Зялёны партал паразмаўляў з заснавальніцай выдавецтва “Коска” Надзяй Кандрусевіч, якая навучыла шведскую карову Маму Му размаўляць па-беларуску.
Змяняюцца сацыяльныя рэаліі і змяняюцца акцэнты ў дзіцячай літаратуры. Але папулярнасць герояў-жывёлаў застаецца на высокім узроўні. Чаму так адбываецца?
Увогуле, тое, што раслінам і жывёлам у літаратуры (і не толькі) прыпісваюць чалавечыя рысы, бярэ пачатак яшчэ ў часы паганства, калі нашыя продкі шанавалі раслін, камяні і іншыя прыродныя аб’екты. Казкі, і ў тым ліку дзіцячыя, – гэта першапачаткова быў жанр вуснай народнай творчасці, і ў іх людзі шмат пераносілі чалавечыя якасці на жывёл. А з заняпадам паганства гэтая традыцыя не знікла, а існуе і дагэтуль.
У шведскай літаратуры былі перыяды, калі гэта было вельмі яскрава бачна: выходзіла вельмі шмат кніжак з адпаведнымі героямі і ілюстрацыямі. Ягады і грыбы маляваліся з вочкамі, расліны і жывёльны свет увогуле рабіліся вельмі ачалавечанымі.
У дзіцячай шведскай літаратуры можна заўважыць гэтыя хвалі: перыяды, калі расповед вёўся праз жывёльныя вобразы, і калі пісалі наўпрост пра людзей. Зараз там гэта даволі сбалансавана: у сучасных кніжках можна знайсці і тыя, і тыя вобразы.
Мне здаецца, што папулярнасць ачалавечаных жывёлаў і раслін у дзіцячай літаратуры звязана з тым, што ў дзяцей да пэўнага ўзросту не развіта абстрактнае мысленне, і яны ўспрымаюць жывёлаў як саміх сябе. Ката, які можа размаўляць, яны не ўспрымаюць як нешта незвычайнае, і для іх гэта абсалютна натуральная з’ява. Яны не задумваюцца, ці можа сапраўдны кот размаўляць, ці не можа.
Даволі часта ў працэсе гульні дзеці размаўляюць са сваімі цацкамі і кажуць нібыта ад іх імя. Тое ж самае і з жывёльнымі вобразамі ў дзіцячай літаратуры: дзеці ўспрымаюць іх вельмі натуральна, і ўсе для іх нібыта роўныя.
Па сутнасці, паміж літаратурнымі героямі “кот” і “чалавек” для маленькага дзіця няма вялікай розніцы. Але цікава і тое, што, прачытаўшы пра тых жа карову Му і Крумкача, дзеці могуць потым пераносіць іх якасці на ўсіх астатніх кароў і птушак, якіх будуць бачыць.
Як на ваш погляд, ці будзе ў дзіцячай літаратуры паўтарацца дарослая тэндэнцыя адмаўлення папяровых кніг на карысць электронных?
Калі казаць пра кніжкі для зусім малых дзяцей – кніжкі-кардонкі, якіх у нас па-беларуску амаль няма, дык іх не заменіць ніякі гаджэт. Увогуле, такія кніжкі вельмі папулярныя ў свеце: звычайна гэта першая кніга, якую дзіця трымае ў руках. Безумоўна, можна даць дзіцёнку замест папяровай кнігі планшэт альбо тэлефон, але ўсё адно, звычайная кніга больш успрымаецца як цацка, яна развівае дробную маторыку, дае шмат тактыльных адчуванняў.
Але шмат залежыць і ад бацькоўскага погляду на выхаванне. Калі яны лічаць, што гаджэт можа замяніць кнігу, дык яны могуць даць шасцімесячнаму дзіцёнку планшэт у рукі, і ён будзе штосьці з ім рабіць. Тэарэтычна ўсё магчыма, але пытанне хутчэй не ў тым, ці могуць бацькі замяніць гаджэтам папяровую кнігу, а ці будуць выдавецтвы даваць такую магчымасць, ці будуць дзіцячыя кніжкі масава выдавацца ў такім варыянце.
Але электронная дзіцячая кніга – гэта ўжо не кніга, а праграма з малюнкамі. Зрэшты, і пра дарослую літаратуру існуюць такія ж спрэчкі пра (не)паўнавартаснасць электронных кніг.
Некаторыя лічаць, што сапраўдная кніга можа быць толькі папяровай, што вельмі важна гартаць старонкі, адчуваць гэты спецыфічны кніжны пах і інш. А для дзяцей жа гэтыя тактыльныя адчуванні і атмасфера ў цэлым яшчэ важней, чым для дарослых, так што я думаю, што дзіцячая літаратура яшчэ будзе хоць нейкі час заставацца пераважна папяровай.
У шведскай літаратуры зараз увогуле вялікі бум дзіцячай літаратуры: штогод расце колькасць кніг, якія выдаюцца (у мінулым годзе было выдадзена больш за дзве з паловай тысячы новых дзіцячых кніг). Людзі набываюць новыя выданні, дзеляцца адно з адным старымі, попыт на дзіцячыя кнігі там вельмі вялікі.
Зрэшты, і ў Беларусі попыт ёсць, але ў нас выдавецтвам (асабліва маленькім недзяржаўным) з шэрагу фінансавых прычын цяжка задаволіць гэты попыт. Таксама тут вельмі вялікая канкурэнцыя з рускай літаратурай: у нас прадаецца вельмі шмат кніг расійскіх выдавецтваў, дзе яны выдаюцца шматтысячнымі накладамі і, адпаведна, прадаюцца значна танней.
Вы перакладаеце шведскіх пісьменнікаў і пісьменніц і, адпаведна, паказваеце каштоўнасці шведскага грамадства. Што нам варта пераймаць у гэтай літаратуры?
У сярэдзіне мінулага стагоддзя Астрыд Ліндгрэн перакуліла да гары нагамі ўсё ўяўленне пра тое, што ўвогуле можна, а што нельга пісаць у дзіцячых кнігах. Мне вельмі падабаецца, як гэта ўспрыняла грамадства, і як яе прагрэсіўныя ідэі былі падхоплены іншымі дзіцячымі пісьменнікамі.
Ужо амаль стагоддзе шмат якія пісьменнікі пішуць без настаўленняў і адкрытага маралізатарства, закранаючы розныя тэмы і з павагай ставячыся да асобы дзіцяці. Астрыд Ліндгрэн першай сказала, што дзяцей нельга біць, і што дзеці – такія ж людзі, як і дарослыя, толькі безабаронныя.
Калі яна атрымала прыз ад нямецкай асацыяцыі выдаўцоў і падрыхтавала адмысловую прамову “Не гвалту”, арганізатары папрасілі яе змяниць тэкст выступу. Астрыд тады заявіла, што альбо яна робіць гэтую прамову, альбо проста не прыязжае і не выступае ўвогуле. У выніку прамова ўсё ж была зроблена, а неўзабаве ў Швецыі быў прыняты закон, які забараняў біць дзяцей. На вялікі жаль, у Беларусі такой забароны няма дагэтуль.
Гэтая пісьменніца ўвогуле ўчыніла сапраўдную рэвалюцыю ў дзіцячай літаратуры. Яна паказала, што дзяўчынка можа не слухацца навакольных, а быць вельмі самастойнай і ісці супраць агульна прынятых нормаў; яна пачала ўздымаць тэму дзіцячай інваліднасці, тэму дыктатуры. І цяпер мы можам усё часцей бачыць у дзіцячых кніжках такія сюжэты, дзе змяняюцца “традыцыйныя” гендарныя ролі і паказваецца, што дзяўчынка можа змагацца з драконам ці абараняць пакрыўджанаг хлопчыка, а хлопчык – абіраць вопратку ў краме і гатаваць торт на дзень народзінаў.
Разам з тым важна разумець, што сацыяльна, палітычна ці экалагічна арыентаваная літаратура, якая пішацца пад замову, не становіцца класікай. У 20 стагоддзі ў Швецыі была хваля папулярнасці такіх кніг: людзі былі супраць вайны ў В’етнаме, шмат пісалася для дзяцей і на экалагічную тэму.
Але з часам прыйшло разуменне, што калі пісьменніку грамадства дыктуе вельмі жорсткія ўмовы, на якую тэму пісаць, дык у гэтай літаратуры ёсць пэўная штучнасць. А дзяцей у такім не падманеш, - яны вельмі добра адчуваюць “замову”. Пераканаць іх у чымсьці можна толькі тады, калі вы будзеце з імі шчырыя.
Нельга напісаць добрую дзіцячую кнігу ў адпаведнасці з рэцэптам. Безумоўна, можна стварыць нейкую схему “правільных” і “няправільных” персанажаў і пісаць па ёй кнігі для дзяцей, але гэта не спрацуе.
Калі мы пачынаем думаць, чаму адны кнігі становяцца папулярнымі на дзесяцігоддзі, а іншыя вельмі хутка забываюцца, мы разумеем, што сакрэт поспеху ў тым, каб чытачам было весела, і каб яны пазнавалі сябе ў тэксце. А стандартныя схемы – гэта лішняе. Дзяцей трэба зачароўваць і здзіўляць.