01.06.2016 / 20:06

Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Суседзі з усходу, бываючы ў Беларусі, захапляюцца чысцінёй беларускіх вуліц, аднак самі беларусы часцяком ігнаруюць гэты тэзіс. Што праўда — не ўсе. Падзея, на якой пабываў карэспандэнт Віцебскага Зялёнага партала, — яскравае пацвярджэнне існавання людзей, неабыякавых да навакольнага асяроддзя.

Гутарка ідзе пра суполку падводных паляўнічых Полаччыны. У адны з майскіх выхадных яны зладзілі акцыю па ўборцы берагавой лініі і прыбярэжнай акваторыі возера Белага, што ў вёсцы Азіна Полацкага раёна.

Возера Белае знаходзіцца ў басейне ракі Дрысы, у паўночна-заходняй частцы вёскі Азіна. Назва «Белае» тлумачыцца тым, што ў возеры месціцца шмат крыніц, вада чыстая і празрыстая. Плошча возера — 1,48 км2. Найвялікшая глыбіня — 10,2 м. Даўжыня — 2,65 км, даўжыня берагавой лініі — 7,5 км. Берагавая лінія звілістая, утварае затокі і паўвыспы. Возера насяляюць лешч, шчупак, плотка, сазан, карась, судак, лінь, акунь, чырвонапёрка, верхаводка і іншая рыба. Возера Белае з’яўляецца месцам рассялення сялявы, якая водзіцца толькі ў некалькіх азёрах Беларусі.

Адзін з ініцыятараў акцыі «Беражы прыроду!» — падводны паляўнічы са стажам Аляксандр Цурын.

— Для паляўнічага галоўнае — не ўлоў рыбы, а сузіранне дзівоснай прыгажосці падводнага свету. Падводны свет беларускіх вадаёмаў не меней прыгожы, чым у марской акваторыі, ён багаты расліннасцю і наяўнасцю разнастайных відаў рыб. Таму так важна берагчы прыроду, падтрымліваць санітарна-тэхнічны і экалагічны стан беларускіх вадаёмаў.

Ініцыятыву падводных паляўнічых падтрымаў Азінскі сельсавет. Яго старшыня Алена Чувашэнка распавяла, што возера Белае карыстаецца неверагоднай папулярнасцю ў жыхароў рэгіёна: у сезон на адпачынак сюды прыязджае 300-400 чалавек штодня!

— Белае — унікальнае возера, — лічыць Алена Чувашэнка. — Паглядзіце, наколькі празрыстая вада! Кожны каменьчык на дне відаць на некалькі метраў наперад! Вясной, дарэчы, у нас тут 32 лебедзя жылі. Таму важна падтрымліваць экалагічны стан возера. Але калі чысціню берага стараемся падтрымліваць, і мясцовы бізнес дапамагае, то само возера мы пачысціць не можам. І мы з радасцю адгукнуліся на ініцыятыву падводных паляўнічых.

Прыродны вадаём ўяўляе сабой біялагічна збалансаваную экалагічную сістэму, наладжаную на самаачышчэнне і самааднаўленне. Забруджванне вадаёмаў прыводзіць да парушэнняў натуральнай жыццядзейнасці гідраэкасістэмы, яго эўтрафікацыі, памяншэння біялагічнай разнастайнасці і робіць вадаём небяспечным для прыбярэжных экасістэм і немагчымым для выкарыстання падчас адпачынку. Не ўсе, хто любіць праводзіць час на прыродзе, ведаюць, што толькі жалезную банку іржа будзе раз’ядаць паўстагоддзя, папяровыя адходы раскладаюцца 2-3 гады, драўляныя — 10 год, а матэрыял, з якога вырабляюцца пластыкавыя бутэлькі, наогул не раскладаецца…

Сабраліся на акцыю мясцовыя жыхары: супрацоўнікі дзіцячага сада, сельвыканкама, бібліятэкі-клуба, мясцовага лясніцтва і іншыя людзі — актыў вёскі. З вывазам сабранага смецця дапамагло УП «Ветрынская ЖКГ», якое прадаставіла грузавік.

Агулам у акцыі прынялі ўдзел болей 50 чалавек. Падводныя паляўнічыя зварылі цэлы казан шурпы, якой частавалі ўсіх ахвотных. Дарэчы, падчас падводнага рэйду знайшлі пару сетак, якія паставілі браканьеры — вядома, сеткі ліквідавалі.

У разгар мерапрыемства акцыю наведалі прадстаўнікі Наваполацкай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яны правялі невялікі семінар, падчас якога яшчэ раз нагадалі аматарам падводнага свету нарматыўна-прававыя нюансы.

Дарэчы, 11 чэрвеня ў вёсцы Азіна адбудзецца маштабнае раённае свята «Звіні, хваля азёрная!», якое дасць старт купальнаму сезону.

Автор:
Фотограф:
Ігар Палынскі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость