20.09.2019 / 11:09

Вольга Бабурына даўно марыла, каб выцінанка стала беларускім брэндам. Цяпер яна ўпэўнена, што дасягнула сваёй мэты, але інтарэс да мастацтва ад гэтага ня зменьшыўся. Зялёны партал паразмаўляў з мастачкай пра яе творчасць і не толькі.

Я як пераехала ў Маладзечна, з кожным годам усё меней стараюся выбірацца ў Мінск. Тут шмат людзей, шмат дзвіжухі... зусім без гэтай дзвіжухі цяжка, але раз на тыдзень мне хапае – прыехала, акунулася і хопіць. У Маладзечне я жыву зусім на ўскрайку – там поле, хутары відаць...

Я ў Мінску жыла з 2004 да 2017 года, а перад гэтыя яшчэ нейкі час жыла ў Гародні. Нарадзілася я ўвогуле ў Маладзечне, але потым вучылася ў Міры ў рэстаўрацыйна-мастацкай вучэльні. Першая мая спецыяльнасць – рэстаўратар.

Потым я трошку папрацавала, і пасля гэтага паступіла ў Гародню ва універсітэт імя Янкі Купалы, дзе атрымала спецыяльнасць “выкладчык выяўленчага мастацтва, чарчэння і сусветнай мастацкай культуры”.

Пасля атрымання першай адукацыі вы займаліся менавіта рэстаўрацыяй?

Не, гэта былі дзевяностыя гады, і там было складана ўвогуле з любой спецыяльнасцю. Я трошкі папрацавала дэкаратарам у Маладзечанскім тэатры, калі ён толькі адкрыўся, потым ў Гародню паехала і там-сям папрацавала ў розных фірмах, а потым вярнулася ў Маладзечна і зразумела, што ўсё нешта не тое.

Я прыйшла ў мастацкую школу, і там адкрываўся якраз клас народнага мастацтва. Гэта было акурат для дарослых – для тых, хто ўжо скончыў школу. Там выкладалі Вікторыя Мікітаўна Чарвонцава і Юры Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі. Гэта два такія педагогі і мастакі, якія моцна на мяне паўплывалі.

Год я там павучылася, і пакуль вучылася, зразумела, што трэба мне кудысьці яшчэ паступаць. Па праўдзе, хацела спачатку паступаць на мастацтвазнаўства ў акадэмію, але неяк так павагалася і ўсё ж паехала ў Гародню ва універсітэт імя Янкі Купалы.

Адвучылася і яшчэ нейкі час там пажыла, але ў 2004 годзе пераехала ў Мінск. У Мінску быў невялічкі перыяд, калі я працавала выканаўчым дырэктарам у Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці. Потым я зацяжарыла дачкой, нарадзіла і праз нейкі час зразумела, што хачу, каб маё натхненне і мая творчасць сталі для мяне крыніцай прыбытку.

Атрымалася так, што ўвогуле выцінанка на той час была не тое, што не развітая – пра яе амаль ніхто нічога не ведаў. Я памятаю, як прыязжала на Славянскі базар, да мяне падыходзілі людзі, і мне даводзілася ім тлумачыць, што гэта ўвогуле такое. І я тлумачыла тады калегам, што хачу, каб выцінанка стала такім жы нацыянальным брэндам, як беларуская саломка. На сёння выцінанка такая і ёсць.

А чаму вас зацікавіла менавіта яна?

Хутчэй за ўсё таму, што амаль ніхто ёй не займаўся, і я бачыла вялікае поле дзейнасці і самарэалізацыі. Не было вялікіх уплываў іншых мастакоў.

Калі я пабыла аднойчы ў майстэрні Вячаслава Дубінкі, які быў вядомым майстрам выцінанкі, дык потым тыдні два “адыходзіла”. Я вельмі моцна ўключаюся эмацыйна ў такія рэчы, і творчасць такіх людзей не можа не паўплываць.

Але ж калі я толькі пачынала гэтым усім займацца, дык не было асабліва на каго арыентавацца. А натхнення мне надалі Вікторыя Мікітаўна і Юры Паўлавіч. І ва універы калі я вучылася, дык быў такі Аляксандр Мікалаевіч Ларыёнаў, які выкладаў у нас гісторыю рускага мастацтва. Ён быў дужа цікавым выкладчыкам і чалавекам, і для яго вельмі важнай была выцінанка – ён перадаваў сваё бачанне выцінанкі, даваў нейкія падказкі, хоць сам яе і не выстрыгаў.

Вось так паступова неяк сфармаваўся мой асабісты почырк у выцінанцы. Сёння маладзечанская школа выцінанкі вызначаецца як культуралагічная і мастацкая з’ява ў Беларусі, і я лічу, што менавіта з гэтага горада пайшло адраджэнне выцінанкі.

Калі ў гэтым годзе перад еўрапейскімі гульнямі на бігбордах паўсюдна з’явілася выцінанка, я паглядзела на гэта і падумала: “Ну ўсё, папулярнасць ёсць, мэта дасягнута, далей ужо нецікава”. Але аказваецца, што цікава, таму што ўвогуле выцінанка – гэта адзін з самых маладых відаў народнага мастацтва. Кераміка, кавальства, апрацоўка скуры, ткацтва існуюць тысячагоддзямі, а выцінанка існуе толькі некалькі стагоддзяў. А зараз з’яўляюцца новыя тэндэнцыі, як выцінанка можа ўзаемадзейнічаць з сучаснасцю.

Вось я акурат хацела запытаць пра тэндэнцыі. Вы, напрыклад, зрабілі рысь, калі з’явілася заява, што на яе, магчыма, дазволяць паляваць. Як так склалася, што вы пайшлі далей за класічную выцінанку? Вам стала ў ёй цесна?

На самой справе мне заўжды было цікава спалучаць неспалучальныя рэчы і заўжды было цікава спалучаць тэмы, якія, на першы погляд, ніяк не спалучаюцца. Яшчэ калі я вучылася ва універсітэце, да мяне аднойчы звярнуліся, каб я зрабіла знакі задыяку ў выцінанцы, і я памятаю, што так абразілася! Я ўся такая традыцыйная, а тут нейкія знакі задыяку.

Але пахадзіла, падумала, стала шукаць адпаведную інфармацыю, і аказалася, што задыяк – гэта старажытняя міфалогія, звязаная з паганствам. І мне стала так лёгка! Аказалася, што гэтыя неспалучальныя формы вельмі лёгка ўваходзяць адна ў адну.

І потым увесь час мне было цікава спрабаваць штосьці новае і асвойваць новыя прасторы. Так я зрабіла ў 2011 годзе Сусветную дэкларацыю правоў чалавека ў выцінанцы. Я паспрабавала зразумець і паказаць яе па-свойму, у вобразах выцінанкі.

А яшчэ да таго, як стварыла дэкларацыю, недзе ў 2004 годзе я стала выкарыстоўваць паперу для падарункаў. Традыцыйна ў Беларусі для выцінанкі выкарыстоўвалі тую паперу, якая была ў хаце. Гэта магла быць белая папера, магла быць шэрая, магла быць газета. На Міншчыне выстрыгалі выцінанку з газеты, а край падфарбоўвалі.

І калі ў мяне былі прыгожыя паперкі ад падарункаў, і іх было шкада выкідаць, я пачала рабіць з іх выцінанку. Першая калекцыя, зробленая такім чынам, была наборам літар. Зараз гэтыя літары знаходзяцца ў прыватнай калекцыі – іх усе разам выкупілі на сімпозіуме.

Гэта была мая першая спроба ўжываць нешта ужо ўжыванае. Я падумала, што калі б у маёй бабулі была такая папера, яна б дакладна з яе нешта рабіла.

У вёсцы ж нічога не выкідалася! Напрыклад, сястра маёй бабулі рабіла выбіванку – брала гільзы ад куляў, белую паперу і з дапамогай малатка прабівала гэтымі гільзамі дзірачкі – рабіла арнамент. І мая маці казала, што на святы ўся хата была ажурная – паўсюль былі гэтыя выбіванкі.

Увогуле, самы росквіт выцінанкі быў у міжваенныя і пасляваенныя часы. Потым, у шасцідзясятыя засталіся толькі сняжынкі.

Мне падаецца гэта вельмі сімвалічным – браць гільзы ад куляў, якія мусілі несці смерць, і рабіць з гэтага мастацтва.

Ёсць у гэтым сімвал адраджэння. Жыццё, смерць і зноў жыццё, - жыццё расце на рэштках смерці. Ну, гэта такая справа... Я вось у гэтым годзе выстрыгла такую працу, дзе з чэрапа аленя выходзяць рогі і яны квітнеюць. Гэты вобраз таксама акурат сімвалізуе жыццё, смерць і адраджэнне.

Давайце яшчэ вернемся да рысі. Раскажыце падрабязней, як з’явілася ідэя зрабіць такую выцінанку

Экалагічная тэма заўжды мяне хвалявала. Я ўжо 12 гадоў асобна збіраю смецце, менш выкарыстоўваю пакеты – раблю тое, што ад мяне залежыць. У тых крамах, куды я звычайна хаджу ў Маладзечне, ужо ведаюць, што я з торбай і мне не трэба прапаноўваць пакет. 

На рынак я ўвогуле бяру прыгожы плецены кошык – гэта зручна, дый выглядае ў ім гародніна як нацюрморт. І гэта з усіх бакоў экалагічна – па-першае, калі кош сапсуецца, ён проста перагніе, а па-другое, гэта падтрымка народных промыслаў.

На пачатку года мне пашчасціла патрапіць на адну сустрэчу на экалагічную тэму ў шведскую амбасаду, і гэта вельмі моцна на мяне паўплывала – па-першае, я даведалася, што па некаторых пытаннях, ад якіх у мяне шчыміла ў сэрцы, усё на самой справе не так кепска.

Напрыклад, я выкідваю смецце паасобку, а потым машыны нібыта ўсё разам збіраюць, але ж аказалася, што збіраюць усё ж розныя машыны. А па-другое, я даведалася, што Швецыя таксама праходзіла гэты перыяд незразумеласці. Гэта натуральны такі перыяд, які трэба перажыць. І я супакоілася на гэты конт, стала прасцей да гэтага ставіцца.

Але мне таксама дужа адгукнулася тэма, што ўсё паміж сабой вельмі звязана. Здавалася б, дзе Беларусі і дзе Балтыка, але наколькі мы ўплываем на Балтыку нават сваім спосабам апрацоўкі зямлі!

І калі я вярнулася з той сустрэчы дадому, у мяне пачалі ўзнікаць розныя вобразы і ідэі, як я магу паўплываць на сітуацыю сваёй творчасцю. Для мяне выцінанка – гэта даўно ўжо спосаб самавыражэння. Так, я выстрыгаю традыцыйныя нейкія рэчы, але ў мяне таксама ёсць карціны, у якіх я перадаю свае пачуцці, свае ўражанні. Па сутнасці, нават калі чалавек не ведае гэтых усіх сімвалаў, але ён адчувальны, дык ён усё зразумее.

І тэмай, якую я тады выбрала, стала тэма пластыку. Я вырашыла зрабіць калекцыю выцінанак, узяўшы за аснову агульныя формы пластыкавай тары, якая ўжываецца ў нас у Беларусі, і ў гэтую форму ўжывіць выцінанку як традыцыйнае мастацтва і традыцыйны светапогляд, які зараз пакуецца ў гэты пластык.

Я ўзяла менавіта вобразы натуральнай і жывой Беларусі – вобразы глушцоў, ваўка, які бяжыць каля ракі, ўзяла хату, побач з якой расце ліпа, а на ліпе буслы ў гнядзе, я ўзяла класічную форму дрэва жыцця.

Але ж нічога не бывае выпадкова і нічога не бывае адзін раз у маім жыцці. Таксама ў гэтым годзе мне пашчасціла трапіць на Кантакт-фэст, пабыць у паўночнай частцы Белавежскай пушчы, адчуць дзікую прыроду, дзе за шлагбаўмы толькі спецмашыны могуць заязджаць.

І ў мяне з’явілася адчуванне, што мы тут не гаспадары – ніхто не даваў нам паўнамоцтвы лічыць сябе гаспадарамі. Па сутнасці, мы тут інвазіўны від.

Там жа на фэсце я даведалася, што хочуць нібыта адкрыць паляванне на рысь. У нас што, так шмат гэтых жывёлаў, каб дазволіць на іх паляванне? Я была вельмі моцна ўражана і думала аб тым, як я магу на гэта паўплываць. Але як мастацка я магу паўсплываць толькі сваёй творчасцю.

Калі я прыехала дадому, стала думаць, што ж канкрэтна я магу зрабіць. Для мяне было важна таксама задзейнічаць тэму паўторнага ўжытку. І я вырашыла ўзяць тую вопратку, якая ўжо была ва ўжытку, і з яе пашыць экаторбы. Аказалася, што гэта не так проста – не кожная тканіна падыйдзе, не кожную рэч можна перашыць.

Я стала падбіраць, што і як можна зрабіць. Прайшло зусім мала часу пасля фестывалю, але торбы я ўжо нашыла  і адразу ж пачала спрабаваць на іх друкаваць выцінанкі. Спачатку спрабавала традыцыйныя выцінанкі, але потым усё ж схілілася да тэмы нашых жывёл, і тады ў падтрымку петыцыі я зрабіла рысь. Пазней я зрабіла рысь яшчэ і на спадніцы. Гэта тое, як я магу паказаць сваю падтрымку.

Я лічу, што мы ўвогуле не мае права паляваць на дзікіх жывёлаў – не так у нас іх шмат. Вось калі будзе сітуацыя, што рысі будуць па горадзе бегаць і скакаць у вокны, тады на іх можна будзе паляваць, каб абараніць сябе. А зараз гэта ганьба.

Працы Вольгі Бабурынай, надрукаваныя на паштоўках, можна пабачыць, падпісаць і адправіць сваім сябрам па ўсім свеце. Для гэтага можна завітаць заўтра, 21 верасня, на дабрачынны гаражны распродаж Loppis у дворык Шведскага пасольства. 

Автор:
Фотограф:
З асабістага архіва гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость