Чарговая гераіня цыкла “Зялёныя людзі” Вера Чуднікава мае крыху больш за 30 год, нарадзілася і вырасла ў Мінску. Звычайна прэзентуе сябе як велаактывістку, але дадае, што заўсёды цікавілася экалогіяй.
– Мяркую, усё пачалося тады, калі я навучалася ва ўніверсітэце (БДУІРы) і недзе на трэцім курсе набыла сабе горны ровар. Я пра яго даўна марыла, бо ў дзяцінстве ў мяне быў ровар-развалюшка, а не раскладушка.
Нармалёвы ровар, нарэшце воля! У мяне была эйфарыя, што можна ездзіць куды заўгодна, а пасля я высветліла, што інфраструктура для гэтага не пасуе: няма дзе паркавацца, праз бардзюры немагчыма ездзіць па ходніках.
“Праз год вам будзе нецікава!”
І тады, у 2007-2008 гадах, я пачала шукаць аднадумцаў і арганізацыі, якія працавалі з такімі пытаннямі. Мы пазнаёміліся з Яўгенам Харужым (зараз сябра Савета у "Мінскім роварным таварыстве" – рэд.). Потым пачалі працаваць разам з "Офісам па правах людзей з інваліднасцю" – ім таксама заміналі бардзюры.
Мы рабілі базу бардзюраў, ездзілі і мералі. Памятаю, як збіралі подпісы за паркоўкі. У той жа час Юры Важнік [з БАЭС] працаваў з ДАІ над тым, каб стварыць камітэт па бяспецы руху, і ў яго запрашалі прадстаўнікоў розных зацікаўленых бакоў. Нас запрасілі як прадстаўнікоў раварыстаў.
Тады ж акурат заканчвалі будаваць роварную сцежку ўздоўж Свіслачы, нас паклікалі на апошнім этапе – абмеркаваць, як яе будуць размалёўваць. Павароты пад 90 градусаў, гарбатыя масты – гэта ўсё ўжо было збудавана.
З "Крытычнай масай" мы не асабліва працавалі, як і з удзельнікамі форума "Паехалі!" – яны былі зацікаўленыя ў правядзенні спартыўна-спаборніцкіх мерапрыемстваў. Я хацела працаваць з рознымі велафедэрацыямі, але і ў іх свой кірунак.
Але арганізацыі ў нас па сутнасці не было. Памятаю, мы абмяркоўвалі гэта з "Паехалі!", і галоўны арганізатар "Паехалі!" казаў нам: "Ды ладна, праз год вам гэта ўжо будзе нецікава!”
Парковак зрабілася на 30% больш – не 11, а 15 на ўвесь Мінск
Для мяне ровар заўсёды быў транспартам. Адкуль такая ідэя – сказаць цяжка. Калі ты набыла сабе ровар – гэта як новая цацка: высвятляеш, што на ім можна і на заняткі ездзіць, і карыстацца ў іншых сітуацыях. А потым з’яўляецца пытанне: ці будзе гэтая цацка яшчэ стаяць побач з універсітэтам, калі твае заняткі скончацца?
Колькі тады было ровараў побач з універсітэтам?
Ай, вельмі мала. Мы не ведалі тады, з чаго пачынаць: ва ўсім двухмільённым горадзе 11 роварных парковак, з іх адна ці дзьве – побач з БДУІРам. Мы збіралі ва ўніверсітэце подпісы за тое, каб усталявалі яшчэ. Я аднесла іх у рэктарат, была цішыня – і праз паўгады, калі ўжо ніхто не чакаў, яны ўсталявалі паркоўкі.
Я яшчэ прасіла тады, каб зрабілі адмысловы пакой для захоўвання ровараў у інтэрнаце, але кіраўніцтва не асабліва праніклася гэтай ідэяй. Пакой яны не зрабілі, але я была задаволеная маштабам: было 11 парковак, а зрабілася 15!
Памятаю, з кімсьці размаўляла аб тым, з чаго пачынаць, і мне раілі: “Выберы адно стратэгічнае пытанне і працуй з ім: альбо паркоўкі, альбо сцежкі”. Але з іншага боку, патрэбны быў цэласны падыход. Цяжка пачынаць працу, калі нічога няма – даводзіцца брацца за ўсё.
У беларускай ВНУ былі два тыпы адказаў – правільныя і не
Тым часам я скончыла ўніверсітэт і хацела атрымаць больш шырокую карціну свету. Калі займацца грамадскай дзейнасцю, то варта ведаць, навошта і як гэта рабіць лепш.
Я пачала шукаць магістратуру ў Заходняй Еўропе, каб адчуць розніцу з нашай адукацыяй і культурай. Прасцей было б паехаць вучыцца ў Польшчу ці Чэхію, прасцей атрымаць стыпендыю. Але мне хацелася далей вучыцца на англійскай. Там, дзе цэняць крытычнае мысленне, і ў тых, з кім мы маем рознае гістарычнае мінулае.
Плюс тады ў Швецыі была бясплатная адукацыя, а сама краіна – адно з тых месцаў, дзе шмат працуюць з устойлівасцю і з тым, каб панізіць уплыў на навакольнае асяроддзе. Хаця і зараз у мяне ёсць пытанні да таго, ці ўлічваюць шведы ўсе выкіды ў іншых краінах, справакаваныя іх спажываннем. Ці тое, як часта яны ездзяць узімку на адпачынак у Тайланд.
Я паступіла ў магістратуру Лундскага ўніверсітэта. Дастаткова хутка зразумела, што стыпендыі не будзе, і прыняла нялёгкае рашэнне паехаць. Падчас вучобы даводзілася працаваць, і таму магістарскую працу я рыхтавала павольна.
Перад ад’ездам мая англійская была на добрым узроўні (IELTS 7,5 з 9) але да таго я ніколі не жыла ў англамоўным асяроддзі. Таму было складана з мовай, да таго ж зусім іншая адукацыя – незразумела, чаго ад мяне хочуць.
У Беларусі, у інжэнернай ВНУ, заўсёды былі толькі правільныя і няправільныя адказы, адзінка ці нолік. А тут, у іншай краіне, на іншай спецыяльнасці, іх з’явілася нашмат больш.
Няма чорнага і белага
Слова “устойлівасць” сёння – накшталт buzz word, слова-спам. Нават некаторыя сеткавыя бургерныя кажуць, што іх бургеры ўстойлівыя, бо яны атрымліваюць электрычнасць ад ветраэнергетыкі.
Але ўстойлівасць – вельмі шырокае паняцце. Што адбываецца са здароўем тых людзей, што ядуць бургеры? Адкуль прывезенае мяса, у якіх умовах утрымліваюцца жывёлы і працуюць людзі? Ці гэтая праца ў іх сталая альбо часовая? Колькі смецця з’яўляецца на вытворчасці?
Магістратура і дала мне разуменне таго, наколькі ўсе працэсы складаныя і ўзаемазвязаныя, няма чорнага і белага. І што рабіць з гэтым “складана” – усё адно вялікае пытанне. Няхай у цябе будзе ўлада – і што ты будзеш рабіць? Ці не замрэш ты на месцы, бо не ведаеш, як жа трэба?
Ад спажывання адмаўляюцца неахвотна
Швецыя – экалагічны рай?
Патлумачу на прыкладзе выпадка з сартаваннем смецця. У Лундзе побач з домам звычайна дзевяць кантэйнераў:
- Папера
- Кардон
- Шкло каляровае
- Шкло празрыстае
- Метал
- Пластык
- Арганіка
- Батарэйкі
- Змяшанае смецце
Асобна збіраюць лямпачкі, у адмысловыя цэнтры можна адвезці старую электроніку, фарбу, мэблю і будаўнічае смецце, у аптэку – старыя лекі і гэдак далей.
Але пры гэтым варта памятаць, колькі яны спажываюць і колькі смецця на асобу яны вырабляюць. Калі б усе жылі, як шведы, то спатрэбілася б 4,2 планеты. 29 ліпеня быў дзень, калі ўсе рэсурсы Зямлі на год выкарыстаныя. Дык вось, для Швецыі гэты дзень быў напрыканцы 3 красавіка.
Дагэтуль у мяне з бацькамі дыскусіі. У Беларусі яны перажылі часы дэфіцыту, і такому чалавеку складана прыняць тое, што варта добраахотна панізіць свой узровень спажывання.
Шведы, мяркую, ад спажывання адмаўляюцца таксама неахвотна. Гэта як клапаціцца пра здароўе: усе ведаюць, што рабіць, але пачынаюць дзейнічаць толькі тады, калі сур’ёзныя праблемы.
З навакольным асяроддзем, магчыма, нават складаней: вынікі нашых дзеянняў выяўляюцца марудна і часта не тычацца непасрэдна нас. Змены клімата – гэта дзесьці далёка.
Напрыклад, вы набылі ласося, які вырас у Нарвегіі. Але яго ўжо паспелі звазіць у Кітай, каб танна пачысціць і зрабіць філе, стварыўшы выкіды ў атмасферу.
Я не адчуваю, што раблю дастаткова
Я дагэтуль не ўпэўненая, што знайшла сябе. Глядзіш на праблемы, што адбываюцца ў свеце – і адчуваеш, што трэба тэрмінова штосьці рабіць, але не да канца разумееш, што ты можаш.
Напрыклад, Грэта Тунберг са Швецыі ў 15 год сусветна вядомая і змагла актывізаваць вялікую колькасць людзей выходзіць на пратэсты за тое, каб змяненне клімата ўспрымалася ўсур’ёз.
Што раблю я? Думаю, што некалькі год пасля пераезду ў мяне пайшло проста на тое, каб зразумець, што я магу ў новым месцы. Пасля пераезду з Беларусі ў 2009 годзе падавалася, што ў Швецыі ўсё ўжо зроблена.
У Беларусі я займалася роварным рухам – і з гэтага пасля, без мяне, вырасла "Мінскае роварнае таварыства". У Швецыі таксама паспрабавала – і мы з сябрам стварылі "Велакухню".
Сярод іншага яна накіраваная на працу па інтэграцыі мігрантаў. Туды прыходзілі пераважна хлопцы-падлеткі, якія прыехалі адныя і жывуць у адмысловых будынках. Муніцыпалітэт даў ім танныя ровары, і яны прыходзілі навучыцца іх рамантаваць. Велакухня па-ранейшаму працуе як мінімум два разы на тыдзень, але ўжо без мяне.
Я займалася грамадскім і роварным рухам: арганізоўвала ў Лундзе веладзень і пару велапарадаў… Хаця велапарад не параўніць з мінскім: на адзін з іх прыехала ажно 28 чалавек.
Я была актыўная ў роварных арганізацыях на мясцовым і нацыянальным узроўнях. Мы працавалі з муніцыпалітэтам над стратэгічнымі дакументамі. Некалькі год працавала ва ўніверсітэце з трансферам тэхналогій са Швецыі ў Польшчу, пераважна яны тычыліся сартыроўкі смецця і ў прыватнасці вытворчасці біягазу.
Потым некалькі год я працавала ў муніцыпалітэце з развіццём роварнага руху і крыху – у кансалтынгавай кампаніі па планаванню транспарта. Зараз мая праца ў Швецыі хутчэй адміністратыўная, і я не адчуваю, што раблю дастатковы для мяне ўнёсак [у змены ў свеце].
“Словы інжэнера маюць больш вагі, чым словы гуманітарыя”
У гэтым годзе, хутчэй за ўсё, зноўку пачну вучыцца на планіроўшчыка транспарта ў лундскім універсітэце. Навошта? Па-першае, каб пашырыць свае веды ў тым, што тычыцца планавання гарадоў для раварыстаў і пешаходаў. Словы інжэнера маюць больш вагі, чым словы гуманітарыя, як паказвае практыка. Хаця я не кажу, што гэта правільна.
Ну і, магчыма, мне прасцей будзе знайсці працу. У прафесійным плане я хацела б быць экспертам у сферы гарадскога развіцця, асабліва таго, што тычыцца актыўнай мабільнасці – пешаходаў, раварыстаў.
Плюс сацыяльныя аспекты – каб людзі больш камунікавалі між сабой і грамадскія прасторы былі сапраўды грамадскімі. Каб людзі з розных сацыяльных пластоў знаходзілі кантакт – у сённяшняй Швецыі гэта актуальна. Да ўлады прыходзяць ультраправыя партыі, і ў гэтым кантэксце асабліва важна, каб людзі не баяліся іншых.
Не хачу вярнуцца ў тую ж кропку, з якой з’ехала
Як там мігранты?
Па-рознаму, але не сказала б, што я добра пра гэта ведаю. Ёсць тыя, хто прыязджае ў Швецыю з адукацыяй – эканамічныя мігранты. Ёсць тыя, хто едзе з розных краін Еўропы – напрыклад, зараз на вуліцах часта можна сустрэць людзей з Румыніі, якія просяць грошы. Некаторыя мігранты прыязджаюць з вайны.
Усе гэтыя групы розныя, іх нельга мяшаць у адну кучу. Але я б сказала, што ёсць пытанні након інтэграцыі: вельмі індывідуалістычнае грамадства, у якое цяжка ўпісацца і дзе цяжка завесці сяброў. У газэтах пісалі, што ў мігранта займае сем год знайсці сталую працу ў Швецыі – доўгі і цяжкі перыяд у жыцці.
Не ўсё так ружова, як падаецца з Беларусі. У любой краіне чалавек з першага пакалення мігрантаў ніколі не будзе сваім. Давядзецца гэта прыняць, хаця час ад часу ўсё адно робіцца сумна.
Што трэба памятаць, калі параўноўваеш Беларусь і Швецыю?
Тут ёсць праблемы, як і ўсюды.
Табе падабаецца тут?
Ёсць і пазітыўнае, і негатыўнае. З аднаго боку, ты належыш абедзьвюм краінам, з іншага – ніводнай з іх. Часа да часу ў Беларусі здараецца нават культурны шок.
Ты думала вярнуцца ў Беларусь?
Думала, але пытанне ў тым, ці ацэніць нехта мой час і вопыт у Швецыі. Не хачу вярнуцца ў тую ж кропку, на якой паехала ў магістратуру, не хачу змяняць прафесійную сферу. І хачу рабіць свой унёсак у разіццё Беларусі, дзе б я ні была.