Пермакультурны агарод. Фота з уласнага архіву
Пра пермакультуру мы пагутарылі з эксперткай экалагічнай установы «Агра-Эка-Культура» Ланаю Семенас: пра міфы ды правілы вядзення пермакультурнага агароду і ладу жыцця.
«Пермакультура – гэта від сістэма дызайну ў шырокім сэнсе гэтага слова. Яна можа ўключаць земляробства, жывёлагадоўлю, будоўлю, эканоміку ды іншыя сферы. Гэта такі цэласны падыход да розных працэсаў. У тым ліку і да сельскай гаспадаркі, нават да міні-гаспадаркі на дачных участках», – адзначыла экспертка.
Прынцыпы пермакультуры
Самае галоўнае – вучыцца ў прыроды і ўлічваць сувязі паміж элементамі сістэмы рацыянальнасці. Аматары такога падыходу вучацца ў прыроды і намагаюцца зрабіць нешта падобнае пад свае неабходнасці. Мэта пермакультуры – стварыць эфектыўную і прадуктыўную сістэму, якая і будзе падтрымліваць сябе самастойна.
Лана Семенас раіць першы год на сваім участку амаль нічога не рабіць, а паназіраць за працэсамі на ім:
«Варта заўважыць, дзе найперш сыходзіць снег: там самае цёплае месца. Паглядзець, дзе якія расліны растуць, дзе збіраецца вада, а дзе глеба перасыхае. А потым на аснове жыцця дзікай экасістэмы можна рабіць нешта сваё».
Такі падыход адпавядае аднаму з галоўных прынцыпаў пермакульутры: назірайце і ўзаемадзейнічайце…
Мінімум намаганняў і максімум вынікаў – вельмі прывабны прынцып пермакультуры. Тую ж мульчу можна набыць, а можна зрабіць з таго, што ёсць пад рукою: пакасілі газон, падсушылі траву – раскладайце пад памідорамі. Глеба не разбураецца, палоць не трэба, а паліваць варта радзей.
Яшчэ адзін прынцып – супольная праца замест канкурэнцыі. Знаўца перакананая, што такім чынам можна дасягнуць лепшых вынікаў, чым у барацьбе: «Мяне неяк пыталі людзі, што рабіць з троху балоцістым надзелам. Яны хацелі зрабіць глебу менш кіслай. А адказ – пасадзіць расліны, якія растуць на кіслай глебе. Цяпер модная расліна – дурніцы, яна патрабуе кіслай глебы. Можна на такім участку вырасціць журавіны, прадаць іх ці абмяняць на тое, што ў вас не расце. Гэты прынцып кааперацыі добры не толькі для прыроды, але і ў сацыяльным жыцці».
Лана падкрэсліла, што калі нешта не расце, то мы мусім гэта прыняць. Бо прырода ведае лепей.
Экспертка звярнула ўвагу на тое, што ў пермакультуры праблема мае развязвацца некалькімі шляхамі: калі патрэбная вада, можна зрабіць калодзеж, а лепей збіраць дажджавую ваду з дахаў ці выкапаць сажалку. Каб патрэбу вады можна было задаволіць розным чынам». З іншага боку, кожны элемент сістэмы выконвае некалькі функцыяў: сажалка не толькі збірае ваду, каб паліць расліны, гэта таксама забеспячэнне супраць пажару, яна змякчае ваганні тэмператураў, дае месца раслінам і жывёле.
Пермакультурныя прынцыпы варта ўлічваць і пры будоўлі. Вялікае лісцяное дрэва ля хаты будзе прапускаць сонечнае святло да вокнаў узімку і створыць патрэбны цянёк улетку.
Што з градкамі?
«Пермакультура гаворыць, што ўраджай не абмежаваны памерамі надзелу. Бо можна вырасціць вельмі шмат усяго на малым кавалку зямлі. Ёсць такая канцэпцыя – лясны сад, калі ў адным месцы растуць высокія дрэвы, кусты і трава. Мы можам пад пладовыя дрэвы пасадзіць парэчкі ці маліны, а ўнізе – салату ці зёлкі. Такая сістэма ярусаў у агародзе дае нам больш ураджаю на адзінку плошчы».
Праз тое, што расліны растуць шчыльна, застаецца мала месца для пустазелля. Тут, напэўна, найярчэй бачна, чаму пермакультуру называюць дызайнам.
Беларуская нацыянальная барацьба з каларадскімі жукамі можа быць скончаная пры дапамозе добрасуседства раслінаў. Калі пасадзіць бульбу разам з бабамі ды аксаміткамі, жукоў стане значна меней. Яшчэ можна гадаваць цацарак, якія ядуць жукоў. Мульча (салома) перашкодзіць выхаду жукоў пасля зімы. Можна стасаваць ферментаваныя настоі крапівы або піжмы.
«Памятайце: каб развязаць праблему, трэба некалькі сродкаў. І тады жукоў будзе настолькі мала, што яны не будуць перашкаджаць. А ёсць і такія расліны, якія прывабліваюць каларадскіх жукоў больш, чым бульба. У Польшчы садзяць паслён (Solanum sisymbriifolium, какона, віла-віла), каб усе жукі беглі на іх. Аксаміткі таксама змагаюцца з нематодамі, якія шкодзяць раслінам. Часам імі засаджваюць увесь участак, каб зрабіць яго больш здаровым», – распавяла Семенас.
Лана падзялілася добрасуседскімі наборамі раслінаў. Адно аднаму дапамагаюць расці памідоры, аксаміткі і базілік, а яблыні радыя суседству малінаў, гарбузы і агуркі любяць кукурузу, а буракі – капусту і катоўнік. Добрыя суседзі: мята – для памідораў, морквы і капусты; часнык – для морквы, шалфей – для капусты.
«Ёсць табліцы раслінаў, па якіх бачна, што з чым добра саджаць. Галоўнае – разнастайнасць, мульча і назіранне, каб даваць раслінам тое, што ім трэба», – падкрэсліла экспертка.
Акрамя тога, у гэтай сістэме няма вялікіх градак з аднымі толькі памідорамі ці бульбай, а саджаюць расліны стужкамі, радком, як яны раслі побач з раслінамі іншых відаў. Рэч у краявым эфекце.
«На мяжы лесу і поля, ці вадаёму і лугу – больш за ўсё раслінаў, жывёлінаў і мікраарганізмаў, бо гэта вельмі багатае асяроддзе. Калі мы садзім расліны на лецішчы, то трэба рабіць паболей такіх межаў», – распавяла Лана.
Калі пасадзіць адзін даўгі радок цыбулі, побач з ім – радок памідораў, за ім – нешта яшчэ, тады расліны будуць сутыкацца з раслінамі іншых відаў, а значыць, будуць менш канкураваць за харчовыя рэчывы, дапамагаць адно аднаму супраціўляцца шкодным казуркам і хваробам.
Але ж ёсць і добрыя казуркі – ворагі шкоднікаў, а яшчэ яшчаркі, жабы, рапухі і вожыкі, якія харчуюцца шкоднікамі. Прыбіраючы свой участак, не забудзьце пакінуць прытулак і для іх.
«Варта пакінуць хаця б маленькі кавалачак дзікай прыроды. Тамтэйшыя расліны будуць прывабліваць карысных інсектаў, якія не ядуць культурных раслінаў. Калі зразаеце галлё, пакіньце невялікую кучу, каб розныя жывёлінкі маглі там жыць і змагацца са шкоднікамі. Можна рабіць дамкі для казурак, каб яны маглі перазімаваць. Таксама варта пакідаць кветкі пчолам, якія таксама вельмі карысныя складнікі экасістэмы», – параіла знаўца.
Адзін з міфаў – хімікатамі можна выправіць глебу. Лана падкрэсліла, што глеба – гэта жывая сістэма, і яна будзе вяртацца да свайго першапачатковага стану:
«Тую ж глебу зрабіць менш кіслаю вельмі складана. Калі выкарыстоўваць, напрыклад, даламіт, то гэта будзе працаваць толькі сезон. А потым зноў і зноў варта будзе падсыпаць хімікаты. Ці, наадварот, фермеры скісляюць глебу, уносяць торф. Гэта таксама вымагае паўторнай апрацоўкі і да таго ж знішчае балоты».
Можна палепшыць урадлівасць глебы (дадаваць арганічнае рэчыва, у тым ліку кампост) або нязначна паменшыць або павялічыць рН. Але нельга і шкодна намагацца перарабіць глебу ў іншую.
Шмат каго шакуе, што пермакультурны агарод не варта палоць. Лана звярнула ўвагу, што заўжды варта зыходзіць з мэты:
«Калі мы бачым, што нешта расце і перашкаджае культурным раслінам, то варта палоць. А як вельмі горача, так званае пустазелле абараняе расліны ад сонца, а глебу – ад перасыхання. Тыя ж кавуны растуць лепей, калі побач пустазелле».
Аднак калі вам вельмі карціць павыдзіраць лішняе з градкі, пакладзіце расліны мульчаю пад вашую гародніну: «Калі карані пустазелля ўверсе, яны не будуць прарастаць, але абароняць глебу».
Міф ужо пра ўласна пермакультуру – агарод будзе занядбаны.
«Ён можа выглядаць занядбаным, гэта залежыць ад пункту гледжання, – адзначае экспертка. – У прыродзе няма пустых месцаў ці вялікіх прастораў з адною культурай, а мы вучымся ў прыроды. Участак можа выглядаць занядбаным для чалавека, у якога ў галаве няправільная ідэя, як мусіць выглядаць прырода. Участак – гэта не працяг кватэры з чыстаю падлогаю. Гэта працяг і частка прыроды. Глеба ніколі не застаецца без раслінаў ці без мульчы, як у лесе. Хіба луг ці лес выглядае занядбана? Не, гэта выглядае натуральна».