21.04.2017 / 15:04

Гэтыя мясціны варта пабачыць кожнаму беларусу і пабачыць на свае вочы прыгажосць роднай прыроды!

Спецыяльна для «Нашай Нівы» слынны астраном і фотамастак Віктар Малышчыц адабраў казачныя здымкі беларускіх краявідаў.

Кожную вясну Прыпяць пераўтвараецца ў сапраўднае мора, прычым высокая вада можа захоўвацца да самага пачатку лета. Неадкладна збірайцеся на Палессе — на любым сваім участку гэтая рака ўразіць вас сваёй прыгажосцю.

У Лельчыцкім раёне знаходзіцца адзін з прытокаў Прыпяці — Убарць, якая бярэ пачатак на тэрыторыі Украіны. Уздоўж усёй гэтай ракі увесь час трапляюцца надзвычай прыгожыя поймы з раскіданымі там і тут дубамі. Гэтае месца цікавае ў любую пару года, але найбольш — увесну, калі дубы стаяць па калена ў вадзе.

Возера Спораўскае ў Бярозаўскім раёне і прылеглыя да яго балоты — адна з найбольш цікавых тэрыторый для аматараў птушак. Менавіта тут знаходзіцца самая шчыльная ў свеце папуляцыя вяртлявай чаротаўкі — маленькай птушачкі, спеў якой многія прызнаюць нават прыгажэйшым за салаўіны. Вясна — самы час паслухаць птушыныя спевы, таму спяшаймася ў Спорава!

Яшчэ адна вельмі важная тэрыторыя для птушак знаходзіцца ў Мёрскім раёне — гэта балота Ельня. Толькі ўвесну, пакуль ранкі яшчэ вельмі халодныя, тут можна сустрэць незабыўныя світанні ў аблоках туману. І ўсё гэта ў суправаджэнні птушынага хору.

Вялізны лясны масіў на захад ад Мінска яшчэ не так раскручаны, як іншыя нашы заказнікі і нацыянальныя паркі. Але тыя, хто пабываў у Налібоцкай пушчы, заўсёды вяртаюцца сюды ізноў. Месца вельмі любяць водныя турысты — сплаўляючыся па Іслачы і Заходняй Бярэзіне, вы ўбачыце ўсю пушчу ад поўначы да ўпадзення ў Нёман.

Гэты край непаўторны ў любы час. Але ўвесну да гэтага хараства дадасца яшчэ і водар ад кветак дзікіх ігруш, якімі параслі многія пагоркі ля азёр. Дарэчы, калі вы аматар зорнага неба, то ўбачыць шмат зорак над Браслаўшчынай удасца толькі ўвесну ці ўвосень — летнія ночы ў гэтых краях занадта светлыя.

Аматарам непапсовых аб’ектаў можна параіць незвычайнае возера Гінькава на Глыбоччыне. Менавіта на берагах гэтага возера знаходзіцца самая вялікая ў Беларусі пячора, куды могуць залезці адзін-два чалавекі. Возера вельмі глыбокае і надзвычай празрыстае, дно можна ўбачыць нават на глыбіні некалькіх метраў.

Калі вы — сталічны жыхар і хочаце проста выехаць на прыроду ў выходны дзень — прыгажэйшага месца паблізу ад сталіцы цяжка знайсці. Гэта рака Іслач. Толькі не забудзьце ўзяць з сабой вялікі пакет і прыбраць заадно за іншымі сталічнымі гасцямі, якія слаба ўяўляюць, як трэба паводзіць сябе на прыродзе.

Источник:
Фотограф:
Віктар Малышчыц
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость