27.11.2019 / 23:11

Ферма апарышаў у прамзоне Смаргоні. Спецыфічны водар б'е ў нос адразу з парога, але унутры не так страшна і агідна, як гэта можа маляваць мозг. Утульныя, цёплыя памяшканні з еўрарамонтам. І да пахаў паступова пачынаеш звыкаць. Так выглядае лакальны экалагічны бізнас па-беларуску, які развіваецца ў раёне, дзякуючы бізнес-інкубатару, створанаму ў вёсцы Камарова.

Ідэя заснаваць вучэбна-практычную установу для падтрымкі дробных прадпрымальнікаў з Мядзельскага, Пастаўскага, Смаргоньскага і Астравецкага раёнаў прыйшла мясцоваму жыхару і дырэктару пляцоўкі Эдуарду Вайцяховічу, які не па чутках ведае, якіх намаганняў каштуе развіццё ўласнай справы.

У мінулым ён дваццаць год прапрацаваў дырэктарам камароўскага сельскагачпадарчага вучылішча, якое калісьці сам скончыў. Тры гады як гэтая навучальная ўстанова закрыта. Па словах Эдуарда, недахоп камплектавання навучэнцамі ў сельскай мясцовасці адчуваўся заўсёды. Прычынай таму з'яўляюцца непрэстыжнасць атрымоўваемых прафесій, адсутнасць належнай інфраструктуры і камфортных умоваў для жыцця. Людзі вымушаны з'язджаць у гарады, падкрэслівае ён.

"Калі здольнае дзіця сканчае сельскую школу і яму не месца на ферме, яму быць доктарам ці перадавым рабочым — трэба ехаць у горад. Мне, як дырэктару навучальнай установы, што рыхтуе кадры для асноўнага сектара эканомікі, важна выпускаць запатрабаваных спецыялістаў. Дзеля гэтага трэба перабудаваць працэс і займацца падрыхтоўкай айцішнікаў, будаўнікоў, павароў, пекараў, механікаў — ахопліваць разнастайныя прафесіі. Я падгледзеў ідэю таго, што вучыць трэба не на пальцах, не ў лабараторыі, а на практыцы, у немцаў.  Так узнікла жаданне стварыць на вёсцы побач з вучылішчам, якое дае тэарэтычныя веды, малыя бізнесы, прадпрыемствы, якія б працавалі і давалі магчымасць практыкі", — кажа Эдуард Вайцяховіч.

Такога кшталту падыход, на думку прадпрымальніка, павінны зацікавіць людзей заставацца ў родных мясцінах, што забеспячыць эканамічную устойлівасць вёскі.

Бізнес-інкубатар у Камарова быў зарэгістраваны ў 2017 годзе. За два гады навучанне ў ім прайшло 60 чалавек. Да адукацыйнага працэсу прыцягваюць як беларускіх экспертаў і лектараў з розных галін, так і замежных, якія давалі еўрапейскае бачанне развіцця бізнесу. Па выніку фінансавую падтрымку ад Еўрапейскага звяза на рэалізацыю уласных праектаў атрымалі 23 найбольш перспектыўных прадпрымальніка.

Ад фанатычнага рыбака да фермера

Ілля Агаркаў — заснавальнік незвычайнага бізнесу — вытворчасці апарыша і заапратэіна у Смаргоні. Яго прадпрыемства другое ў рэспубліцы, што мае дэкларацыю адпаведнасці для такога кшталту дзейнасці.

Ідэя вырошчвання лічынак мух на продаж узнікла ў хлопца год 10-12 таму. У той час у Беларусі знайсці апарыша было складана, а мясцовай вытворчасці дык і зусім немагчыма. Звычайна везлі з Польшчы. Фанатычным рыбак Ілля пачаў спрабаваць расціць нажыўку для сваіх патрэбаў. Атрымалася.

Маштабіраваць хобі ў бізнес, аформіць усё дакументальна патрабавала вялікіх фінансавых сродкаў, якіх у хлопца не было. Аднак ад ідэі ён не адмовіўся, напрацягу васьмі год прапрацоўваў і вывучаў усе нюансы.

Відавочна гэта і дапамагло атрымаць Ілле грантавую падтрымку ў памеры 10 тысяч еўра па сканчэнні навучання ў бізнес-інкубатары. За гэтыя сродкі пайшлі на тэхнічнае абсталяванне вытворчасці: халадзільныя ўстаноўкі, венцілятары, аўтамабіль для падвозу сыравіны і г.д. Азіраючы саму "ферму" становіцца зразумела, што ўкладзена ў вытворчасць значна болей. Для набыцця будынка, у якім знаходзіцца прадпрыемства, напрыклад, знайшоўся інвестар.

Тэхналогію па вырошчванні апарыша Ілля падглядзеў у інтэрнэце ў польскіх і англійскіх калег. Наведваў для досведу і расійскае прадпрыемства, і завод у Мінску.

Пачынала ферма з зусім невялікага аб'ёму — 10 літраў у суткі. Зараз вытворчасць вырасла да 100-150 літраў. Аднак гэтага пакуль недастаткова, каб прадукцыяй зацікавілася рыбная гаспадарка.

"Іх зацікавяць аб'ёмы ад 200-300 кілаграм у суткі сухой прадукцыі. У нас пакуль пры ўсім жаданні — 30-40. Але мы адкрыліся, як невялікая вытворчасць, паспрабаваць, паглядзець як гэта ўсё будзе", — адзначае Ілля.

Пакуль апарышаў прадаюць пасрэднікам, а тыя ў сваю чаргу рэалізуюць яго спецыялізаваным крамам. Працаваць без пасрэднікаў на дадзеным этапе невыгодна: фасоўка на месцы і дастаўка невялікай колькасці — дадатковыя часовыя і працазатраты.                                                      

У будучым спадзяюцца займацца вытворчасцю кармоў для сельскагаспадарчых жывёл. Наладжваюць і спрабуюць абсталяванне. Працэс замаруджвае яшчэ тое, што не існуе нарматыўна-дакументнай базы, патрабаванняў для прадпрыемстваў па вытворчасці такой прадукцыі.

"Даводзіцца самім распрацоўваць і ўкараняць", — дадае хлопец.

Ілля кажа, што апарыш можа стаць ежай будучыні для чалавека, бо гэта натуральны бялок. Сам бы ён наўрадці змог яго спажываць, хаця для 25% насельніцтва планеты гэта звыклы рацыён. У Расіі дарэчы з лічынак вырабляюць некаторы спартыўны пратэін.

Поўны цыкл вырошчвання ад яйка да апарыша складае сем дзён. Захоўваюцца апарышы ў халадзільных устаноўках да 1-1,5 тыдня. Умовы ўтрымання і транспарціроўкі вельмі жорсткія: літаральна за 3-5 гадзінаў пры тэмпературы 25 градусаў па Цэльсію апарыш ператвараецца ў кукалку.

Сыравіннай базай для лічынак служаць адходы птушкафабрыкі мехабвалкі, якая знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад вытворчасці. У далейшым у планах перайсці на навоз, адходы крамаў і сыразаводаў.

Яшчэ адным карысным прадуктам, які атрымоўваецца пры вырошчванні апарыша з'яўляецца гумус. Прыктычна гэта тое ж самае вермікампасціраванне, якое ўваходзіць у моду,  толькі лічынкі мух спраўляюцца з перапрацоўкай значна хутчэй — за 3-4 дні, у адрозненні ад чарвякоў, якім на той жа працэс трэба 3-4 месяцы. І прадукт атрымоўваецца больш канцэнтраваным.

У цэлым наколькі б не падаваўся такі бізнас агідным і з непрыемным прысмакам, ён вельмі далікатны — парушэнне тэхналогій утрымання ці выпадковае патрапленне іншага віду мухі з наваколля не толькі дрэнна адаб'ецца на якасці тавара, але і можа спыніць работу фермы на некалькі тыдняў.
 

Дзеці павінны працягваць справу бацькоў

Жыхарка сталіцы, супрацоўніца Цэнтра радыяцыйнага кантролю Аляксандра Чыжэўская пяць год таму вярнулася на сваю радзіму ў вёску Зарудзічы Смаргонскага раёна. Кажа, што ні на хвіліну не шкадуе, бо ў вёсцы прасцей гадаваць дзяцей, ды й усё прасцей.

"Магчыма фінансава ў вялікім горадзе зарабілася больш. Але з іншага боку сваё ёсць сваё, гэта патэнцыял. Проста трэба працаваць рукамі, працаваць галавой", — кажа дзяўчына.

У будынку былой жывёлагадоўчай фермы сёння прыемна пахне дрэвам. Тут разгарнулася вытворчасць драўляных вокан — сямейная справа Чыжэўскіх. Усё жыццё бацька Аляксандры займаўся сталярнай справай, вырабляў дзверы, мэблю і г.д. Задумалі пашырыць асартымент.

Вельмі своечасова, зазначае дзяўчына, пачулі пра школу ў Камарова: "Вядома раз ёсць такая магчымасць, захацелася павучыцца, новыя веды атрымаць, новыя сувязі. Бо якраз задумалі вырабляць драўляныя вокны — добры экалагічны прадукт. Атрымалася выйграць грант — дзевяць тысяч еўра".

Нягледзячы на досвед працы з дрэвам, усё ж гэты накірунка быў незнаёмым для сям'і Чыжэўскіх. За кансультацыямі і парадамі яны звярталіся да мясцовага майстра Андрэя Зеневіча. З часам было вырашана аб'яднацца і стварыць парнёрскі бізнес, каб дапаўняць адзін аднаго.

На жаль, прадукцыя, якая вырабляецца ў майстэрні, пакуль ідзе на экспарт. У асноўным па замовах для індывідуальных гаспадарак у Расію. Для беларускага рынку прапанова яшчэ занадта дарагая. Усё з-за нятаннай сыравіны для вытворчасці.

Як адзначае Аляксандра, бяруць яны выключна якасны беларускі і расійскі брус, дадаецца апрацоўка, фурнітура нямецкай вытворчасці, пакрыццё — усё гэта гарантуе якасць стварэння прадукта, за якую не сорамна.

 

Ачысціць галаву і цела

Убок ад вёскі Соргаўцы, за полем на ўскрайку леса знаходзіцца аргасядзіба "Хутар Чара". Яе ўладальнікі Юрый і Алена Трыбулёвы шукалі падобнае месца доўгі час. Аднак прызнаецца Алена, ні да воднага месца, якое яны глядзелі, душа так не ляжала як да гэтага.

Набылі яны ўчастак разам са старым домам і гаспадарчымі пабудовамі. Пабудавалі новы драўляны дом. Усё сваімі рукамі.

На аграсядзібе Юрый і Алена прапануюць жадаючым адпачыць ад гарадскога тлуму. Тут людзі могуць яднацца з прыродай, назіраць за ёй, піць цёплы збор з мясцовых траваў, а таксама ачысціцца і расслабіцца з дапамогай музычнага масажу-медытацыі — аўтарскага вынаходніцтва Юрыя Трыбулёва.

Усе музычныя інструменты мужчына выбірае індывідуальна па ўсім свеце.

З падтрымкі пасля ўдзелу ў камароўскай школе сям'я набыла сонечныя панэлі, якія ўсталявалі на новым доме. Гэта значна палегчыла жыццё на хутары ў летні перыяд, бо да дома падведзена старая лінія электраперадач, якая ўжо неспраўлялася з нагрузкамі.

І гэта нягледзячы, што ад аграсядзібы да Беларускай АЭС усяго кіламетраў сорак. Дарэчы суседства з атамным гігантам Алену Трыбулёву зусім не пужае.

 

Перад тым, як штосьці рабіць, павінны сам убачыць, паспрабаваць

На цэнтральнай плошчы ў вёсцы Камарова бясконцы паток аўтамабіляў. Людзі едуць у мясцовую краму, якую трымае сям'я Эдуарда. Едуць з суседніх вёсак, з раёна, кажа ён.

"Нават мінскія, у каторых дачы туды далей, на Блакітных азёрах, на выходных ужо не вязуць прадукты са сталіцы. Набываюць тут, бо ў нас усё ж ёсць і кошты еўраоптаўскія", — упэўнівае Эдуард Вайцяховіч.

Але найбольш славіцца цяпер вёска сваім хлебам, тут ужо сапраўды слава разышлася нават у суседнія раёны.

"Я калі толькі задумаўся пра пякарню, мне мясцовыя ўлады казалі: “Вайцяховіч, ты што матэматыку дрэнна ведаеш? У нас дастаткова хлеба”. На што я ім адказваў, маю бзік: хачу а восьмай раніцы есці хрумсткую булку. Дзе я яе вазьму? Вы мне прывязеце з Мядзела? Ніколі! Гэта 50 кіламетраў, яна ўжо састыне. Адпаведна вы зніжаеце якасць майго жыцця", — распавядае ён.

Пад пякарню змаглі ўзяць у арэнду частку памяшканняў, у якіх калісьці жылі панскія рабочыя. Адрамантавалі, прывялі ў належны стан фасады, дах. У гэтым годзе ўдалося цалкам выкупіць увесь будынак. Зараз плануецца рамонт і па задуме Эдуарда Вайцяховіча тут з'явіцца гатэль.

Вырабляць хлеб на пякарні пачынаюць ноччу, а трэцяй гадзіне, і сканчаюць а 10 раніцы. Так людзі ведаюць, што з адкрыццём крамы заўсёды ёсць свежыя цёплыя вырабы.

Асноўнае абсталяванне для вытворчасці — печы, — набывалі б/у, што абумоўлена коштамі.

"Новая каштуе 150 тысяч еўра, дзе мы такія грошы возьмем? — разводзіць рукамі Эдуард. — Мы купілі за 20 тысяч, але яна нямецкай вытворчасці, добрая, годная".

Тут жа на пякарні знайшлося месца і для вырабу піва, пакуль у невялікіх аб'ёмах — 200 літраў на тыдзень. Каштуе гатовы прадукт крыху даражэй завадскога — 3,5 рублі за 0,5 літра. Але раскупаюць яго імгненна.

Ідэю Эдуард падгледзіў у замежнай паездцы. Кажа, заўсёды думаў, гэта мудрагелістая справа, а апынулася даволі просты працэс. Абсталяванне таксама набывалі не новае, за 1,5 тысяч еўра. Напачатку бралі замежны солад, а пасля паспрабавалі беларускі — аказаўся нічым ня горшы, на ім вырашылі і застацца. Хмель таксама мясцовы.

У планах пачаць вырабляць сыр ды й кіўбасы. І ўсё гэта пад адной маркай "Камарова".

"Гэта ж так важна прасоўваць лакальны, свой прадукт і брэнд", — зазначае Эдуард Вайцяховіч.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость