Аб гэтым Воля паведаміла карэспандэнту партала Ecoidea.by Надзеі Дубоўскай.
– З вашымі малюнкамі выйшла ўжо шмат дзіцячых кніжак пра адыходы і клімат, некалькі відэаролікаў, магнітаў і паштовак. Як вы пачалі займацца экалагічнай тэмай?
– Я даўно працую з сацыяльнымі і грамадска значнымі тэмамі. Можа быць, па той прычыне, што яны мне блізкія каштоўнасна, па духу і настроі. Усе гэтыя тэмы мне баляць, і так атрымліваецца, што прыходзяць замоўцы, якіх хвалюе тое самае, што і мяне. Калі да мяне звяртаецца арганізацыя, то звычайна – з глабальнай тэмай, якой супрацоўнікі моцна апантаныя. Кшталту «Клімат змяняецца, што рабіць?».
Гэта вельмі шырокая тэма з мноствам навуковых даследаванняў, але каб зачапіць ёй грамадства, трэба сфармуляваць адзін мэсадж, які будзе не толькі вельмі важны, але і блізкі ды зразумелы і зможа прыцягваць людзей. Я не абмяжоўваю эмацыйнасць у сваіх ілюстрацыях, бо менавіта на гэтым ўзроўні найбольш трывала можна зачапіць аўдыторыю сацыяльнай праблемай. Некалькі тамоў з выверанымі графікамі і лічбамі добра чапляюць спецыялістаў, але калі іх раздаваць шырока людзям, то застанецца крыўдаваць, чаму мала каго хвалюе экалагічная небяспека.
Мяне вельмі радуе, што я ствараю працы, якія сапраўды могуць змяняць канкрэтных людзей, і тое, што я магу бачыць гэтыя перамены.
– Ці змяніўся ваш светапогляд і адносіны да навакольнага асяроддзя за час працы з экатэмай?
– Вядома, светапогляд прагрэсуе. Калі атрымліваеш замову, паглыбляешся ў яе максімальна, для таго каб адчуць яе. Але, напэўна, найбольш у экатэмах прасунуліся мае блізкія і сябры, таму што ўсіх цікавіць, якая апошняя кніга з маімі ілюстрацыямі выйшла, ці просяць: «А дай у гульню пагуляць, якую ты рабіла!»
Мае бацькі, браты і сёстры жывуць у вёсцы на Палессі. У іх прагрэс відавочны: выкідаюць смецце асобна, маці распавядае былым каляжанкам, чаму важна сартаваць смецце і чаму цяпер на поўдні Беларусі растуць кавуны. І мая сям’я не выключэнне: на гародзе ўжо каторы год саспяваюць кавуны, а таксама ўсё часцей палешукі збіраюць па два ўраджаі клубніцаў за сезон. Людзі задаволеныя, бо можна адзін ураджай прадаваць, а другі пакідаць сабе. Але зразумела, што мала хто задумваецца пра негатыўныя працэсы, якія суправаджаюць пацяпленне клімату. Калі прыязджаю ў вёску, прывожу сваякам літаратуру з маімі малюнкамі. Яны чытаюць, разглядаюць, пачынаюць абмяркоўваць глабальныя праблемы на падставе мясцовых праяваў.
– У вас нядаўна нарадзіўся сын. Ці пачалі вы інакш ставіцца да ўплыву наваколля на здароўе?
– Што датычыць здаровага харчавання, то наша сям’я прытрымліваецца яго ўжо даўно. Зараз наогул не набываем цацак, бо цэлы мех перадалі сваякі ў «спадчыну». Збольшага гэта пластык, канешне. Але файна, што родзічы ахайна збераглі гэтыя рэчы, якія маглі б проста пераўтварыцца ў смецце. Мы самі, калі штосьці набываем, то імкнемся абіраць вырабы з натуральных матэрыялаў, драўляныя.
Ужо пачынаю хвалявацца, чаго не стае, каб дзіцятка атрымлівала інфармацыю пра навакольнае асяроддзе з малых гадоў. Намагаемся максімальна зрабіць так, каб сын рос у гэтым, каб для яго экалагічны лад жыцця быў натуральны.
Хутка будзем вырашаць пытанне, які вазочак арганізаваць сыну, каб вярнуцца да велапрагулак ужо разам.
– Вы сацыяльна актыўны чалавек. А што да экалагічнага руху? Ці ўдзельнічалі вы калі-небудзь у экалагічных акцыях?
– Не, але я раблю максімальна, што магу, сама. Калі выязджаем кудысьці на прыроду – а мы вельмі любім зрывацца са справаў і ехаць за горад – звычайна пачынаем з маленькай экалагічнай акцыі. Трэба ўсё прыбраць, а потым ужо з задавальненнем адпачываць. Таму даводзіцца заўжды мець з сабой пакеты для смецця.
Аднойчы я ладзіла святкаванне дня нараджэння на маёй радзіме на Прыпяці. Туды, да ракі, заўсёды прыязджае на рыбалку вельмі шмат людзей з Мінска, мясцовыя таксама вудзяць. Цікава, што гэтыя рыбакі ўсе з моднымі вудамі, у прыгожай амуніцыі, а смецце кідаюць у яміны пад кусты. Там вельмі прыгожа, а ў кустах хаваюцца горы пластыку. Таму перад святкаваннем таксама давялося прыбрацца. Мы гэта рабілі са спадзяваннем, што людзі, якія прыйдуць пасля нас, убачаць, што тут чыста, і сваё смецце забяруць з сабой.
– Якія ў вас адносіны з роварам? Гэта для вас спорт, транспарт ці нешта іншае?
– Я вырасла на вёсцы, таму з дзяцінства на двух колах. Там гэта не забаўка, а транспарт, на якім увесь час патрэбна нешта вазіць, цягаць. Гадоў 15 таму, калі пачала жыць у Мінску, здавалася, што няма магчымасцей карыстацца тут роварам. Зараз сітуацыя вельмi змянілася. Канешне, Мінску ёсць яшчэ куды рухацца. Наша роварная дарожка занадта маленькая.
Першым горадам пасля роднай вёскі, дзе я села на ровар, быў Берлін, і тая сітуацыя стала для мяне штуршком, што час карыстацца ім у Мінску. Тады мы спяшаліся на маю выставу, і людзі, у якіх я жыла, прапанавалі: «Пагналі на роварах, так будзе хутчэй!» Яны дасталі мне ровар, такі стары, просты, на якіх ездзіць уся Еўропа. Мы несліся па Берліне сярод людзей, абганялі аўто і грамадскі транспарт! Прайшоўшы такую экстрымальную школу, мне захацелася з ветрыкам ганяць таксама па Мінску. З той пары я на ровары.
Быў час, калі ездзіла на ровары ў офіс. Гэта была буйная ІТ-кампанія, у якой нават адмыслова ўсталявалі душ для супрацоўнікаў-роварыстаў і адвялі ў будынку месца для паркоўкі ровараў.
– Адна з экалагічных праблем, якая гэтымі днямі хвалюе людзей, – абрэзка дрэваў у горадзе. У вас ёсць малюнкі і на гэтую тэму. Чаму яна вас зачапіла?
– Гэта проста непрыгожа. Страшныя дрэвы выклікаюць вельмі сумныя эмоцыі, асабліва ўвесну, калі надвор’е панурае. Нехта гаворыць: «Што вы хвалюецеся? Няўжо дрэвам баліць?» Баліць не толькі дрэвам, але і людзям, якія на гэта глядзяць. Часцей у дрэваў не проста падразаюць некаторыя галінкі, што апраўдана, а спілоўваюць іх так, што застаецца толькі пень, і частка дрэваў у выніку гіне.
Падобная сітуацыя і са зборам лiсця па восені. Пажоўклае лісце не толькі натхняе рамантыкаў, але і абараняе глебу. Я люблю пабадзяцца па парку пасля працоўнага дня ў кастрычніку-лістападзе. Але аднойчы прачынаешся, глядзіш у акно, а там ужо шэрая зямля і натоўп дворнікаў, якія ўсё лісце выграблі замест таго, каб падмесці толькі дарожкі. У мяне нарадзілася ілюстрацыя на гэту тэму пад назвай «Хто пакраў залатую восень?».
Пацешна, што праз два тыдні, як я яе намалявала, з’явілася інфармацыя, што больш прыбіраць лісце ў парках і скверах горада не будуць. Мы смяяліся, што мінскія дворнікі пазналі сябе на малюнку.