Я часта чую, што экафемінізм называюць гэткім больш прагрэсіўным фемінізмам. Але праўда ў тым, што ад фемінізму там вельмі мала, і па сутнасці гэта звычайны экаактывізм, які ставіць дадатковыя патрабаванні да жанчын.
Так што ў мяне, як кажуць, ёсць дзве навіны: добрая для зялёных і кепская для жанчын. Зялёным і праўда ёсць чаму радавацца, бо экафемінізм разбірае жаночае жыццё на малекулы і шукае, як яшчэ ў кожнай сферы жанчыны могуць і мусяць паклапаціцца пра прыроду.
А вось для саміх жанчын радасці няшмат, бо нам зноўку прадаюць патрыярхальныя ідэі пра тое, што на нас галоўная адказнасць за дабрабыт свету (у адрозненні ад большасці рэсурсаў). Толькі цяпер гэтыя ідэі падаюцца пад выглядам прагрэсіўных.
І праўда: хто ж паспрачаецца, што змяншаць колькаць пластыку і смецця, адмаўляючыся ад тампонаў і аднаразовых пракладак, – гэта прагрэсіўна? Ці што шматразовыя пялюшкі замест аднаразовых падгузнікаў – гэта добра для прыроды?
Гэтыя ідэі падаюцца відавочнымі. Але тут і пачынаецца самае цікавае. Вось у нас ёсць праблема пластыку, ёсць вытворцы, якія робяць аднаразовыя тавары менш экалагічнымі, і ёсць жанчыны, якія хочуць нарэшце спрасціць сабе жыццё.
На каго будзем ціснуць? Экафемінізм чамусьці звычайна адказвае, што на жанчын, і прасоўвае тэорыі маленькіх справаў, сцвярджаючы, што толькі ўзяўшы на сябе адказнасць за ўласныя рашэнні, мы можам змяніць свет.
Пры гэтым упарта ігнаруецца, што адказнасць за тое, якія тавары з’яўляюцца на паліцах у крамах, ляжыць на вытворцах. І калі вытворца робіць, напрыклад, тампон з пластыкавым аплікатарам замест папяровага альбо запакоўвае кожную пракладку ў асобны пакецік, усе прэтэнзіі і заклікі ратаваць свет мусяць быць накіраваныя на гэтага вытворцу, а не на жанчын, якія набываюць такі тавар.
Зрэшты, з фемінізмам так здараецца заўжды. Калі хтосьці спрабуе спалучыць яго з нейкай іншай ідэалогіяй, ад уласна фемінізму ў выніку нічога не застаецца. Інтарэсы жанчын заўжды адыходзяць на задні план.
І з экафемінізмам гэта было бачна ад самага пачатку – пісьменніца Франсуа дэ Бон, якая першая выкарыстала гэты тэрмін, заклікала жанчын устаць на бок планеты і абараняць яе. У якасці практычнага прыкладу, як увасабляюцца ў жыццё ідэі экафемінізму, прыводзяць і рух “Чыпка”, у межах якога жанчыны супрацьстаялі вырубцы лясоў. А менавіта, жанчыны прыкоўвалі сябе да дрэваў, замінаючы тым самым іх вырубаць.
Гэта, безумоўна, прыгожая і добрая акцыя ў межах экаактывізму, але да чаго тут фемінізм? Канечне, можна казаць, што ўсё звязана з усім, і што стан прыроды непасрэдна ўсплывае на жыцці жанчын, і гэта ўсё будзе праўдай.
Але да фемінізму гэта не мае прыблізна ніякага дачынення. Гэта не барацьба менавіта за правы і дабрабыт жанчын, гэта барацьба за экалогію і заадно за ўсё добрае і супраць усяго кепскага.
Але менавіта на жаночы рух прасцей за ўсё ціснуць, дабіваючыся салідарнасці. Менавіта жаночая гендарная сацыялізацыя вымушае нас браць на сябе ўсё больш і больш адказнасці і адчуваць усё больш і больш віны за ўсё, што адбываецца навокал.
Нас з дзяцінства вучылі быць добрымі дзяўчынкамі і клапаціцца пра навакольных, часта ігнаруючы ўласныя патрэбы і жаданні. І дужа прыкра, што цяпер для навешвання на жанчын дадатковых абавязкаў прыдумалі фактычна прыкрывацца фемінізмам.
Бо экафемінізм – ён заўжды пра экалогію і амаль ніколі не пра жанчын. Ён заўжды пра тое, як паклапаціцца пра прыроду, якой шкодзяць жанчыны, і амаль ніколі не пра тое, як паклапаціцца пра жанчын, якім шкодзіць кліматычны крызіс.