01.06.2015 / 16:06

З ачышчэннем сцёкавых водаў у Беларусі не ўсё кепска, але праблемы ёсць. Што за яны, і як іх вырашаць, расказвалі ўдзельнікі секцыі «Вада» ў межах Рэспубліканскага экалагічнага форуму і першай спецыялізаванай экалагічнай выставы «Зялёны дом», што прайшлі напрыканцы мая.

«РадалітАква»: еўрапейскія тэхналогіі могуць не падыходзіць Беларусі

У галіне ачышчэння сцёкаў у Беларусі больш жорсткія нарматывы, чым у Еўропе, сцвярджае Дзмітры Станкевіч, дырэктар кампаніі «РадалітАква». Але гэта стварае нечаканыя нязручнасці: «У Еўропе адрозніваецца заканадаўства: там дазволена ўтрыманне нафтапрадуктаў у колькасці 5 міліграмаў на літр, у нас — 0,3 [у ліўневых сцёках, - аўт.]. Па ўзважаных рэчывах у нас таксама ў 2,5 разы больш жорсткія патрабаванні. Натуральна, настолькі вялікай розніцы ў ачыстцы дамагчыся аднымі і тымі ж тэхналогіямі немагчыма», — кажа ён.

Прымяняючы ачысныя збудаванні ў Еўропе, паводле Дзмітрыя, усе пачынаюць з палісцэнцыі. То бок брудны сток праходзіць праз стокавую структуру і за кошт уласцівасцей матэрыялу застаецца на ім.

«На жаль, у нас заканадаўства ніяк не выключае магчымасць выкарыстання тэхналогій, якія прадаюцца пад выглядам класнага нямецкага і еўрапейскага абсталявання», — зазначае Дзмітры. Яго фірма займаецца беларускім, літоўскім і ў некаторых выпадках еўрапейскім абсталяваннем. Карыстаюць расійскае і ўсходняе, але таксама прыдатнае не ўсё.

  • Фірма «РадалітАква», па словах яе дырэктара, у мінулым годзе паставіла ачышчальнае абсталяванне на 96 аб’ектаў. Яна абслугоўвала амаль усе сеткі АЗС, з буйных прадпрымстваў — ААТ «Керамін».

Ачышчальная пабудова «Гроднаводаканала»

Спецыфічныя сцёкі могуць парушыць працу камунальных ачышчальнах сістэм

Апісваючы сістэму рэгулявання скіду сцёкавых водаў, іншую праблематыку кранула Сняжана Дубянок, кіраўніца аддзела РУП «ЦНДІКІВР» (Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута выкарыстання водных рэсурсаў).

Апроч плюсаў сістэма рэгулявання ў Беларусі мае і мінусы, адзін з якіх звязаны са скідам неачышчаных водаў:

«Цэлы шэраг галін прамысловасці мае спецыфічныя сцёкавыя воды: хімічная, мікрабіялагічная, фармацэўтычная, мяса-малочная, якія скідваюць свае воды ў сеткі каналізацыі праз залпавы скід», — кажа яна. Гэта прыводзіць да парушэння працы ачышчальных збудаванняў, і, як вынік, мы можам мець павышанае забруджванне гэтых водаў ужо на скідзе пасля камунальных ачышчальных сістэм у водныя аб’екты.

Вырашэннем праблемы Сняжана бачыць уніфікацыю патрабаванняў па лакальнаму ачышчэнню вытворчых сцёкавых водаў перад адвядзеннем іх у каналізацыю.

Еўрапейскае заканадаўства ў гэтай галіне дакладна прапісвае тыповыя патрабаванні. У нас жа яны прапісаныя ў дадатку да ТКП (тэхнічнага кодэксу ўсталяванай практыкі), які мае рэкамендацыйны характар.

Мяса-малочныя брудныя рэкі

Прыклады, якія прыводзіла Сняжана, адносяцца да мясной і малочнай прамысловасці. З 75 буйных малаказаводаў у водныя аб’екты адводзяць свае воды літаральна 4-5, каля 10 — на палі фільтрацыі і астатнія — у сістэму каналізацыі. Паказнікі могуць адрознівацца ў 5-6 разоў, прычым верхняя мяжа, якая дасягаецца пры скідзе ў каналізацыю, нашмат перавышае норму для водаў, што скідваюцца ў вадаёмы.

Палі фільтрацыі ў Віцебскім раёне

Рашэннем праблемы, на думку выступоўцы, з’яўляецца ўніфікацыя патрабаванняў розных устаноў да нармавання вытворчых сцёкавых водаў, якія выводзяцца ў каналізацыю, і вызначэнне, калі лакальнае ачышчэнне сцёкавых водаў абавязковае.

Праблема вельмі актуальная, бо павялічылася колькасць мяса-малочнай прадукцыі, мяркуе Валеры Знавянкоў, дырэктар сумеснага прадпрыемства «ЭВК-Тэхніка» («Экалогія, водазаспячэнне, каналізацыя»).

«Ёсць праграмы па нарошчванню вытворчасці малака, масла, сыра і масла, а праграм, якія вырашалі б пытанні ачышчэння сцёкавых водаў, няма, — кажа ён. — Ступень ачышчэння не павялічваецца, воды скідваюцца ў трансмежныя рэкі, і ўвесь прыбытак прадпрыемстваў ідзе на аплату штрафаў».

Ачышчальныя пабудовы ў Гарадзенскай воласці, па якой выпала паездзіць Валерыю, па яго ацэнцы, у жудасным стане, большасць збудавана ў савецкі час:  «Возьмем “Беллакт” — буйное прадпрыемства. Скідвае сцёкавыя воды без усялякага ачышчэння, 4000 м3 за суткі на палі фільтрацыі. Яны знаходзяцца ў прыбярэжнай ахоўнай зоне. А побач мясакамбінат — тое ж самае. І такіх прыкладаў вельмі шмат».

Прадпрыемства Валерыя зараз па даручэнню старшыні аблвыканкама працуе над шляхамі вырашэння праблемы і дапамагае знайсці фінансы. Ужо пераабсталявана некалькі прадпрыемстваў, сярод якіх, напрыклад, малаказавод у Шчучыне.

Палі фільтрацыі могуць нашкодзіць якасці пітной вады

Праблему для падземных водаў Уладзімір Ануфрыеў, кіруючы кафедрай «Водазабяспечванне і водаадвядзенне» БНТУ, бачыць у палях фільтрацыі. Яны, на яго думку, састарэлі. Да таго ж у Воднай стратэгіі да 2020 года гаворыцца аб тым, што палі фільтрацыі, трапляючы ў зону ўплыва водазабора, уплываюць на яго негатыўна. 

Галоўны недахоп такіх палёў, на думку Уладзіміра, — тое, што ніяк нельга праверыць якасць вады пасля фільтрацыі. Гэта магчыма толькі постфактум, калі вада ўжо трапіла ў навакольнае асяроддзе. Аналагічна з фільтрацыйнымі траншэямі і падземнымі палямі фільтрацыі.

У якасці рашэння праблемы Уладзімір прапануе ўдасканаленыя палі — грунтова-раслінныя пляцоўкі з гідраізаляцыяй знізу і воднымі раслінамі зверху. Расліны дапамогуць прыбраць з вады біягены, а з ваколіц — характэрны непрыемны пах. Вывад ачышчанай вады прапануецца ў калодзежы ці трубаправоды, дзе можна кантраляваць якасць з наступным адвядзеннем у водны аб’ект ці паўторным выкарыстаннем.

 

Автор:
Фотограф:
dance-dome.ru, geolocation.ws, vodokanal.grodno.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость