Царква ў вёсцы Альпень Столінскага раёна
Драўляныя цэрквы ў Столінскім раёне прынята фарбаваць у сіне-блакітную гаму. Будынкі прыкладна таго ж часу пабудовы (XVIII–XIX стст.) і канструкцыі ва Украіне і ў польскіх Карпатах захоўваюць натуральны колер дрэва. У апошнія гады беларускія цэрквы яшчэ і абкладаюць сайдынгам ці прамысловым брусом.
Разам з такой гора-мадэрнізацыяй саміх будынкаў часта мяняецца і від царкоўнага двара. Старыя вялікія дрэвы пілуюць, а замест іх садзяць туі. Можа адбывацца поўная ці частковая замена расліннасці. Царква вёскі Альпень Столінскага раёна пакуль трымаецца.
Як распавёў Зялёнаму Парталу мясцовы краязнаўца Іван Ляшкевіч, вяскоўцы хацелі б захаваць старыя дрэвы. Але зямляк альпенцаў, які цяпер жыве ў Мінску, прапануе сабраць тры тысячы рублёў, каб ліквідаваць высокія дрэвы і купіць туі. Святар, які служыць у царкве, падтрымлівае гэту ідэю, бо цяжка зграбаць апалае лісце. Часам яму дапамагаюць альпенскія школьнікі, але працы ўсё роўна шмат.
Туі – гэта вечназялёныя расліны, сапраўды не патрабуюць прыбірання лістоты. Сярод іх станоўчых якасцяў называюць дэкаратыўнасць, выдзяленне карысных рэчываў і нават тое, што яны займаюць няшмат месца, моцна не вырастаюць (хаця, падавалася б, ад дрэваў звычайна чакаюць адваротнага).
Сярэднія кошты на туі вельмі розныя: ад двух рублёў за “ўкарэнены чаранок” і 7–8 рублёў за сажанец паўметра вышынёй да 65 рублёў за дарослае дрэва. За некаторыя пароды просяць каля 150 рублёў і нават больш за 500.
Дацэнт кафедры прыродазнаўства Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта, кандыдат біялагічных навук Галіна Ціханчук лічыць, што масавыя пасадкі туй на прыватных падворках і грамадскіх тэрыторыях – даніна часовай модзе, пра якую мы вельмі хутка пашкадуем: “Тое, што вясякаюцца дрэвы абарыгенных (мясцовых) відаў – гэта, канечне, няправільна. Былі, напрыклад, расліны розных парод: бяроза, ліпа, таполя. Яны могуць стаяць шмат гадоў, не робячы небяспекі для будынкаў і людзей. З таполямі, праўда, бываюць праблемы: іх пух алергенны, а ўжо ў 20-гадовым дрэве можа ўтварыцца дупло. І вось старыя дрэвы высякаюць і садзяць туі. Шмат якія віды насякомых і птушак, якія жылі на дрэвах і ўтваралі экасістэму, пакідаюць гэта месца. Парушаецца экасістэма, памяншаецца біяразнастайнасць і флоры, і фаўны”.
Спадзяемся, царкоўны двор у Альпені захавае свае дрэвы.