася вядома, што Руды больш не адзінец.
Вучоныя з міжнароднай асацыіі CEwolf, якая займаецца даследаваннямі генетыкі папуляцый ваўкоў у Цэнтральнай Еўропе, знайшлі логава Рудога.
Даследчык Мацей Шэўчык пабываў на месцах, з якіх Руды “дасылаў” найбольш сігналаў (а значыць, дзе ён праводзіў найболей часу).
Спачатку вучоны атрымаў шмат сігналаў вось з гэтага гушчару.
Тут Мацей знайшоў незавершанае воўчае логава. А потым наводдаль знайшоў яшчэ адно.
Яно знаходзілася ўсярэдзіне маленькага яловага зарасніку, аточанага высокім і светлым сасновым борам.
Вучоны мяркуе, што тут, магчыма, нарадзіліся ваўчаняты, таму што з гэтага месца прыходзіла найбольш сігналаў у канцы красавіка і пачатку траўня.
У чэрвені і ліпені сігналы актыўна прыходзілі з іншага месца, дзе Мацей знайшоў яшчэ адно логава.
Вакол яго густа раслі хвоі. Тут Мацей знайшоў шмат ваўчынага памёту, у тым ліку такога, які хутчэй за ўсё належаў ваўчанятам. “Гэта, верагодна, месца рандэву ваўкоў, — кажа Мацей. – Побач я ўсталяваў камеру, якая будзе сачыць за логавам. Будзем спадзявацца, што нам пашчасціць запісаць Рудога і яго зграю”.
Пакуль дакладна невядома, Руды бацька ваўчанят ці іншы воўк са зграі, да якой ён мог далучыцца. Адказ дасць генетычны аналіз.
Таксама плануецца правесці даследаванне ДНК ваўкоў, адлоўленых на тэрыторыі Беларусі, каб вызначыць, да якой папуляцыі належаць Руды і іншыя ваўкі, якія пакінулі Белавежскую пушчу. Так мы вызначым, прышлыя яны ці належаць да пушчанскіх зграй беларускіх папуляцый.
Віктар Фянчук, каардынатар праграмаў па Белавежскай пушчы: Гэта цікавыя навуковыя дадзеныя, якія паказваюць складаныя працэсы, што адбываюцца ў папуляцыях аднаго з найбольш харызматычных драпежнікаў Беларусі. І ўздымаюць новыя пытанні, якія неабходна высветліць для поўнага разумення сітуацыі. Але што ўжо відавочна, так гэта роля Белавежскай пушчы як буйнога цэнтра для захавання воўка на еўрапейскім узроўні.
Усяго ў Белавежскай пушчы ў лістападзе 2017 года GPS-ашыйнікамі былі пазначаныя 5 ваўкоў. Акрамя Рудага, за мяжу збег яшчэ адзін самец-адзінец – воўк з мянушкай Міхась. Ён падаўся ва Украіну. У 2015 годзе двое ваўкоў пакінулі пушчу і сышлі на ўсход.
АПБ і Нацыянальны парк “Белавежская пушча” праводзяць даследаванні ваўкоў з 2015 года пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.