11.11.2015 / 13:11

У гэтым годзе ў дзевяты раз Школа экалагічнага актывіста прапанавала сваім выпускнікам рэалізаваць уласны праект у экалагічнай галіне. Такім шанцам вырашыла скарыстацца Тамара Зайцава, тым больш, што ідэя «нарадзілася» ў яе з паўсядзённага жыцця. Як аматара падарожжаў па выбітных беларускіх мясцінах, жанчыну засмучала вялікая колькасць смецця на гісторыка-культурных аб'ектах. Таму яна і вырашыла аб'яднаць пазнаваўчы момант наведвання помнікаў архітэктуры з карысным для навакольнага асяроддзя, прапанаваўшы людзям не толькі адкрываць для сябе Беларусь, але і прыбіраць яе.

За два месяцы, што доўжыцца конкурс «Чыста славутасці» (у рускамоўнай версіі — «Чисто достопримечательности» ці «ЧиДо» — дад. аўтара), ужо прыбрана тэрыторыя вакол не менш за 103 відаў гісторыка-культурных і прыродных аб'ектаў, сярод якіх брацкія могілкі, палацы, сядзібы, курганы, валуны, цэрквы, сінагогі, крыніцы і інш.

Па словах ідэйнага натхняльніка праекта Тамары Зайцавай, конкурс накіраваны на тое, каб звярнуць увагу падарожнікаў на стан родных мясцін і помнікаў, матываваць іх на тое, каб яны не праходзілі міма смецця, а па магчымасці яго прыбіралі.

«Я шмат падарожнічаю сама, і час ад часу даводзіцца бачыць смецце ля ўнікальных гісторыка-культурных аб'ектаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. І справа ж тут не ў тым, глядзіць за імі хто-небудзь ці не, смеціць не дзяржава, а людзі... — з жалем зазначае яна. — Напрыклад, калі ўзяць помнікі загінуўшым салдатам, яны заўсёды чыстыя і акуратныя. Але варта толькі зазірнуць за агароджу, можна ўбачыць усё зваленае смецце пад якім-небудзь дрэвам».

Станоўчую ацэнку і падтрымку атрымала ідэя конкурсу ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

«Вельмі важна, каб кожны грамадзянін усведамляў уласную адказнасць за свой дом, вуліцу, горад ці вёску, сваю краіну, за нашу планету, урэшце. Так, гучыць пафасна. Але гэта бяспрэчная ісціна. Гэта ж самае датычыцца і клопату пра нашу спадчыну, увасобленую ў помніках археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, памятных мясцінах. Менавіта ў іх утрымліваецца пэўны код памяці пра нашых продкаў, пра іх думкі і памкненні, пра талент і майстэрства і тым самым — пра нас саміх. Зыходзячы з гэтага і павінны вызначацца адносіны кожнага да такіх аб'ектаў», — падкрэслівае начальнік ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Ігар Чарняўскі.

Па яго словах, нескладана знайсці некалькі гадзін на працягу года, каб прыбраць бліжэйшы да месца жыхарства помнік даўніны. І гаворка ідзе не толькі пра прыборку смецця, хаця гэта таксама важна. Варта звяртаць увагу на прывядзенне ў належны стан тэрыторыі аб'екта спадчыны, якая без дагляду зарастае пустазеллем, кустоўем, дрэвы пачынаюць расці на будынках і іх руінах. Такі недагледжаны стан старадаўніх мясцін, антысанітарыя вядзе да дэградацыі тэрыторыі, шкодзіць мурам, спрыяючы гніласным працэсам, замінаючы іх праветрыванню.

«Бяспрэчна, дагледжаны аб'ект спадчыны заўсёды прывабны для наведвання. Чым большая да яго ўвага, тым больш падстаў для захавання і прыстасавання да патрэб сучаснага грамадства, а значыць, гарантыя перадачы яго наступным пакаленням як своеасаблівага гістарычнага дакумента», — дадае Ігар Чарняўскі.

У той жа час нельга забываць і пра некаторыя правілы выканання прац на помніках архітэктуры, якія патрабуюць прафесійнага падыходу, што ўстаноўлена заканадаўствам. Аднак правядзенне ўборкі тэрыторыі, ачыстка памяшканняў ад смецця, рамонт даху, закрыццё аконных і дзвярных праёмаў, каб атмасферныя ападкі не шкодзілі помніку, можна без распарацоўкі навукова-праектнай дакументацыі.

«Дарэчы, заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны таксама вызначана, што правядзенне прац па падтрыманню належнага санітарнага і тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцяў можа ажыццяўляцца без дазволу Міністэрства культуры. У такіх выпадках, праўда, варта мець узгоднены са спецыялістамі пералік прац, што дазволіць найбольш рацыянальна выкарыстаць наяўныя рэсурсы і правесці іх без прычынення шкоды гістарычнаму будынку. У іншых жа выпадках, калі неабходна правесці рамонт ці кансервацыю аб'екта спадчыны, выканаць спецыяльныя рэстаўрацыйна-аднаўленчыя мерапрыемствы, неабходны ўдзел спецыялістаў з адпаведнай кваліфікацыяй і вопытам працы на старажытнасцях», — тлумачыць начальнік упраўлення.

Існуюць і пэўныя правілы паводзін пры наведванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія, як падкрэсліў Ігар Мяфодзьевіч, вызначаюцца павагай да веку такіх аб'ектаў і да іншых наведвальнікаў.

«Трэба памятаць, што стан многіх помнікаў архітэктуры не самы лепшы, і нейкія непрадуманыя дзеянні не толькі ствараюць небяспеку яго захаванню, але ставяць пад пагрозу здароўе ці нават жыццё самога наведвальніка», — кажа ён.

Крэўскі замак. Фота myclub.by

Што ж тычыцца праблемы смецця на гістарычных мясцінах, то яна, безумоўна, існуе. Чыноўнік не адмаўляе, што, на жаль, сёння можна назіраць сумную карціну таго, як многія гісторыка-культурныя каштоўнасці ператвараюцца ў звычайны звалкі і нават прыбіральні. Пластыкавыя ці шкляныя бутэлькі, пакеты з-пад соку, папера і многае іншае часта сустракаецца вакол гістарычных будынкаў і ў іх памяшканнях. Прычына крыецца ў агульнай культуры грамадства. Выйсце з такой сітуацыі бачыцца ў стварэнні пэўных рэкрэацый для турыстаў, дзе можна было б адпачыць, падсілкавацца, выкінуць смецце ў спецыяльна прызначаныя ёмкасці, а ўжо потым азнаёміцца з аб'ектам спадчыны.

«Тэма належных паводзін сябе на тэрыторыі старажытнасцяў, увогуле адносін да навакольнага асяроддзя павінна як мага часцей адлюстроўвацца ў сродках масавай інфармацыі, больш актыўна прысутнічаць ў сацыяльнай рэкламе. Калі казаць пра ўвядзенне нейкіх мер, то яны ўжо вызначаны, у прыватнасці, адміністратыўным заканадаўствам. У ім устаноўлены штрафныя санкцыі за неналежныя адносіны да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але ж да кожнага помніка ахоўніка не паставіш. І тут ужо павінна дзейнічаць свядомасць кожнага чалавека, якую неабходна выхоўваць з маленства», — рэзюмуе Ігар Чарняўскі.

Самы маленькі ўдзельнік конкурсу

За два месяцы конкурс ахапіў усе вобласці Беларусі, але асаблівую актыўнасць удзельнікі праяўляюць у Гомельскім регіёне, дзе ўжо прыбрана каля 34 аб'ектаў, Гродненскай і Мінскай абласцях, дзе чыстымі сталі 20 і 9 помнікаў адпаведна.

Бадай, што з самых цікавых і незвычайных аб'ектаў, якія патрапілі ў поле зроку неабыякавых аматараў падарожжаў па Беларусі, можна адзначыць Бабруйскую крэпасць, Троіцкую царкву і рэшткі царкоўнай брамы, вадзяны млын канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, Замчышча, якія знаходзяцца ў вёсцы Гарадок, рэшткі сядзібна-паркавага комплексу «Пукава» ў вёсцы Сунаі, Прылукскі палацава-паркавы комплекс Чапскіх, Палацава-паркавы комплекс пачатку ХХ стагоддзя ў гарадскім пасёлку Жалудок, навалу груд валунна-галечнага кангламерату «Прынёманскае» пад Гродна, што адносіцца да геалагічнага помніку прыроды рэспубліканскага значэння, каменныя крыжы на старажытных могілках у вёсцы Буйновічы і іншыя.

Бабруйская крэпасць

Троіцкая царква і рэшткі царкоўнай брамы

Палацава-паркавы комплекс пач. ХХ ст., г.п. Жалудок

Навала груд валунна-галечнага кангламерату «Прынёманскае»

Замчышча Гарадок, ХІ–ХІІ ст.

Каменныя крыжы, в. Буйновічы

Нягледзячы на тое, што да сканчэння праекта застаецца крыху менш месяца, ужо можна прасачыць некалькі лідэраў. І хаця арганізатары не спяшаюцца пакуль даваць якасную ацэнку канкурсантам ці аддаваць камусьці перавагу, бо вынікі будуць падводзіцца ў перыяд з 5 па 10 снежня, Тамара адзначае, што некаторыя ўдзельнікі не толькі намагаюцца прыбраць той ці іншы помнік, але і імкнуцца праявіць свае творчыя здольнасці і крыятыў у справаздачах па прыборках.

Пазнаёміцца бліжэй з удзельнікамі і паглядзець больш фотаздымкаў можна на форуме сайта «Глобус Беларусі», на платформе якога і праводзіцца конкурс таварыствам «Зялёная сетка».

Нагадаем, што пераможцы конкурсу атрымаюць ад арганізатараў фотатэхніку, партатыўны акамулятар і штатыў у якасці прызоў адпаведна за 1, 2 і 3 месцы.

Автор:
Фотограф:
news.tut.by, facebook, forum.globus.tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость