Дадзены артыкул – спроба прасачыць за нашым побытам з пункту гледжання экалогіі. Канешне, шэраг момантаў можа адрознівацца ў залежнасці ад ладу жыцця, працы і звычак кожнага чалавека. Але ж паспрабуем даць агульнае ўяўленне з улікам асаблівасцей сучаснага жыцця.
Гігіена
Дзень кожнага з нас пачынаецца з гігіенічных працэдураў. Мыючыся мы выкарыстоўваем мыла, шампуні ды гелі. Амаль кожны від шампуню ды гелю для цела утрымлівае мноства фарбавальнікаў, араматызатараў і пенаўтваральнікаў. Адносна іх экалагічнасці спрэчак шмат. Канешне вырабнікі кажуць пра абсалютную бяспечнасць дадзенай прадукцыі. Толькі ёсць і альтэрнатыўныя даследванні, вынікі якіх папярэджваюць пра негатыўнае уздзеянне такіх гігіенічных сродкаў на здароўе чалавека. Напрыклад у розных шампунях і гелях утрымдіваюцца рэчывы лаурылсульфат натрыя (пенаутваральнік), дыметыкон, бензаат натрыя, мадыфікатор pH, Ceteareth- и PEG, DMDM Hydantoin, Fragrance, прапіленгліколь, парабены і трыклазан, якія згодна шэрагу даследванняў таксічныя, могуць вызываць алергіі і негатыўна уплываюць на стан валасоў і скуры.
Мыла, важны кампанент якога – шчолач, пэўна не ідэальны сродак для нашай скуры, і для сцёкавых водаў куды гэтая шчолач трапляе, але найбольш бяспечны з тых, што мы можам знайсці ў продажы. Тым больш, што існуе шэраг відаў экалагічнага мыла, як і наогул шэраг экалагічных сродкаў гігіены і касметыкі. Толькі ў адрозненне ад мыла, усё астатняе каштуе не танна, а знайсці яго на паліцах нашых крамаў не так проста.
Зубная паста – рэч, без якой сучаснае жыццё немагчыма ўявіць. Большасць пастаў утрымлімваюць фтор. Менавіта дзякуючы гэтаму элементу, па меркаванні шэрагу навукоўцаў, чалавецтва ў двадцатым стагоддзі дабілася значных вынікаў у захоўванні здароўя зубоў да сталага узросту. Але як звычайна хапае і крытыкаў гэтай тэорыі, якія заўважаюць, што фтор – яд. Сапраўды, шмат якія яды для барацьбы з паразітамі будуюцца на аснове фтору. І альтэрнатыўныя тэорыі, інфармацыю па якіх вы лёгка можаце знайсці ў сеціве, кажуць, што шкода ад фтору, які хоць і ў малых колькасцях, але кожны дзень трапляе ў наш арганізм, большая, чым яго карысць. Ён можа стаць прычынай захворванняў шчытападобнай залозы. Ёсць і тыя, хто карысць фтору адмаўляе наогул, кажучы пра лоббі карпарацый, якія вырабляюць мноства сродкаў гігіены, у тым ліку і зубныя пасты.
Не спецыялісту разабрацца ў гэтай палеміцы складана, аднак нават стаматолагі папярэджваюць, што ад шэрагу пастаў можа быць дыятэз. Да таго ж менавіта экалагічныя супярэчнасці гэтай тэмы ў тым, што за дзень насельніцтва гораду злівае даволі значны аб’ём пасты ў сцёкавыя воды. То бок злівае туды ядавіты фтор.
Да гігіенічных сродкаў, якімі чалавек карыстаецца кожны дзень, трэба адносіць і рэчывы для мыцця посуду (утрымліваюць паліфасфаты, аддушкі і фарбавальнікі), вокан (утрымліваюць ядавіты ізапрапанол), спрэі і крэмы для абутку (утрымліваюць скіпідар, стэарынавую кіслату, трыэтаноламін), сродкі для адбельвання і барацьбы з плямамі (утрымліваюць таксічныя алагенвытворныя вуглевадароды). Зразумела, што дызенфекцыя, якую дазваляюць праводзіць гэтыя сродкі базуецца на рэчывах, што забіваюць не толькі шкодныя бактэрыі, а ўсе. Таму кожны доктар параіць вам добра вымываць посуд пасля мыючых сродкаў, і не карыстацца рознымі сродкамі для мыцця падлогі і дываноў, калі вы маеце на іх алергію. Ужо гэтыя моманты кажуць пра складаныя стасункі дадзенай прадукцыі і экалогіі. Дадайце сюды і спецыфіку іх вытворчасці і той факт, што яны трапляюць у сцёкавыя воды. І шампуні, і парашкі для мыцця бялізны і іншыя мыючыя сродкі, трапляючы ў сцёкавыя воды, змешваюцца з хлоармінам (які выкарыстоўваецца для дызенфекцыі сцёкавай вады) і утвараюць канцэрагенныя рэчывы NDMA і іншыя нітразаміны, якія з вады цалкам не выдаляюцца нават з дапамогай сучаснай сістэмы ачысткі.
Яшчэ адно вельмі шкоднае рэчыва – дыаксін, які з’яўляецца прадуктам хлору. Гэты канцэраген негатыўна ўплывае на жаночую рэпрадуктыўную функцыю. Чаму менавіта на жаночую? Бо утрымліваецца ён у сродках жаночай гігіены. Утрымліваецца таму, што для іх адбельвання выкарыстоўваюць хлор. І калі ён трапляе ў смецце, то таксама забруджвае сцёкавыя воды. Таксама ў гэтых сродках часам утрымліваецца Sodium Polyacrylate Crystals, гель-абсарбент і… таксічны палімер, які з’яўляецца аліргенам. Ды і самі гэтыя сродкі вырабляюцца з нафты, а перыяд іх распаду ў навакольным асяроддзі ад 100 да 500 гадоў!
Асобны бок – працэс вырабу ўсёй гэтай прадукцыі. Бытавая хімія як і іншыя галіны хімічнай прадукцыі не вельмі экалагічная вытворчасць.
І асобны момант – упакоўка. Пластык, з якога зроблены бутэлькі для гелю, шампуню і цюбікі з пастай, як і зубныя шчоткі і паралон, з якога зроблены губкі – усё гэта вынік працы хімічнай прамысловасці, якая на жаль ніколі не будзе цалкам экалагічнай. І нават калі размова ідзе пра тыя віды пластыку, якія можна перапрацаваць, гэта не значыць, што пры іх вырабе і перапрацоўцы ў атмасферу не выкідваецца шкодных газаў, і не застаецца адкідаў, якія перапрацаваць нельга. Усё залежыць ад кожнага віду пластыка і тэхналогій яго перапрацоўкі. Зноў жа, не спецыяліст, наўрад ці зможа вызначыць які перад ім від пластыку.
Ежа
Пра экалагічнае здаровае харачаванне падрабязна распавядалася ў шэрагу артыкулаў, якія выходзілі на нашым сайце цягам апошніх месяцаў. Таму тут менавіта пра “вонкавы” момант гэтай тэмы – упакоўку прадуктаў харчавання. Амаль усе сучасныя прадукты запакоўваюцца ў пластык і розныя віды цэлафану. А на касе крамы вам яшчэ прапануюць пакунак, каб усе прадукты скласці. І нават гэтыя пакеты ў нас вельмі рэдка вырабляюць з экалагічных матэрыялаў. Напрыклад з біяраскладальнага паліэтылену.
Калі колькасць сродкаў гігіены і бытавой хіміі, якія кожны чалавек злівае ў каналізацыю за дзень складана дакладна падлічыць, то пакункі ад прадуктаў мы кожны дзень выносім у смецце. І колькасць іх з цягам часу расце. Асабліва паказальнае параўнанне з савецкім часам, калі цэлафанавыя пакункі былі “дэфіцытам”, а замест пластыкавых бутэлек выкарыстоўваліся шкляныя, якія потым зноў здавалі на тыя ж заводы. Зараз сітуацыя зусім іншая. І нагрузка на экалогію менавіта з-за росту колькасці бытавога смецця – важная праблема ў сусветным маштабе. Але як паказваюць даследванні – выраб шкляной тары патрабуе нашмат болей энэргіі, чым выраб пластыкавай. Тое самае і ў суадносінах папяровых пакетаў і паліэтыленавых. А значыць і негатыўнае уздзеянне на наваколле (парніковы эфект, выкарыстанне энэргарэсурсаў, вырубка лесу і т.д.) таксама не дае адназначна схіляцца да выбару “натуральных” відаў упакоўкі. Пэўна выхад – у выкарыстанні біяразкладальнага паліэтылену.
