20.03.2020 / 10:03

Мяне клічуць Юля Лісіца і я сузаснавальніца першай крамы без упакоўкі ў Мінску zerro.by. Гэтай зімой мы з мужам звандравалі ў В’етнам ды Камбоджу – і наглядзеліся рознага (не)экалагічнага на палову жыцця наперад.

Першыя ўражанні даволі чаканыя – Паўднёвая Азія – сапраўдная зямля Іншых і людзі там жывуць абсалютна на свой капыл. Калі ж казаць пра экалагічныя (збольшага, вымушаныя) звычкі В’етнама і Кабоджы, то і яны даволі спецыфічныя – у дамах, дзе праведзеная каналізацыя.

Напрыклад, часта ёсць толькі халодная вада, посуд мыецца проста ў тазах на вуліцы без праточнай вады або з яе мінімальнай колькасцю (гэткі спосаб мыцця таксама практыкуюць у кавярнях і рэстаранах), у крамах і на базарах прадаюцца пераважна мясцовыя прадукты, а ў кропках грамадскага харчавання аднаразовага посуду амаль не сустрэнеш.

Ёсць яшчэ неблагая тэндэнцыя да выкарыстання сонечнай энергіі ў буйных гарадах ці на курортах – у Хашыміне ці на поўдні ўзбярэжжа ўсталявана нямала сонечных панэляў на дахах жылых дамоў.

І на фоне гэтых даволі класных звычак, якія можна смела лічыць экалагічнымі, ёсць вялікая колькасць іншых, ад якіх у шэраговай беларускі (а тым больш экалагічнай актывісткі) пачынаюць варушыцца валасы на галаве.

Першае, што кідаецца ў вочы па прыездзе – смецце, якое ляжыць шмат дзе і ў вялікай колькасці: ля дамоў, крамаў, школ, прыродных помнікаў, проста на дарогах і канешне ж на ўзбярэжжах.

У буйных гарадах сітуацыя выглядае лепей, хаця сама праблема скарачэння і ўтылізацыі адходаў стаіць больш востра. У свядомасці мясцовых жыхароў відавочна адсутнічае тыповая беларуская катэгорыя “засмечана=непрыгожа”, для іх смецце на вуліцы гэта норма, бо ў цэлым сістэма прыборкі і збору смецця наладжана вельмі слаба.

Сістэмна тут прыбіраюцца ці на тэрыторыях рэсортаў і бліжэйшых да іх пляжаў ці на падворках адміністратыўных будынкаў. Таму на вуліцах/на беразе мора ляжыць усё без разбору – рэшткі ежы, пакункі з-пад цыгарэт, пластыкавыя пакеты і кубачкі, кантэйнеры з палістыролу і іншае.

Назіралі сітуацыю: дзяўчына выкінула недапітую колу проста з дзвярэй аўтобуса, на тратуар. Ніхто навокал і вокам не павёў, бо гэта звычайная справа – “далёка ўставаць”.

Другое – усё, што можна запакаваць у пластык – запакуюць два разы. І гэта не толькі пра “пакет на касе”: калі хочацца набыць упакоўку з печывам, то ў 90% выпадкаў гэта будзе ўпакоўка за кампазітнага матэрыялу, а кожная пячэнька ці група пячэнек унутры будуць запакаваныя ў асобныя маленькія пакуначкі.

Тое самае з хлебнымі булачкамі ў супермаркеце або з малаком ці сокам у вясковай краме – вялікай бутэлькі ці ўпакоўкі можа не быць у цэлым раёне, а маленькія тэтрапакі з трубачкай у пластыкавай плёнцы зверху прадаюцца паўсюль.

Продаж напояў у тэтрапаку за апошнія 10 год павялічыўся ў адным толькі В’етнаме ў два разы (да 8 мільёнаў упаковак у 2015 годзе) і імкліва захоплівае азіяцкі рынак. Тэтрапак прасоўваюцца як аптымальнае рашэнне для мясцовага клімату і гігіенічных умоваў.

Перапрацоўка гэтага кампазітнага матэрыялу па-ранейшаму не наладжана, і гэта стварае вялікую праблему як для мацерыковага В’етнама, так і для ўзбярэжжа (у тым ліку суседніх краін), бо ўсё, што не спалена ці не перапрацавана, рана ці позна трапіць у мора. Таксама тут няма практыкі збіраць тэтрапак “на будучыню” ці вывозіць яго на перапрацоўку за мяжу.

Апроч гэтага, паўсюль у крамах ёсць бясплатныя пакеты, нават у самых маленькіх брудных шапіках пры дарозе. І, нягледзячы на тое, што аднаразовы посуд для ежы тут у кавярнях сустрэнеш рэдка, напоі на разліў карыстаюцца шалёнай папулярнасцю, таму аднаразовыя пластыкавыя кубачкі і трубачкі запакаваныя ў два празрыстых пакункі (так напой, напрыклад, зручна павесіць на скутэр ці везці ў руках некалькі кубачкаў) - агромная частка лакальнага смецця.

Трэцяе – амаль поўная адсутнасць пешаходаў як класа. На любую адлегласць у В’етнаме ці Камбоджы прасцей пад’ехаць на скутэры, чым прайсці. Дарогі тут часта без тратуараў і далёка не заўжды добрай якасці, перагружаныя трафікам, па якіх на скутэры ці на тук-туку перасоўвацца значна бяспечней і лягчэй, чым дайсці нагамі.

І пылу на вопратцы будзе менш. На скутэрах ездзяць усе – ад 10-гадовых дзяцей са школы/у школу да дарослых з груднічкамі ў адной руцэ і перавозчыкаў_ыц з вялікім грузам па баках ці ззаду скутэра.

Апроч маштабаў карыстання гэтым транспартным сродкам, уражвае яшчэ і тое, што, нягледзячы на высокія паказнікі забруджанасці паветра ў буйных гарадах, загазаванасць ці іншы дыскамфорт пры дыханні амаль не адчуваецца.

Болей назіранняў пра транспартную інфарструктуру ў Камбоджы і В’етнаме можна пачыць тут.

 

Якія рашэнні мясцовых экалагічных выклікаў мы пабачылі?

Актыўны збор другаснай сыравіны ад насельніцтва. Часта пры крамах, прыватных дамах ці храмах ляжаць горы макулатуры і змятых пластыкавых ці металічных бутэлек, па якія перыядычна прыязджае грузавік і забірае ўсё ў нарыхтоўчыя пункты. Па нашых назіраннях, збіраюць толькі невялікі адсотак цвёрдых відаў пластыку – бутэлькі і, напрыклад, посуд ці пластыкавую мэблю, усё астатняе ідзе ў агульнае смецце. Як пішуць лакальныя в’етнамскія СМІ на 2019 год у краіне пераапрацоўваецца менш за 10% пластыкавых адходаў.

У дамах з гарачай вадой замест бойлера стаіць праточны награвальнік, які дапамагае эканоміць як энергію, так і грошы ўласнікам_цам.

20-літровыя бутэлькі з пітной вадой шырока дасяжныя – у гатэлях, больніцах, кавярнях, дамах. Прычым не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх вёсках. Вада ў такіх бутэках сапраўды ачышчаная, механізм налівання звышпросты – ніякіх помпаў і выкрутасаў – усё зроблена, каб набыццё такой вады было магчымым для абсалютнай большасці насельніцтва ў абедзвюх краінах. Мы лічым, што пітная вада для насельніцтва павінна быць бясплатнай, але такое рашэнне як часовае – добры захад на паляпшэнне сітуацыі ў будучыні.

Ежа прадаецца ў любой кропцы як В’етнама, так і Камбоджы – талерка гарачага супу фо ці лапшы з маленькай перавазной цялежкі знойдзецца паўсюль, нават у самай далёкай вёсцы. Выдатная практыка для адмовы ці скарачэння пакупкі ежы навынас у аднаразовую тару. Тут часам стравы набываюць з сабой, але найчасцей людзі сем’ямі прыходзяць у прыдарожнае кафэ, разам вячэраюць і бавяць час.

Даволі актыўна ачышчаюць курортныя марскія берагі. Чысцяць уручную і пры дапамозе спецыяльных машын, асаблівы вынік бачны на буйных курортах. Калі ёсць жаданне насалодзіцца нетурыстычным адпачынкам у в’етнамскай рыбацкай вёсцы, то там берагавую чысціню прыйдзецца пільна пашукаць, бо звычайны грамадскі в’етнамскі пляж будзе завалены смеццем, гнілой рыбай і тухлымі марскімі прадуктамі – выпрабаванне не для слабых духам людзей.

Усё агульнае смецце насельніцтву, нажаль, значна прасцей спаліць, чым чакаць пакуль яго вывязуць і пахаваюць на палігоне. Прычым паляць яго як у гарадах, так і ў вёсках. Сухое надвор’е і спёка не спыняе нікога, таму разам са смеццем часта гараць палеткі і джунглі.

У дадатак да слабой інфармаванасці насельніцтва пра праблему смецця, у абедзвюх краінах яшчэ і чыноўніцкая неразбярыха: у В’етнаме, напрыклад, за сартыроўку і перапрацоўку адказвае шэсць толькі асноўных актараў-міністэрстаў – гэта безумоўна не спрашчае працу нікому.

Аднак апошнія некалькі год пачынаюцца сістэмныя змены экалагічнай павесткі краіны на палітычным узроўні, таму спадзяемся, што гэта паспрыяе лепшаму рашэнню праблемы ў бліжэйшы час.

У гэтым імклівым свеце безумоўна ёсць месца лакальным экалагічным і zero waste-ініцыятывам, якія імкнуцца паляпшаць сітуацыю ў сваёй мясцовасці ўласнымі сіламі.

У цэлым уся вандроўка апынулася поўнай на ўражанні і адкрыцці – як чалавечыя, так і прафесійныя.

Бо моцна ўражвае бачыць маштаб забруджвання наваколля як пад павелічальным шклом:

  • уражвае бачыць памперсы на ўзбярэжжы і пакеты, якія прыбівае з прылівам з мора;

  • уражвае плаваць у моры з неаглядным слоем паліва на паверхні;

  • уражвае бачыць як людзі жывуць у дамах на рэках і выкідаюць у яе ўсе свае адходы жыццядзейнасці.

Я вельмі моцна ўражана. І з перспектывы гэтага ўражання я хачу, каб мы, беларускі і беларусы працягнулі (ці пачалі) цаніць тое, што ўжо маем ва ўласнай краіне – нашу “крэўную” любоў да парадачку (нават калі ён знешні), нашу амаль незасмечаную прыроду і актыўных людзей, якія робяць жыццё навокал лепшым – больш чыстым, справядлівым, разумным.

І каб па-магчымасці самі станавіліся такімі людзьмі – бясстрашна гаварылі пра важнае, выступалі супраць бязглуздых рашэнняў – адміністрацый ці суседзяў.

Автор:
Фотограф:
З архіва гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость