01.03.2016 / 18:03

Штогод навучэнцы Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа ў канцы лютага дэманструюць сваю мастацкую фантазію з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Бягучы год не стаў выключэннем, і на базе навучальнай установы прайшла выстава аднаго дня «Прырода вучыць — мы ствараем».

Сёлета ўпершыню ў выставе паўдзельнічалі не толькі будучыя лесаводы, але і педагогі. Таму ўмоўна экспазіцыю можна было падзяліць на тры часткі. У першай дэманстравалі творы навучэнцаў каледжа.

Другая частка экспазіцыі была прысвечана лялькам Цільда. Іх аўтар — выкладчыца геаграфіі Дыяна Гаўрыкава, за няпоўныя два гады свайго захаплення стварыла амаль два дзясяткі лялек. Большасць з іх выкладчыца і майстар прадставіла на выставе.

«Лялькі Цільда з’явіліся ў 1999 годзе дзякуючы маладой нарвежскай дызайнерцы Тоне Фінангер, — праводзіць Дыяна Гаўрыкава экскурс у гісторыю. — Яна распрацавала выкрайкі саміх лялек, вопраткі, прыдумала вобразы, якімі натхніла сотні і тысячы людзей ва ўсім свеце».

Педагог дадатковай адукацыі Таццяна Шакаль кіруе гуртком «Фантазія», які працуе на базе каледжа. У трэцяй частцы выставы — працы яго выхаванцаў, а таксама аўтарскія творы педагога, у якіх выкарыстоўваюцца прыродныя матэрыялы: камень, гіпс, дрэва.

«Вельмі люблю камень, — прызнаецца Таццяна Шакаль. — Працую з ім крыху болей за тры гады. Нават не малюю — хіба што дамалёўваю тое, што пачала прырода. Уласныя здольнасці, крыху таленту... Гэтаму ж вучу і дзяцей».

«Неўзабаве лепшыя з твораў, якія прадстаўлены на выставе, накіруюцца ў Віцебск, на абласны конкурс, — распавяла Марыя Іванова, намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай працы. — Мы ўдзельнічаем у такіх конкурсах штогод. А летась на рэспубліканскай выставе адна з нашых работ была ўганараваная дыпломам III ступені!»

У фае другога паверха каледжа, дзе і месцілася экспазіцыя, стала працуе фотавыстава знакамітага выпускніка Ляснога каледжа Сяргея Плыткевіча. А летась, дарэчы, валанцёрскі экалагічны атрад навучальнай установы «ЭКОС» у конкурсе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя «Моладзь за чысціню гарадоў і сёл» заняў першае месца ў намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) сярод студэнцкай моладзі».

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость