Нечаканая рэгістрацыя адбылася ў нядзелю, 23 ліпеня на грунтовай дорозе паміж каналамі ў пойме спрамленай часткі ракі Векрацейкі ў рыбгаса Каеняўцы на Бераставіччыне. Насякомае, якое перапаўзала дарогу, заўважыў Юры Лукашэнка, старэйшы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту.
«Лічынка каля 4 см даўжынёй, яшчэ не мае крылаў і таму не магла адляцець, але добра скача і знайсці яе ў зялёнай расліннасці было б, хутчэй за ўсё, немагчыма», — пракаментаваў сваю знаходку Юры.
Адкрыццё было выпадкова зроблена пад час улікаў вадаплаўных і каляводных відаў птушак на акваторыі і тэрыторыі заказніка «Гродзенская Свіслач» сябрамі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
«Навіна, канешне, вельмі цікавая. Я не чуў і не чытаў пра знаходкі лічынак багамола ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашук, вядомы беларускi энтамолаг, старэйшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка. — «Усё ж від не так даўно з’явіўся на тэрыторыі Беларусі, і, вось, значыць, у нас размнажаецца. Добра гэта ці кепска для нашай фауны, сказаць складана. Неабходны спецыяльныя даследаванні».
І хаця першая знаходка багамола ў нашай краіне адбылася яшчэ ў 1910 годзе пад Гомелем, параўнальна хуткае яго прасоўванне на поўнач менавіта ў апошнія некалькі гадоў хутчэй за ўсё індыкатар нейкіх зменаў у навакольным асяроддзі. Прычым часцей за ўсё гэтыя змены звязваюць з пацяпленнем клімату.