16.08.2017 / 10:08

У Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны ёсць крыніца, паломнікі да якой едуць з усёй Беларусі, а часам і з замежжа. Знаходзіцца яна ва ўрочышчы ля былой вёскі Кліны, адселенай пасля катастрофы на ЧАЭС, за 8 км на паўднёвы ўсход ад Слаўгарада.

У Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны ёсць крыніца, паломнікі да якой едуць з усёй Беларусі, а часам і з замежжа. Знаходзіцца яна ва ўрочышчы ля былой вёскі Кліны, адселенай пасля катастрофы на ЧАЭС, за 8 км на паўднёвы ўсход ад Слаўгарада.

Людзі едуць сюды круглы год, але асабліва шмат – на праваслаўнае свята Макавей (Мядовы Спас) 14 жніўня. Пабываў ля гэтай крыніцы і Зялёны партал.

Афіцыйна яе называюць Блакітная крыніца, але ў народных гаворках сустракаюцца і назвы Сіні калодзеж, Клінаўская ці Макавееўская крыніца.

Па неафіцыйных падліках, Блакітную крыніцу ў гэты дзень наведваюць ад 20 да 30 тысяч чалавек. Крынічную ваду, тэмпература якой узімку і ўлетку каля 8 градусаў, бяруць ва ўсе падручныя ёмістасці, ад слоікаў да бідонаў. Па павер’ях, калі перайсці азярцо, утворанае крынічнай вадой, 3 разы (сустракаюцца таксама згадкі пра 7 ці нават 40 разоў), гэта паляпшае здароўе.

Крыніца адносіцца да ўзыходзячых (досыць рэдкі для Беларусі тып). Склад вады ў ёй гідракарбанатна-кальцыевы, мінералізацыя 197 мг/л. Адпаведна дадзеным Інстытута геахіміі і геафізікі Акадэміі навук Беларусі гэта вада можа лічыцца эталонам чысціні падземных вод. Пласт крэйды, адкуль падымаецца вада, і глініста-карбанатны склад сценак “шахты” надае ёй асаблівае адценне, адкуль і назва вадаёма.

Найбольш старажытная з назваў крыніцы “Сіні калодеж”, зафіксаваная ў 1891 г. этнографам Еўдакімам Раманавым, дакладна перадае галоўную асаблівасць аб’екта: вада падымаецца з зямлі па шахце, глыбіня якой так дакладна і не вымерана. Называюць лічбы ад 100 да 300 метраў.

Па аб’ёме паступлення на паверхню падземных вод (60 літраў за  секунду) Блакітная крыніца – самая буйная на Усходне-Еўрапейскай раўніне. На паверхні падземныя воды ўтвараюць азярцо памерам прыкладна 20*15 метраў, з якога выцякае ручэй. Мясцовыя жыхары завуць яго Галубка. Ён упадае ў рэчку Галуба (левы прыток Сажа).

Крыніца з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскай значнасці. У 2013 годзе паломніцтву да крыніцы нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Фактычна мэты аховы крыніцы як помніка прыроды ўваходзяць у супярэчнасць з захаваннем і пашырэннем паломніцтва да яе як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Антрапагенная нагрузка на крыніцу, асабліва падчас святкавання Мядовага Спаса, штогод узрастае.

Вада ў крыніцы падчас сёлетняга святкавання заставалася адносна чыстай. Але ўсё роўна забруджванне помніка прыроды мае месца, часамі на паверхні з’яўляюцца водарасці памаранчавага колеру, дно заільваецца.

 Гэта можа адбывацца ад пад’ёму ўзроўню вады, калі людзі спрабуюць стварыць плаціну, каб было зручней купацца. Тады вада замест таго, каб сплываць, праграецца і “квітнее” тымі самымі водарасцямі.

 

Што рэкамендуюць для аховы гэтага месца эколагі?

У 2008-м годзе заведуючы навукова-даследчай лабараторыі азёразнаўства БДУ, кандыдат біялагічных навук Барыс Власаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Ігар Рудакоўскі і кіраўнік мінскага дайвінг-клуба “Марскі пегас” Андрэй Ліхачоў, пад кіраўніцтвам якога дайверы чысцілі крыніцу, занялі досыць жорсткую пазіцыю. Яны рэкамендавалі абмежаваць паломнікам дасяг да крыніцы, агарадзіўшы тэрыторыю вакол яе на адлегласці 20 метраў, а забор вады ажыццяўляць праз механічную помпу; амавенні здзяйсняць ніжэй па ходзе ручая.

Таксама рэкамендавалі абсадзіць тэрыторыю вакол крыніцы дубамі, ліпамі, дрэвамі хвойных парод, як гэта было даўней (зараз вакол крыніцы вытаптаныя паляны), а зону адпачынку аднесці на 120 метраў. 

Калі дбаць пра захаванне паломніцтва, то гэтыя меры абмежавалі б дасяг вернікаў да крыніцы і нават у некаторай ступені парушылі б іх правы. Аднак, ёсць немалаістотны нюанс: традыцыйна ў крыніцу не акуналіся, толькі пераходзілі, амавенне стала практыкавацца, калі там паставілі капліцу. Верагодна, адбылося гэта толькі ў ХХ стагоддзі.

Дайвер Андрэй Ліхачоў у маніторынгу стану крыніцы 2013 г. выказаўся досыць жорстка: “Акунанне ў купелі – гэта царкоўная традыцыя. Чаму царква будуе купелі на крыніцах? Гэта недапушчальна”. Ён жа рэкамендаваў абмежаваць час знаходжання паломнікаў ля крыніцы (пакінуўшы магчымасць любавацца ёю на адлегласці) і скасаваць гандаль царкоўнымі таварамі.

Доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна, якая збірала аповеды старажылаў аб крыніцы, кажа, што яна і ў даваенны час, акрамя мясцовых жыхароў збірала даволі шмат паломнікаў з далёкіх мясцін. Але даехаць да крыніцы было даволі цяжка і гэта натуральным чынам абмяжоўвала колькасць ахвочых яе наведаць. Даўней стаўленне і да месца, і да самой крыніцы было больш пачцівым.

Сёлета аддзел адукацыі Слаўгарадскага райвыканкама арганізаваў апытанне наведвальнікаў крыніцы, якое ўтрымлівала ў тым ліку і пытанне аб мэце прыезду. Па папярэдніх падліках, адказы “паломніцтва” і “адпачынак” сустракаліся найчасцей і прыкладна ў аднолькавых прапорцыях.

Зараз самая кароткая дарога ад Слаўгарада да крыніцы – грунтовая, праз пантонны мост, што дзейнічае ў цёплы час году. Узімку даводзіцца рабіць вялікі крук.

Слаўгарадскія дарожныя службы робяць, што могуць, для ўпарадкавання руху да крыніцы: паліваюць дарогу, парадкуюць машыны, якія застаюцца за 50 метраў да воднага аб’екта. Уезд на паркінг сёлета быў платным: хай гэта 1 рубель, будзем спадзявацца, што гэтыя грошы пойдуць на ўпарадкаванне тэрыторыі.

Ля Сіняга калодзежа дзейнічае Цэнтр экалогіі крынічнай вады, які вядзе навуковыя даследаванні і займаецца асветай, працай з турыстычнымі групамі.

Загадчык Слаўгарадскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку Андрэй Рыжанкоў кажа, што вялікай праблемай з узрастаннем колькасці паломнікаў становіцца капанне гліны са дна крыніцы.

Традыцыйна ёй лекавалі суставы, а камяні з вады прыкладалі да хворых месцаў на працягу года і потым закідалі назад у ваду. Зараз капанне гліны забаронена, пра што паведамляе плакат на беразе, але забарона не заўсёды выконваецца. Бывае, распальваюць вогнішчы ў ахоўнай зоне, спрабуюць падагнаць блізка да вады транспарт. У апошнія гады паляпшаецца інфраструктура, вакол крыніцы ўсталяваныя сметніцы, кабінкі для пераапранання, інфармацыйныя плакаты.

Летась, па словах Андрэя Рыжанкова, на крыніцы пасялілася сям’я баброў, якія скідалі галіны дрэў у шахту крыніцы, ад чаго вада станавілася белай. Раённай інспекцыі давялося пісаць у Міністэрства прыродных рэсурсаў, каб баброў вылавілі і перасялілі ў іншае месца.

Акрамя экалогіі ў традыцыйным сэнсе істотнае для Сіняга калодзежа, ды і для ўсёй Беларусі паняцце – “экалогія культуры”.

У выпадку з Сінім калодзежам паўстае пытанне збору розных варыянтаў легенд пра паходжанне крыніцы, гісторый ацалення на ёй і розных містычных выпадкаў. Першая іх пісьмовая фіксацыя выдадзена ў 1891 г. этнографам Еўдакімам Раманавым. Легенды і былічкі можна да сённяшняга дня пачуць ад наведвальнікаў крыніцы і жыхароў як Слаўгарадскага раёна, так і досыць ад яго далёкіх. Іх зборам займаюцца Слаўгарадскі краязнаўчы музей і Дом рамёстваў.

Другі аспект, істотны для экалогіі культуры – тое, што на Сінім калодзежы развіваюцца новыя культы, не звязаныя з традыцыйнымі практыкамі: павязванне стужак на дрэвы, імкненне прысланіцца да валуна, прывезенага з поля, які быццам бы дае здароўе.

Размовы з людзьмі, якія іх практыкуюць, паказалі, што збольшага яны разумеюць нетрадыцыйнасць і нецаркоўнасць такіх дзеянняў, але вераць у іх ці робяць “на ўсялякі выпадак”. Яшчэ адна практыка, якую згадаў адзін суразмоўца – асвячэнне сувеніраў, набытых тут жа, ля крыніцы. “Царква гэта адабрае” – паведаміў рамеснік з Мінска. Аднак, падчас масавага асвячэння кошыкаў з мёдам, кветак і пладоў сувеніраў заўважана не было.

Праблемы, што паўстаюць у Слаўгарадскім раёне праз супярэчнасці мэт аховы элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны і матэрыяльнага аб’екта, з якім звязаны элемент, могуць неўзабаве стаць актуальнымі для іншых рэгіёнаў. Таму пошук рашэння, якое задаволіла б усе бакі, застаецца надзвычай надзённым.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость