Масавае паляваньне, якое рэкамэндуюць міністэрствы аховы навакольнага асяродзьдзя і сельскай гаспадаркі, зьяўляецца элемэнтам барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней, перадае Свабода.
Супраць гэтага пратэстуюць эколягі. Яны перакананыя, што масавае забойства можа прывесьці да сьмерці ўсяго гатунку гэтай жывёлы ў краіне.
— Калі мы не зьнішчым дзікоў у раёнах, ахопленых афрыканскай чумы сьвіней, то хваробу нельга будзе кантраляваць, — заявіў міністар сельскай гаспадаркі Ян Кшышта Арданоўскі.
Польскі зьвяз паляўнічых зьбіраецца правесьці 12-13, 19-20 і 26-27 студзеня масавае паляваньне. Сьмерць чакае маладыя і цяжарныя асобіны.
Супраць ініцыятывы міністэрстваў выступаюць нават некаторыя паляўнічыя, піша выданьне. Эколягі перакананыя, што асновай барацьбы з АЧС павінны быць дзеяньні фэрмэраў з мэтаю абмежаваць сьвінагадоўчыя аб’екты ад магчымага кантакту зь дзікамі.
«Мы заклікаем проста не карміць дзікоў, каб стрымліваць іх папуляцыю. Масавае забойства — гэта вельмі не гуманітарны спосаб», — распавялі дзеячы арганізацыі аховы дзікай прыроды WWF. У сераду яны зьбіраюцца пратэставаць супраць масавага паляваньня каля Сэйму ў Варшаве.
На подобны крок раней пайшлі ўлады Беларусі. За апошнія тры гады ў краіне вынішчана 100 тысяч дзікоў. Гэтае рашэньне было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях зьявілася афрыканская чума сьвіней.
Афрыканская чума сьвіней — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні падвышаецца тэмпэратура цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям афрыканская чума сьвіней не пагражае.