01.04.2019 / 10:04

З амаль двух сотняў зваротаў  у АПБ у мінулым годзе  толькі 22%  мелі рэальнае абаснаванне. Амаль у палове выпадкаў людзі звярталіся ў АПБ, бо не маглі самастойна правільна ацаніць сітуацыю і былі ўпэўненыя, што птушкі чакалі дапамогі там, дзе ў ёй не было патрэбы.

Згодна са статыстыкай АПБ, амаль у палове выпадкаў птушкі маюць патрэбу ў доўгатэрміновым ці пажыццёвым утрыманні ў няволі. Але праблема ў тым, што ў Беларусі няма адзінай арганізацыі, куды можна было б перанакіраваць жывёлу. Пад кожную гісторыю трэба прадумваць індывідуальныя рашэнні.

Каб зразумець, ці праўда жывёле трэба дапамагчы, кансультантка ці кансультант распытвае чалавека, які тэлефануе. Калі ўзнікаюць сумневы, званок адразу перанакіроўваецца спецыялісту-арнітолагу.

Чалавеку задаюць кантрольныя пытанні, могуць папрасіць прыслаць фота ці відэа. Калі становіцца зразумела, што жывёле праўда трэба дапамагчы, чалавеку даюць кантакты ветэрынараў ці іншых асобаў, да якіх можна звярнуцца.

У Сусветны дзень птушак Зялёны партал распытаў спецыяліста па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”  Максіма Нямчынава, хто і чаму звяртаецца па дапамогу ў яго арганізацыю.

Максім, хто часцей за ўсё звяртаецца па дапамогу?

Звычайна гэта людзі старэйшага, пенсійнага ўзросту. Гэта большасць, але яна не дамінуючая. Магчыма, у гэтых людзей проста больш часу, таму яны і часцей да нас звяртаюцца. Моладзь таксама тэлефануе, але гэта больш адзінкавыя выпадкі.

cont.ws
cont.ws

Наколькі сярод людзей распаўсюджана спажывецкае стаўленне да вас і вашай працы?

Гэта і праўда праблема. Па-першае, некаторыя людзі не ўяўляюць, што яны тэлефануюць не ў дзяржаўную структуру, а ў грамадскую арганізацыю. Мы такія ж людзі, як і яны, проста мы згуртаваліся вакол канкрэтных інтарэсаў. Па-другое, ёсць пэўны ўплыў тэлеперадач: людзі бачаць, што на захадзе ёсць спецыялізаваныя службы, у якія можна перадаць такі запыт, і гэтая служба яго выканае. Там ёсць ветэрынары, ёсць спецыялісты, якія з’ездзяць за жывёлай і прывязуць яе куды трэба. У арганізацый на гэта ёсць рэсурсы. Часам людзі чакаюць гэтага і ад нас: яны нам тэлефануюць ва ўпэўненасці, што мы і ёсць такая арганізацыя, у якой ёсць і кіроўца, і транспарт, і паліва, і ветэрынар, і места для ўтрымання жывёлаў. А мы займаемся зусім іншым.

І праўда ёсць даволі вялікі адсотак людзей з тыпова спажывецкім стаўленнем: “Я вам інфу скінуў, а вы далей разбірайцеся”. Гэта ёсць і гэта праблема.

Вы шмат займаецеся асветніцкай дзейнасцю і расказваеце, што тых жа злёткаў не трэба кранаць, але людзі ўсё адно гэта робяць. Чаму так атрымліваецца?

Цяжка сказаць. Дакладна мы бачым, што застаецца вялікі адсотак запытаў адносна злёткаў. Магчыма, людзі не падключаны да тых каналаў, праз якія мы распаўсюджваем інфармацыю (хтосьці ж толькі глядзіць тэлевізар, хтосьці атрымлівае навіны толькі праз інтэрнэт). Калі казаць пра тэлевізар, дык у людзей іх асабісты жыццёвы расклад можа не супадаць з тэлевізійным раскладам.

 ptushki.org
ptushki.org

Яшчэ адзін аспект – гэта тое, што мы ўсе абмежаваныя ў свеце, і калі інфармацыі становіца зашмат, людзі перастаюць яе засвойваць. Калі нейкія рэчы не тычацца чалавека кожны дзень, ён пра іх проста забывае, пакуль не сутыкнецца “лоб у лоб”. Кожны ж ведае, што курыць шкодна, але колькі курцоў навокал. Тое ж самае атрымліваецца і тут: людзі недзе чуюць інфармацыю пра злёткаў, але пакуль яна іх не тычыцца, яны проста не звяртаюць на яе ўвагу.

 А калі яны потым асабіста сутыкаюцца са злёткам, і ў іх выбух пачуццяў і сімпатыі да гэтай птушкі, яны не ўзгадваюць, што ім раней казалі. Яны  хочуць пра яе паклапаціцца тут і зараз: без папярэдняй перадгісторыі, без думак пра тое, што будзе потым. Яны шукаюць, каму б патэлефанаваць. І нярэдка знаходзяць нас.

Служба 115 часам таксама накіроўвае людзей да нас. Мы ўжо некалькі разоў казалі ім, што не займаемся аказаннем непасрэднай дапамогі, што можам пракансультаваць чалавека, падказаць, ці варта далей да кагосьці звяртацца і ўвогуле чапаць знойдзеную птушку. Але гэтая служба ўсё адно перанакіроўвае людзей да нас і, відавочна, ставіць сабе галачку, што іх функцыя выканая.

А людзі ж вельмі давяраюць службе – яна паўсюль рэкламуецца і па некаторых пытаннях праўда вельмі эфектыўна працуе. Адпаведна, людзі мяркуюць, што і ў выпадку са знойдзенай птушкай ці жывёлай ім там таксама могуць дапамагчы.

 laralelya.livejournal.com
laralelya.livejournal.com

Наконт якіх птушак у вас больш за ўсё зваротаў?

Часцей за ўсё звяртаюцца наконт птушак, якія жывуць у горадзе традыцыйна і масава. Іх больш, яны часцей трапляюць у розныя сітуацыі, людзі іх часцей заўважаюць. Як правіла, гэта буйныя птушкі: вароны, гракі, качкі, лебедзі.

Часта бываюць памылковыя запыты. Маё ўлюблёнае – гэта свіргулі (рус. “стрижи”). Мінулым годам пад дзесятак разоў нам тэлефанавалі з аднолькавым запытам: нам у вакно заляцеў шуляк” (рус. “ястреб”). Я спачатку спрабаваў зразумець, што гэта за шуляк, адкуль ён мог узяцца, але пасля некалькіх аднатыпных званкоў ужо задаваў стандартныя пытанні: цёмны, памерам з далонь ці крыху большы? І так, кожны раз гэта былі свіргулі.

Запыт аказваецца даволі масавы, таму што свіргулі ёсць, і ў іх такая спецыфіка, што калі яны маюць траўму, дык адразу прыцягваюць да сябе ўвагу.

Яшчэ адзін тыповы памылковы запыт – гэта лебедзь з нібыта зламанай ці вывіхнутай лапай. У гэтых птушак ёсць такі тып паводзінаў: калі паветра цяплейшае за ваду, яны выстаўляюць лапы пагрэцца на паветры. І можна заўважыць, што плавае такая лебедзь, а ў яе з-пад крыла тырчыць лапа з перапонкамі. На дзіва, даволі шмат людзей лічыць, што гэта вывіхнутая ці неяк інакш траўмаваная лапа. Гэта не вельмі часты запыт, але паўтараецца ён з году ў год. Людзі тэлефануюць, дужа хвалююцца: “Хутчэй, хутчэй прыязжайце, у нас тут лебедзь зламаў нагу, плавае і не можа яе ў ваду апусціць”.

Наконт лебедзяў ёсць яшчэ адзін тып забаўных запытаў: у некаторых з іх на шыях бываюць ашыйнікі для адсочвання міграцыі. Людзі бачаць, што ў птушкі нешта на шыі, не ведаюць, што менавіта гэта такое, і хвалююцца.

Літаральна некалькі дзён таму запыт быў сфармуляваны так: “У лебедя на шее втулка от туалетной бумаги, как её снять?” Мы патлумачылі, што нічога здымаць не трэба, што гэта такі адмысловы ашыйнік, і што з птушкай усё ў парадку. На шчасце, званіла вельмі адэкватная жанчына, якая ўспрыняла інфармацыю і падзякавала за тлумачэнне.

А ёсць жа людзі, якія пачынаюць казаць, што мы ўсё робім няправільна: “Нет, так не надо делать, надо надевать колько на лапу! Послушайте меня внимательно!” Але ж справа ў тым, што ў лебедзя лапы ў вадзе, так што чапляць туды кольцы для назірання проста бессэнсоўна.

У нас ёсць птушкі, якія жывуць з ашыйнікамі ўжо 7-8 гадоў, і з імі ўсё цалкам у парадку. Ашыйнікі не замінаюць ім весці звычайнае жыццё. Проста калі птушка ў зімовым пер’і, збоку можа падацца, што ашыйнік пераціскае шыю. Але гэта ілюзія, на самой справе ўсё там добра, – ашыйнік у тры разы шырэйшы за шыю.

Даволі шмат пытанняў, калі пачынаецца сезон і вылятаюць подлеткі драздоў-піскуноў. Гэта масавы від, які ў Менску часта гняздуецца калоніямі ў скверах і парках. Ім не патрэбнае кустоўе і раскідзістыя кроны – дастаткова нават абрэзаных дрэваў. Іх даволі шмат, і людзі часта натыкаюцца на подлеткаў. А птушка агрэсіўная і заўважная: крычыць, калі побач з подлеткам аказваецца чалавек. Зваротаў па гэтай птушцы шмат, але збольшага гэта тлумачыцца тым, што від масавы ў асяроддзі.

 movananova.by
movananova.by

Ці ёсць у вас гарачыя і “мёртвыя” сезоны?

Першая хваля зваротаў – гэта перыяд, калі пачынаюць разлятацца подлеткі, а другая – гэта пачанак восеньскіх перамяшчэнняў (пачынаецца ў другой палове жніўня). Другая хваля звязана з тым, што подлеткі, якія сталі ўжо маладымі птушкамі і самастойна перамяшчаюцца, сутыкаюцца са шклом.

Трэба разумець, што шкло – гэта прадмет, для якога ў прыродзе не існуе аналогіі. Птушкі не прыставаныя экалюцыйна, а многія птушкі і не навучаюцца. У выніку яны б’юцца ў шкло. Яны бачаць там алюстраванне дрэваў, чагосьці яшчэ, і ляцяць у гэтым напрамку.

Па законах оптыкі, у адлюстраванні прадмет выглядае далейшым за шкло гэтак жа сама, як у рэальнасці паміж ім і шклом ёсць пэўная дыстанцыя. Адпаведна, птушкі ляцяць на вялікай хуткасці і ўразаюцца. У залежнасці ад ступені пашкоджання птушка гіне альбо адразу, альбо праз некаторы час.

 berkshireeagle.com
berkshireeagle.com

У Менску ў нас ёсць некалькі будынкаў (збольшага гаворка пра высокія бізнэс-цэнтры), дзе птушкі б’юцца найчасцей. І людзі часта проста не ўсведамляюць, што адбываецца. Яны тэлефануюць і кажуць, што ў іх на паркоўцы перад працай некалькі загінулых птушак. Спачатку мы і самі не разумелі, што ж такое, але потым зразумелі, што гэта тыя птушкі, што разбіліся аб вокны.

Хоць часцей за ўсё птушкі б’юцца аб высокія будынкі з вялізнымі вокнамі, бываюць у нас запыты і з прыгараду, дзе яны ўразаюцца зусім невялічкія вокны. У рэальнасці нават маленькае люстэрка можа стаць прычынай смерці.

Часцей за ўсё б’юцца, канешне, маладыя птушкі, яны ляцяць упершыню, шкло бачаць упершыню, у іх няма аніякага адпаведнага вопыту, усё скончваецца кепска.

Самы ціхі сезон – гэта канец ліпеня. Там ёсць некалькі тыдняў, калі ўжо няма маладых птушанятаў, але яшчэ не пачалася міграцыя.

Якія самыя экстравагантныя запыты ў вас здараюцца?

Самы экстравагантны запыт – гэта калі тэлефануюць у арганізацыю, якая называецца “Ахова птушак бацькаўшчыны” і просяць перастраляць усіх гракоў ці варон у двары. Калі ў двары калонія гракоў, некаторым людзям замінае, што яны шумяць. А бывае, дарэчы, і канфлікт інтарэсаў сярод саміх жыхароў: некаторым падабаецца, што хоць нейкая прырода ёсць, а іншых гукі раздражняюць.

Часта гэта тычыцца раёнаў тыпу Серабранкі – спальных раёнаў горада з высотнай забудовай, дзе ўсё вакол каменнае і бетоннае, і толькі ў дварах захаваліся старыя дрэвы.

Калі я бачу, што чалавек пераходзіць да асабістых прэтэнзій, і што канструктыўнага дыялогу ўжо не атрымаецца, я  кажу, што ў мяне пад вокнамі ходзяць трамваі, і ны проста неверагодна замінаюць сваім шумам. Карацей, я прапаноўваю спачатку перастраляць трамваі, а потым ужо брацца за птушак.

Калі чалавек знаходзіць параненую птушку, што трэба рабіць?

З гэтым пытаннем ёсць складанасці. Ёсць зафіксаваны дзяржавай алгарытм дзеянняў, у адпаведнасці з якім трэба звярнуцца ў тэрытарыяльнае аддзяленне Міністэрства надзвычайных сітуацый альбо ў тэрытарыяльны ворган выканаўчай улады. Далей яны ініцыююць працу адпаведнай камісіі.

Але гэта даволі працаёмкі працэс і на самой справе ён далёка не заўжды патрэбны, бо, па-першае, ёсць віды, які не патрабуюць для выняцця з прыроды аніякіх дазволаў. Ёсць адпаведны спіс відаў, якія можна проста вымаць для мэтаў утрымання і навуковых мэтаў. Аказанне дапамогі перасякаецца з часовым утрыманнем, так што, апелюючы да гэтага,птушку можна вымаць з дзікай прыроды.

Калі відавочна, што ёсць траўма, можна яшчэ тэлефанаваць у мясцовую Інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там працуюць людзі, якія дакладна ведаюць, што рабіць далей і да каго звяртацца.

Таксама варта прыкінуць, што гэта за птушка і разлічыць свае сілы: ці то чалавек хоча проста паведаміць пра знойдзеную птушку, ці то гатовы далей удзельнічаць у яе лёсе. Калі ёсць час, сілы і жаданне дапамагаць далей, можна звяртацца і да нас. Мы падкажам, што за птушка, куды можна звярнуцца, якім ветэрынарам адвезці.

Автор:
Фотограф:
pinterest.co.uk
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость