Але для некаторых беларусаў – гэтая праблема амаль штодзённая. Дабіцца цэнтралізаванага водаправоду ў малых населеных пунктах часта немагчыма.
Для мясцовых бюджэтаў гэта дорага. А для саміх грамадзян – тым больш! Свідравіны і калодцы трэба рабіць глыбей, бо вада не толькі забруджваецца нітратамі зверху, але і паціху ад нас сыходзіць.
Як не атруціцца вадою
Асноўная бяда калодзежаў і прыватных свідравін – нітраты. Яны празрыстыя і не пахнуць, таму ў вадзе іх знайсці можа толькі спецыяльная экспертыза. Насамрэч, аналіз даволі танны. Напрыклад, у Гомельскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ён каштуе 6.70 рублёў. Але ж ці шмат беларусаў яго робяць?
Пры гэтым самі спецыялісты гомельскага цэнтра кажуць, што ў больш за траціну калодзежаў вобласці не адпавядаюць санітарным нормам. Цэнтр экалагічных рашэнняў дае больш страшную лічбу. Па іх даных, па краіне небяспечная вада можа быць у 40 – 60% калодзежах.
Праблема тут у здароўі. Нітраты ствараюць добрыя ўмовы для развіцця розных хвароб: пад пагрозай амаль што ўсе органы. Калі такія шкодныя рэчывы трапляюць у арганізм, яны пераўтвараюцца ў нітрыты.
Асноўная небяспека ў тым, што яны пачынаюць ўзаемадзейнічаць з гемаглабінам у крыві – і з-за гэтага ён больш не можа пастаўляць кісларод у тканкі арганізму. У выніку атрымліваем кіслароднае галаданне.
Добрая навіна: нітраты даволі хутка выводзяцца з арганізму. Але ж, калі вы ўвесь час п’яце такую ваду, ды яшчэ ёй мыеце садавіну і паліваеце гарод – у нас для вас дрэнныя навіны.
Каб ваду з калодзежа была бяспечнай, варта зрабіць для яго добрую ізаляцыю, як мінімум, углыбіню на два метры, дадаць крышку і навес. Таксама побач з крыніцай нельга ставіць туалеты, хлявы, гаспадарчыя пабудовы, якія могуць забруджваць грунт. На сваім гародзе і клумбах трэба пільна ўносіць угнаенні, каб іх лішак не трапіў у грунтавыя воды.
Як варыянт, рабіць уласныя свідравіны. Але, па-першае, гэта не танна. Па другое – не факт, што дапаможа. Напрыклад, у вёсцы Пагост-1 Салігорскага раёна на глыбіні да 20 метраў вада з перавышэннем нітратаў, а ніжэй – з перавышэннем жалеза. Цэнтральнага водазабеспячэння няма, і ў выніку сто двароў жывуць без пітной вады. Некаторым дзеці яе прывозяць з Мінску.
Але бліжэй да сталіцы сітуацыя не лепш. У Дроздава, што за два км ад МКАДа, колькасць нітратаў у некаторых прыватных свідравінах перавышае норму ад 2 да 6 разоў. То-бок такая вада не прыдатная для піцця.
Па праекце ў вёсцы павінны быць дзве артэзіянскія свідравіны, якія бралі б ваду на глыбіні 200 метраў. А іх няма, бо не хапае фінансавання. У выніку людзі бураць уласныя, якія бяруць ваду не так глыбока, і яна няякасная. Сельвыканкам добрага выйсця з сітуацыі не прапаноўвае. Сярод жыхароў ёсць меркаванне, што ў запланаваным выглядзе артэзіянскія свідравіны ўжо і не змогуць з’явіцца.
Па плане адна з іх павінна была будавацца на ўчастку, побач з якім за гэтыя гады ўжо вырас хімзавод па вырабу тэхнічных вадкасцей, сродкаў для мыцця і дэзінфекцыі, які належыць “М-Стандарт”. У выніку завод трэба ўлічваць і, магчыма, пераробліваць план, каб у ваду не трапілі шкодныя рэчывы. А гэта зноў жа час і грошы.
Калі сышла вада
Да нітратаў далучаецца і іншая праблема – вада сыходзіць. І гэта залежыць як ад зменаў клімату, так і ад дзейнасці чалавека. Напрыклад, у вёсцы Войтаўцы Гродзенскага раёна. Жыхары забілі трывогу яшчэ ў 2013-м, калі за год перасохлі ўсе калодцы. І гэта пры тым, што сама вёска знаходзіцца ў нізіне.
Мясцовыя жыхары віняць у гэтым меліярацыю. Асушэнне балот тут скончылася яшчэ ў 70-я – узровень грунтавых вод ужо панізіўся. А за некалькі гадоў да гэтага здарэння канавы ў наваколлі паглыблялі і чысцілі.
Вяскоўцы ўпэўненыя, ў выніку ўсіх мерапрыемстваў вада і сышла, хоць ЖКГ Гродзенскага райвыканкама кажа, што работы па меліярацыі тут не пры чым.
У 2013-м улады збіраліся праблему неяк вырашаць і будаваць чатыры грамадскія калонкі з ручнымі насосамі. Мы запыталі ў Гендрыка Бодзюша, старасты Войтаўцаў, якая зараз сітуацыя з вадой у вёсцы:
“У асноўным у калодзежах вады няма. Зрабілі дзве свідравіны на вёску. Але вада з іх не зусім нармальная цячэ: іржы шмат. З гэтым ніхто нічога не робіць. Прыходзіцца карыстацца такою. У цэлым у вёсцы дрэнна з вадою. Свідравіну зрабілі, паставілі ручны насос. Але старыя бабулі ўжо не могуць вады напампаваць – рукамі гэта цяжка зрабіць. Я асабіста паглыбіў свой калодзеж, і ў асноўным карыстаюся ім”.
Гендрык Станіслававіч расказвае, што на былым калгасным двары ёсць закінутая свідравіна. Яе рабілі для таго, каб падводзіць ваду ў будынкі з жывёламі. Вяскоўцы прапанавалі яе пачысціць і правесці водаправод, але такі варыянт не быў прыняты.
Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя Беларусі штогод публікуе справаздачу па назіранні за вадою. Так, па выніках 2019-га года, яны адзначылі агульны спад узроўняў як грунтавых, так і артэзіянскіх вод у сярэднім на 0,29-0,31 м. Больш за ўсё ўзровень падземных вод знізіўся ў басейне Заходняга Буга – у сярэднім на 0,5 м.
Інэса Балоціна, біёлаг, менеджар прыродаахоўных праектаў “Багны”, каментуе, чаму такое адбываецца з нашай вадой:
“Вада сыходзіць, бо меліярацыйныя сістэмы яе штучна адводзяць. Яны дзесяцігоддзямі працавалі ў адзін бок. Другі момант, што тыя ж новыя дарогі ў Альманах пасярод балота – гэта па сутнасці дамба. Яны фізічна тармозяць ваду зверху, давяць на ніжнія гарызонты і парушаюць вадацёк пад імі. Ужо па фота бачна, што ніжэй ад дарогі стаіць сухая тэрыторыя. То-бок гідралагічны рэжым парушаецца. Любая дарога ў Палессі – дамба. Раней з гэтай сітуацыі выходзілі па-іншаму. На адным са шляхоў на Тураўшчыне было каля 40 мастоў. Зараз там засталося літаральна адзін-два. Масты людзі будавалі, каб можна было прапускаць ваду ў абодва бакі. А зараз у лепшым выпадку кладуць трубу. Якая, можа, не спраўляецца з плынню і знаходзіцца не ў самым лепшым месцы”.
Што робіць дзяржава
Добрая вада – у кожны дом. Такая мэта ў дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”. Штогод на яе рэалізацыю выдзяляюцца вялікія сродкі: сёлета – 118,3 млн рублёў. Адна з асноўных яе задач – будаўніцтва станцый абезжалезвання. Напрыклад, у Бярозаўскім раёне толькі ў двух населеных пунктах нормы па жалезу не перавышаны.
У аграгарадку Сакалова па леташнім замерам норма была перавышаная ў 17 разоў. Тут рашэнне выпрацавалі такое: населеныя пункты вакол Бярозы і Белаазёрска падключаць да водазабораў, якія ўжо існуюць.
На астатняй тэрыторыі трэба будаваць свае станцыя абезжалезвання.
Што ня робіць
Ідэальны варыянт для людзей, вядома ж, цэнтральны водаправод. Але не ўсюды ёсць магчымасць яго правесці. А для некаторых праектаў у сельсаветах проста няма грошай. Тут паўстае пытанне размеркавання сродкаў па ўзроўнях бюджэтаў.
Не раз ужо гучала думка, што на месцах трэба пакідаць больш грошай, каб мясцовая ўлада магла вырашаць штодзённыя пытанні жыхароў. Інакш застаецца вечнае пытанне, куды ідуць падаткі. Плацяць усе аднолькава, а ваду атрымліваюць, як пашчасціць.
Другі момант – паніжэнне ўзроўню вады з-за дзейнасці чалавека. Пагаршае сітуацыю яшчэ змяненне клімату. Зараз рамонтам плацін і барацьбой за аднаўленне натуральнага гідралагічнага рэжыму ў асноўным займаюцца няўрадавыя арганізацыі.
Прырода Беларусі належыць дзяржаве, але ратуюць яе ўсе, толькі не дзяржорганы. Было б здорава, калі б новыя праблемы не дадаваліся ў парадак дня прыродаахоўных арганізацый.