Пры вытворчасці пластыкавага посуду і упакоўкі выкарыстоўваюцца вельмі шкодныя злучэнні – аміны, фенолы, складаныя эфіры кіслотаў, якія могуць быць звязаны з палімерам механічна, з-за чаго лёгка пераходзяць у самі прадукты, з якімі маюць кантакт. Яшчэ адна небяспека – пластыфікатары, якія добра рашчарпляюцца ў тлушчах і маслах. Таму не трэба захоўваць расліннае масла і маргарын у такім посудзе.
Што тычыцца пытання перапрацоўкі пластыкавай упакоўкі, то ўсё не проста. Выкінуць увесь пластык у спецыяльны кантэйнер аказваецца не панацэя. Бо ў Беларусі перапрацоўваюць наогул толькі паліэтыленавыя пакеты (розных відаў) і ПЭТ-бутэлькі. Так што гэтую “тару” абавязкова трэба збіраць і складаць у спецыяльныя кантэйнеры. А вось паліхлорвініл, паліамід і палістырол для перапрацоўкі нашыя заводы не прыймаюць.
Сусветная практыка троху больш пазітыўная, але таксама не вырашае праблему пластыкавага смецця. Бо большая частка упакоўкі складаецца з мнагаслойных матэрыялаў. Гэта і слоікі ад смятаны і цюбікі ад крэмаў і зубных пастаў, і пакеты ад кетчупу. Праблема ў тым, што ўнутры такіх пакункаў можа быць паліэтылен, а зверху паліхлорвініл. Для таго каб іх перапрацаваць – трэба спачатку аддзяліць гэтыя матэрыялы, а гэта ручная праца, якая патрабуе грашовых укладанняў. Акрамя таго большасць такой упакоўкі забруджана рэчывамі, што былі ўнутры. Калі яны трапляюць у асбаляванне для перапрацрўкі, то могуць яго пашкодзіць. Таму большасць кампаній нават на захадзе не бярэцца за перапрацрўку такога смецця.
Асобная тэма ў размове пра экалогію і ежу – вегетарыянства. Прыхільнікі дадзенага ладу харчавання любяць разлічваць колькасць вады і плошчы глебы, неабходныя для вырошчвання жывёлаў на мяса. Галоўная выснова іх разлікаў – вегетарыянства патрабуе значна меней рэсурсаў, каб пракарміць насельніцтва планеты і менш нагружае экалогію планеты.
Адзенне
Тэма экалагічнасці таго, што мы носім не такая простая, як падаецца з першага погляду. Па-першае, складана знайсці хоць аднаго чалавека, які б насіў цалкам натуральнае адзенне. Сінтэтычныя тканіны сталі неад’емнай часткай лёгкай прамысловасці. А пра абутак і казаць не прыходзіцца, бо гумовыя і пластыкавыя падэшвы – гэта стандарт сучаснага абутку.
Большасць гэтых сінтэтычных матэрыялаў вырабляюць з нафты. Ланцуг негатыўнага уздзення тут убачыць нескладана – ад здабычы нафты да яе шматразовай перапрацоўкі, з мэтай атрымаць выніковы сінтэтычны матэрыял. Кожны этап гэтага працэсу наносіць па экалогіі адчувальны ўдар.
Але і адносна цалкам натуральных тканін не трэба забывацца, што для іх фарбавання зараз выкарыстоўваюцца фарбы, вырабленыя з тых жа самых нафтапрадуктаў і іншых хімічных рэчываў. І шэраг з іх таксама небяспечныя для навакольнага асяроддзя, і ў працэсе вытворчасці і ў працэсе ўтылізацыі. Ды і наогул вытворчасць той жа бавоўны, як і развядзенне авечак для воўны, наносіць удар па экалогіі. Дастаткова ўспомніць сітуацыю знікнення Аральскага мора ў выніку павелічэння баваўняных палёў ва Узбекістане. Дадайце сюды яшчэ і пестыцыды, 11% з якіх прыходзіцца менавіта на баваўняную індустрыю. Аднак і сінтэтычныя тканіны патрабуюць вычарпальных рэсурсаў, шкодзяць атмасферы і вадзе ў працэсе вытворчасці ды вельмі доўга распадаюцца ў навакольным асяроддзі. У той жа час іх можна перапрацоўваць і выкарыстоўваць паўторна.
Ёсць новыя экалагічныя матэрыялы, напрыклад, падэшвы з рысавай шалухі, альбо ласосевая скура і тканіна з… старога малака! Але насамрэч гэта хутчэй экзотыка для спецыфічных калекцый, чым сапраўдны масавы трэнд і вырашэнне экалагічных праблемаў.
Транспарт
За выключэннем прыхільнікаў ровару, якіх на шчасце становіцца ўсё больш, людзі карыстаюцца альбо грамадзкім, альбо асабістым неэкалагічным транспартам. Тут усё адназначна – аўтамабілі і аўтобусы забруджваюць паветра, ды і самі па сабе утрымліваюць дастаткова рэчываў, небяспечных для наваколля, і патрабуючых спецыяльнай перапрацоўкі. Гэта і пластык, з якога зроблены шматлікія часткі салону аўтамабіляў, і электраліт акумулятараў, які вельмі небяспечны для прыроды. Таму акумулятары неабходна здаваць на спецыяльныя заводы, якія займаюцца іх перепрацоўкай.
Ці можна прагназаваць змяншэнне маштабу шкоднага уздзеяння транспарту на навакольнае асяроддзе? У бліжэйшай будучыні – наўрад ці. Нават у маштабах нашага гораду можна ацаніць агульныя тэндэнцыі. Прыватных аўтамабіляў становіцца толькі больш. Перасесці на грамадзкі транспарт ці ровар імкнецца меншая частка жыхароў Гомеля. Да таго ж ровар – транспарт сезонны. А кажучы пра грамадзкі транспарт, ён нават зараз цягам дня ходзіць далёка не пусты. І гэта пры вялікай колькасці аўтамабіляў і павелічэнні іх колькасці. Тралейбусы, якія часам лічаць больш экалагічным відам транспарту, таксама не з’яўляюцца панацэяй, бо пры вырабе электрычнасці, якую яны спажываюць, таксама робіцца шкода экалогіі.
Тэхналогіі
Росквіт тэхналогій стварыў шэраг рэчаў, без якіх ні наш побыт, ні наша праца ўжо немагчымыя. Гэта, у першую чаргу мабільныя тэлефоны і кампутары. Акрамя іх існуе мноства рознага інструменту, які выкарыстоўваецца і ў фізічнай працы і ў кожным офісе. Сувязь гэтых рэчаў з экалогіяй – важная тэма. Бо для вытворчасці кожнага кампутара і тэлефона выкарыстоўваецца шмат розных матэрыялаў, здабыча і перапрацоўка якіх наносіць наваколлю шкоду. Напраыклад рэдказямельныя металы, без якіх сучаснай электроннай прамысловасці не было б. Тое ж самае датычыцца і утылізацыі рознага абсталявання. Асабліва важны момант – збор і перапрацоўка акумулятараў тэлефонаў і ноутбукаў. Як і ў сітуацыі з аўтамабільнымі аккумулятарамі – электраліт ліціевых батарэек вельмі шкодны для навакольнага асяроддзя.
Колькасць мабільных тэлефонаў і кампутараў на дадзены момант налічвае некалькі мільярдаў. І ўлічваючы хуткасць абнаўленне тэхналогій, тэрмін выкарыстання гэтых рэчаў невялікі. А значыць праблемы іх перапрацоўкі і нагрузка на экалогію увесь час павялічваецца.
Жытло
Акрамя тэхнічных дэвайсаў, адзення і ежы у нашых кватэрах ёсць мэбля. Час калі яна выраблялася цалкам з дрэва і толькі з яго, адыйшоў у мінулае. Сёння можна набыць мэблю з ДСП, МДФ і нават з пластыку. І калі пластыкаваю мэблю пабачыш хутчэй у летніх кафэ, альбо на дачы, то астатнія матэрыялы – стандарт для жылых памяшканняў. Толькі вось усім вядомы ДСП – матэрыял далёка не экалагічны, бо пры яго вырабе выкарыстоўваюцца фармальдэгідныя смолы. Для ДСП, з якого вырабляюць мэблю, дапускаецца 10% утрыманне гэтых смолаў. Па меркаванні вытворцаў – гэта нешкодны узровень. Але калі такая мэбля гарыць… Карацей самі можаце ацаніць экалагічнасць значнай часткі нашай мэблі.
МДФ, наадварот, лічыцца цалкам бяспечным і экалагічным матэрыялам. Як і звычайнае дрэва. Толькі трэба яшчэ памятаць пра фарбы, лакі і ламінуючыя плёнкі, якімі пакрываюцца часткі мэблі. Яны таксама далёка не заўсёды экалагічныя, а іх выраб у большасці выпадкаў працэс шкодны для наваколля. Напрыклад, вытворчасць лакафарбавальных матэрыялаў і іх элементаў (пігментаў, напаўняльнікаў, плёнкаутваральнікаў, рашчапляльнікаў, пластыфікатараў, ацвярджальнікаў і т.д.) суправаджаецца утварэннем брудных сцёкавых водаў, газавых выкідаў, цвёрдых і вадкіх адкідаў. Галоўную долю ў гэтых адкідах утвараюць арганічныя рашчапляльнікі, пыл пігментаў і водарашчапляльныя сульфаты.
Тое самае можна сказаць і пра пластыкавыя вокны, і пра будаўнічыя матэрыялы, з якім зроблена нашае жытло. Шыфер, якім на працягу апошніх десяцігоддзяў крылі дах большасці прыватных дамоў, робіцца з азбесту. Гэты матэрыял – шкодны канцэраген.
Асноўныя небяспечныя рэчывы ў будаўнічых матэрыялах – фармальдэгід (утрымліваецца у ДСП, ДВП, фанеры, шэрагу масцік, пластыфікатараў і шпатлёвак), фенол і стырол (лакі, фарбы, цеплаізаляцыйныя матэрыялы і лінолеум), аэразолі цяжкіх металаў (некаторыя віды шпалераў і дываноў з штучных матэрыялаў), палівінілхларыд (пластыкавыя вокны, лінолеум, вінілавыя шпалеры). Усе гэтыя рэчывы негатыўна уздзейнічаюць на усе сістэмы чалавечага арганізму, з’яўляюцца канцэрагенамі і падвышаюць рызыку шматлікіх хранічных захворванняў.
Акрамя гэтага трэба памятаць, што жалеза-бетон і цэмент, якія адлюстроўваюць электра-магнітнае поле. Таму ў дамах з гэтых матэрыялаў узровень электра-магнітнага поля нашмат вышэйшы, што таксама не лепшым чынам уздзейнічае на арганізм. Памятайце і пра радон, які назапашваецца ў кватэрах, і пра радыёактыўнае выпраменьванне ад будаўнічага граніту, і пра звычайны пыл, які назапашваецца ў мэблі і правакуе алергіі і захворванні лёгкіх.
Не маючы дастаткова грошы на экалагічныя матэрыялы, мы робім рамонты і будуем дамы з таго, што можам набыць. І не толькі не задумваемся пра экалагічны бок вырабу гэтых рэчаў, але і пра экалогію іх выкарыстання.
Ды і наогул, з усяго апісанага вышэй – ці шмат рэчаў, без якіх мы можам жыць? Хто гатовы адмовіцца ад тэхналагічных прылад? Ад транспарту? Ад зручнага і якаснага адзення і абутку з сінтэтычных матэрыялаў? Ды нават ад зручна упакаванай ежы нам вельмі складана адмовіцца і вярнуцца да сістемы, якая была нормай для старэйшага пакалення – набываць напоі ў шкляных бутэльках, масла ці мяса заварочваць у паперу, і насіць усе гэтыя прадукты ў сумках з тканіны.
І ў той жа час усе мы стогнем пра тое, што смецця навокал усё больш, а экалагічная сітуацыя ўсё горш. То бок мы стаім перад выбарам. І калі размова пра гэты выбар у глабальным маштабе рытарычная і тэарытычная, то індывідуальны шлях да зменаў кожны можа пачаць ужо зараз.