31.07.2014 / 12:07

Эксперты падсумоўваюць буйны трохгадовы праект, што заканчваецца ў жніўні.

5 159 469 мільёнаў еўра – такі бюджэт трохгадовага праекту ПРААН і Еўразвязу ў Беларусі. Ён быў накіраваны на супрацу ЕЗ і нашай краіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар, Аляксандр Грабянькоў, што напісаў праект ў 2008 годзе, мяркуе, што запланаваныя мэты праекта больш чым дасягнутыя.

Грошы пайшлі на пяць кірункаў: распрацоўка мадэлі сертыфікацыі прадуктаў і паслугаў, зялёныя школы, стварэнне рэгіянальнага Архускага цэнтра ў Гродна, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі і ўдасканаленне заканадаўства па біяразнастайнасці і водных рэсурсаў.

 

Самы дарагі, самы складаны і самы важны

 

Дзве траціны сумы, паводле Чаброўскай Вольгі, кіраўніцы праекта ЕЗ/ПРААН, пайшло на абыходжанне з адходамі: у Мастах і Кобрыне працуюць пілотныя праекты па асобным зборы і перапрацоўцы смецця са значным абнаўленнем інфраструктуры. Распрацаваныя на іх грунце кіраўніцтвы па абыходжанню з адходамі былі накіраваныя ва ўсе рэгіёны Беларусі для выкарыстання.

Каб кіраўніцтвы дзейнічалі, патрэбныя часам не столькі грошы, колькі комплексны падыход – лічыць Зубрыцкі Вадзім, тэматычны каардынатар па пытаннях абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі праекта ЕЗ/ПРААН. Прыкладам ён прыводзіць сістэму збору батарэек, якія пасля не ўтылізуюцца ў Беларусі.

Дзякуючы такім стратэгіям да тэмы адходаў “пачынаюць больш сур’ёзна ставіцца на раённым узроўні, - мяркуе Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў. – …Але поспех рэалізацыі стратэгій шмат у чым быў забяспечаны ўкладваннем грошай. Таму істотна, каб у іншых раёнах былі крыніцы фінансавання, і яны мусяць быць нацыянальныя.

Таксама ён упэўнены, што праекты мусяць быць рэнтабельнымі, а спробы іх зрабіць у Мастах і Кобрыне паказалі, наколькі важная інфармацыйная праца з людзьмі для сістэмы кіравання адходамі на мясцовым узроўні.

У час, што супадае з пачаткам праекта, у Беларусі была прынятая Водная стратэгія РБ, і іх мэты супалі: гарманізацыя заканадаўства Беларусі і ЕЗ, падключэнне грамадскасці да прыняцця рашэнняў. Праз праект унесена колькі паправак у Праект новай рэдакцыі Воднага кодэкса, якія тычацца падыходаў да водных рэсурсаў. Напрыклад, зроблены большы ўхіл больш да аховы і разгляд не асобных азёр і рэк, а водных экасістэм. Новы Кодэкс пачне дзейнічаць у маі 2015 году.

Аж 20 гадоў было ў Беларусі запрашэнне далучыцца да міжнароднага пагаднення – Бернскай канвенцыі – і падчас праекта Беларусь далучылася да яе. У лютым 2013 году прэзідэнт падпісаў Загад “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяродкаў пражывання ў Еўропе”.

Гэта стандарт, на які мы можам раўняцца. Па Бернскай Канвенцыі ахоўваюцца амаль усе мігруючыя віды птушак, біятопы, крыху насякомыя – чаго ў нас яшчэ амаль няма, - кажа Аляксандр Вінчэўскі, тэматычны каардынатар па пытаннях біяразнастайнасці. - Як яна будзе прымяняцца, залежыць ад НДА. А інструмент гэта вельмі магутны”.

Таксама з’явіліся два тэхнічныя нарматыўныя акты – аб ахове і вылучэнні асаблівых прыродных асяродкаў і аб уладкаванні экасцежак; з’явіўся новы план кіравання заказнікам “Ельня”, а сам заказнік за тры гады зрабіўся больш вядомым і прыцягнуў інвестыцыі (напрыклад, ад кампаніі Кока-кола) і турыстаў (штогадовае свята “Журавы і журавіны”).

Самай складанай часткай працы, паводле Вольгі Чаброўскай, была праца па імплементацыі Архускай Канвенцыі – у Беларусі вельмі мала адмыслоўцаў. Таксама ў 2012 годзе ў Гродна з’явіўся другі ў рэспубліцы Архускі цэнтр.

Там цэнтры разгледзелі больш за 200 зваротаў грамадзян і на стварэнне цэнтра сышло каля 20-30 тысячаў даляраў. Для параўнання: за паўтары гады існавання юрыдычнай кансультацыі таварыства “Зялёная сетка” была разгледжана прыкладна такая ж колькасць зваротаў, у тым ліку 18 судоў і каля 300 зваротаў даслалі ў розныя дзяржаўныя органы.

Праз праект з’явілася экалагічная сертыфікацыя прадуктаў і паслугаў. У прыватнасці новая яна для гасцініц і кемпінгаў, у прадукцыі з’явіцца адмысловы малюначак, які абазначае экалагічную чысціню не проста як рэкламны слоган. Выйшлі нарматывы па экалагічнасці для вырабаў з дрэва і мэблі, сінтэтычных мыючых сродкаў і касметыкі.

Вытворца мусіць быць гатовы рэкламаваць сваю прадукцыю, насельніцтва – разумець, што яно выбірае; а для гэтага трэба вялікая праца з насельніцтвам, кампанія, якая скажа, чым гэты прадукт лепш за той, што побач на палічцы”, - кажа Валер Курылаў, дырэктар РУП “Экалогіяінвест”.

Самы важны кампанент праграмы, паводле Вольгі Чаброўскай - Зялёныя школы, бо гэта адукацыя дзяцей. Там дзеткі вывучаюць насякомых, птушак, там уважлівыя да энергазберажэння і рэсурсаў. У Беларусі школ ужо 47 (34 ў Мастоўскім, Міёрскім, Шаркаўчынскім і Кобрынскім раёнах і 13 далучыліся, калі праграма была ад праекта перададзеная Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; яшчэ 150 школ удзельнічаюць у праграме. Усяго ў Беларусі крыху менш за 3400 школ. Любая з іх можа ўвесці ў сябе факультатыў “Зялёныя школы”, распрацаваны для 1-9 класаў.

 

Наступныя - 12 мільёнаў еўра

 

Наступны міжнародны праект падобнага кшталту, але з бюджэтам каля 12 мільёнаў еўра будзе накіраваны на развіццё зялёнай эканомікі. Фінансуецца ён Еўразвязам, рэалізуецца часткова праз ПРААН, а атрымальнік – Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праект мае тры кампаненты – заканадаўчы, практычныя мерапрыемствы і прадстаўленне грантаў НДА. Рэгістрацыя праекта ў Беларусі ўжо пачалася і старт чакаюць у кастрычніку-лістападзе.

Працягласць яго таксама тры гады.

Ганна Валынец

Фота аўтара, greengrodno.info, www.flickr.com

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость