01.07.2020 / 10:07

Рыбы з'явіліся ва ўсіх кутках свету задоўга да з’яўлення чалавека, які мог бы ім у гэтым дапамагчы. Працяглы час лічылася, што ў гэтым яўна замешаны вадаплаўныя птушкі, якія нібыта пераносяць ікру рыб на сваім пер’і ці нагах. Аднак доказаў не было, піша навуковы часопіс з ЗША PNAS.

Не так даўно была выказана гіпотэза, якую атрымалася пацвердзіць эксперыментальна.

Аказваецца, эндазоахарыя (endozoochory) – транспартыроўка насення раслін альбо ікры ў страўніку – можа граць сур’ёзную ролю. Аднак гэта магчымасць была правераная толькі для двух відаў карпазубых рыб з басейна Амазонкі, ікра якіх прыстасаваная да працяглых бязводных перыядаў і можа ў стане, падобным да дыяпаўзы, вытрымліваць праходжанне праз стрававальную сістэму птушак амаль без шкоды для сябе. Акрамя гэтага, менавіта для водных і каляводных птушак было паказана, што шэраг водных безхрыбетных, уключна з лічынкамі водных насякомых, а таксама мягкіх частак раслін і насення паспяхова жывымі праходзяць праз страўнікі птушак.

Вянгерскія даследчыкі вырашылі праверыць падобную магчымасць на двух відах карпавых – сазане (Cyprinus carpio) і сярэбраным карасі (Carassius auratus gibelio) – шырока распаўсюджаных рыбах, у якіх няма спецыяльных прыстасаванняў для выжывання ікры без знаходжання ў вадзе.

Папярэдне штучна заплодненую ікру абодвух відаў рыб скармілі чатыром самцам і чатыром самкам качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos) аднолькавага ўзросту ў адзін год. Усяго качкі з’елі па прыкладна 500 ікрынак, пасля чаго даследчыкі правяралі памёт птушак праз розны час і знойдзеныя ікрынкі правяралі на выжывальнасць эмбрыёнаў.  

Усяго атрымалася знайсці восем (прыкладна 0,2% ад праглынутых) непашкоджаных у страўніку крыжанак ікрынак сазана і дзесяць ікрынак карася (прыкладна 0,25% ад праглынутых).

Частка эмбрыёнаў з гэтых ікрынак паспяхова развіліся і вылупіліся потым у акварыюме, частка загінула ад грыбковай інфекцыі.

Хаця толькі 0,2% ікрынак выжыла пасля праходжання праз стрававальны тракт крыжанак, тым не менш, калі ўлічваць агульную колькасць ікрынак, якую з’ядаюць розныя вадаплаўныя птушкі ў прыродзе, менавіта эндазоахарыя сапраўды служыць асноўным прыродным спосабам рассялення рыб у ізаліраваныя вадаёмы. Так, напрыклад, самка сазана сярэдняга для віду памеру адкладвае да 1,5 мільёна ікрынак, а самка сярэбранага карася да 400 тысяч.

 

Источник:
Автор:
Фотограф:
Аляксандр Эрдман
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость