Дом па Чыгуначнай, 44 знаходзіцца недалёка ад метро Грушаўка. Разам з іншымі будынкамі ён утварае двор, закрыты амаль з усіх бакоў. Алеся Мацук распавядае, што “вітрынай” двара стаў плот, які выходзіць на Шосты чыгуначны завулак.
Там жыхары ўжо некалькі месяцаў вешаюць бчб-стужкі ды іншы арт. Пікантнасць сітуацыі надае тое, што недалёка знаходзіцца Маскоўскае РУУС і патрульныя машыны рэгулёва ездзяць паўз пратэстны двор.
Андрэй Мацук доўгі час працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Сфера яго навуковых інтарэсаў – унутрыпалітычнае становішча беларускіх зямель ВКЛ XVIII ст., парламенцкая сістэма, рэгіянальныя павятовыя эліты, прававая і палітычная думка, дзяржаўныя інстытуты ВКЛ XVIII ст.
Ён аўтар манаграфій «Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717–1763 гг.)» і «Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі». Даследчык родам з Полацка, мае ступень кандыдата гістарычных навук.
Падчас першага затрымання гісторыка калегі Андрэя Мацука па Акадэміі навук ладзілі акцыі ў яго падтрымку каля прэзідыума установы. У лістападзе семярым гісторыкам абвясцілі, што кантракты з імі пасля Новага года не працягнуць. Тады Андрэй Мацук і яшчэ пяцёра супрацоўнікаў Інстытута гісторыі адмовіліся працягваць працоўныя дамовы на знак салідарнасці.
Ператрус
Ранкам 11 снежня ў пяці кватэрах на Чыгуначнай, 44 прайшлі ператрусы. Мужчын, якія там жылі, затрымалі. Яшчэ аднаго, як лічыць Алеся Арлоўская, “узялі” выпадкова: ён проста сядзеў у машыне з сябрам, які быў “у плане па затрыманнях”. Вось як прайшоў ператрус у Андрэя Мацука:
– Усё пачалося са знікнення электрычнасці каля 8.30 – распавядае Алеся. – Паглядзелі ў вочка дзвярэй – на пляцоўцы таксама святло не гарэла. Андрэй пачытаў у чаце нашага дома, што ў аднаго з суседзяў, які потым таксама атрымаў 15 содняў, ідзе ператрус. Муж вырашыў пайсці абмеркаваць гэта з іншым суседам. Толькі адчыніў дзверы, як на парозе ўзніклі бадзёрыя таварышы: “Андрэй Уладзіміравіч, мы да Вас”. То бок знікненне электрычнасці было невыпадковым, каб выманіць з кватэры.
Мужу паказалі ордэр на ператрус. Ён праводзіўся ў межах угалоўнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў яшчэ да выбараў. Я так разумею, што цяпер можна любога спыніць, спасылаючыся на гэтую ўгалоўную справу, праверыць тэлефон. Калі там знойдуць фота з бчб сцягам, ці з іншай сімволікай… Гэта справа заведзена папросту на ўсіх жыхароў Беларусі. То бок кожны з нас – патэнцыйны парушальнік і можа быць прыцягнуты да адказнасці па гэтай угалоўнай справе.
Ператрус доўжыўся троху больш за гадзіну. Па выніках склалі пратакол: забралі два ноўтбукі, тэлефон Андрэя, жорсткія дыскі і раздрукоўкі з яго працоўнымі матэрыяламі (гісторык шмат працаваў у замежных архівах і рабіў там копіі дакументаў).
Папрасілі прыбраць з шыбаў чырвоныя сняжынкі. Канфіскавалі плакаты, з якімі калегі Андрэя Мацука выходзілі на ланцугі ў яго падтрымку падчас першага затрымання гісторыка, і пасля вызвалення яму падаравалі. Забіралі паштоўкі і налепкі з беларускай нацыянальнай сімволікай.
Алеся спытала тых, хто гэта рабіў, ці ведаюць яны, што Пагоня – гісторыка-культурная каштоўнасць беларусаў. Зрабілі выгляд, што не ведаюць. А, можа, сапраўды не ведалі. Ператрус праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР).
– Адвакат сказаў, пэўна, у сувязі з узмоцненай барацьбой супраць бчб сімволікі, сцягоў, стужачак у сістэмы папросту не стае рэсурсаў і яна прыцягвае да гэтых спраў у тым ліку і ДФР, – распавядае Алеся. – Элітнае падраздзяленне міліцыі займаецца “справай торцікаў”, па-іншаму яе папросту не назавеш.
Што інкрымінавалі
Пасля ператруса пяцерых жыхароў дома па Чыгуначнай, 44 і сябра аднаго з іх завезлі ў будынак ДФР. Выводзячы Андрэя Мацука, яго жонцы сказалі: “Не хвалюйцеся, чакайце мужа на вячэру”. Тая, аднак, паклала Андрэю ссабойку.
Праз пару гадзін у ДФР на Кальварыйскую прыехаў адвакат і прабыў там да 21.00. Увесь гэты час яму казалі, што яго кліент знаходзіцца ў гэтым жа будынку. Дзяжурная частка ДФР жа паведамляла, што Андрэй Мацук у іх “не афармляўся”.
Пратакол затрымання аформілі ў Маскоўскім РУУС, па пункце 3 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (паўторнае на працягу года парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). У пратаколе не згадвалася ні крымінальная справа, ні забраныя з кватэры Мацука рэчы. Пратакол на Андрэя складзены каля 16.00. Ночыў гісторык на Акрэсціна, там жа знаходзіўся да суда, які прайшоў 14 снежня.
Тое, што адбылося з яе мужам, Алеся называе “справай торцікаў”: доказам праходзіла фота двух тартоў з выявай Пагоні і калектыўнае фота жыхароў дома па Чыгуначнай, 44, зробленае 4-га снежня ў двары.
Суседзі і сябры прыйшлі павіншаваць Андрэя Мацука з Днём народзінаў. Яны прынеслі торты і плакат “Дзякуй гісторыкам”, які таксама трапіў на фота і стаў “героем” адміністрацыйнай справы Андрэя. Праўда, Дзень народзінаў быў не адзінай нагодай сабрацца тым вечарам: суседзі таксама абмяркоўвалі перавыбары старшыні таварыства ўласнікаў.
Суд
Працэс адбываўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Усе трое падсудных мелі адвакатаў.
– Абаронца Андрэя працаваў проста бліскуча, – кажа Алеся. – Ён даводзіў, што доказную базу абвінавачвання нельга будаваць толькі на двух фотаздымках. Казаў, што 4-га снежня быў Дзень народзінаў Андрэя. Пытаў, чаму яго кліент не мог адзначыць яго ў двары з суседзямі? На гэта пытанне суддзя Таццяна Матыль звярнулася да Андрэя: “Інтэрнэтам карыстаецеся?” “Так”. “Пра палітычную сітуацыю ў краіне ведаеце?” “Так”. “Пра тое, што дваровыя чаяванні – гэта форма пратэсту, у курсе?” Занавес.
Асобна суддзя разглядала плакат. Маўляў, там напісана “Дзякуй гісторыкам”. Патлумачце, які заклік ён нясе? Зрэшты дабраліся да торцікаў. Вось на іх герб “Пагоня”. Андрэй за яго адразу ўступіўся: “Я займаюся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, у гэты перыяд гербам нашай дзяржавы была “Пагоня”. Выяўляючы яе на торціку сябры хацелі зрабіць мне прыемна”. Суддзя цікавілася, хто купляў торты, ці доўга яны там стаялі і астатнія маглі на іх глядзець. Андрэй кажа: “Торцікі стаялі ў каробцы. Потым іх адкрылі, хуценька разрэзалі і вельмі хутка з’елі. А мне дастаўся толькі беленькі кавалачак”. Маўляў, нават чырвоненькага кавалку герба не пакаштаваў, так хутка з’елі, толькі сфатаграфаваць паспелі.
Прысуд – 15 содняў. Яшчэ двое суседзяў Андрэя Мацука атрымалі па 15 содняў на аснаванні тых жа фотаздымкаў. Трох мужчын адпусцілі, падрабязнасцяў іх вызвалення Алеся не ведае. На пытанне, чаму асудзілі менавіта гэтых трох чалавек, жанчына кажа:
– Аднаго суседа ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34. Што цікава, ён раней працаваў у ДФР. Цяпер ужо не мае да міліцыі ніякага дачынення. А Андрэя таму, што, па-першае, святкавалі менавіта яго Дзень народзінаў. Па-другое, муж сышоў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук, “гучна ляснуўшы дзвярыма”: на знак салідарнасці са звольненымі калегамі. Літаральна тыдзень прайшоў ад публікацыі пра гэта ў буйных СМІ да ягонага Дня народзінаў. Па-трэцяе, ён таксама ўжо меў спагнанне па 23.34.
Думаю, ціхары даўно запомнілі і склалі спіс тых, каго часта бачаць на раённых мерапрыемствах, каго варта забіраць у першую чаргу. Баюся, што гэта не апошнія затрыманні жыхароў нашага дома. Яшчэ ўзялі не ўсіх, каго хацелі.
Грушаўка
Двор чакае сваіх затрыманых герояў. На жаль, ужо не ўпершыню там будуць сустракаць суседзяў з содняў. У верасні такая бяда стала істотным чыннікам яднання дваравой супольнасці. Пачалося ж усё яшчэ 9 жніўня з ланцугоў салідарнасці ля метро Грушаўка.
Суседзі спачатку запаміналі адно аднаго, віталіся, потым камунікавалі ў двары, ладзілі чаяванні. На канцэрты і лекцыі хадзілі ў Грушаўскі сквер. Грушаўка адной з першых сярод мінскіх мікрараёнаў займела ўласны сцяг.
Двор па Чыгуначнай, 44 вядомы на ўвесь раён тым, што вельмі хутка аднаўляў стужкі і сцягі, якія знішчалі камунальнікі. У нейкі момант на бчб сімволіку сталі “паляваць” ужо не камунальнікі, а начныя госці, да таго ж вельмі агрэсіўныя, з бітамі. Гучна ўлучалі музыку, спрабуючы справакаваць агрэсію з боку мясцовых жыхароў, аднак, тыя “не вяліся”.
У двары засталіся бчб стужкі на дрэвах, выявы сцяга Грушаўкі на дзвярах пад’ездаў. Плот вырашылі пакуль не ўпрыгожваць, усё ж ператрусы 11 снежня сталі для жыхароў стрэсам.
– Цяпер маразм будзе мацнець, – кажа Алеся Арлоўская. – За чырвоныя сняжынкі, за ўпрыгожванні на шыбах, якія, на думку суддзяў, выклікаюць “палітычныя хваляванні”, будуць не толькі штрафаваць, але і рабіць ператрусы. Я была на судзе ў шматдзетнай маці, якой далі штраф за бчб фіранкі і знойдзеную ў шафе сукенку ў тых жа колеравых спалучэннях. Але Грушаўка не здаецца!