Яшчэ да выбараў, 6 жніўня, дыджэі Уладзіслаў Сакалоўскі з Кірылам Галанавым паставілі “Перамен” на праўладным мерапрыемстве – і аказалася, што Цой жывейшы за ўсіх жывых, а песня амаль праз 35 год пасля напісання – актуальная, як ніколі.
Гэта кампазіцыя ўпершыню прагучала на IV фестывалі Ленінградскага рок-клуба ў 1986 годзе. Яна мая равесніца і для людзей майго ўзросту, “дзяцей перабудовы”, якія нарадзіліся на постсавецкай прасторы, – безумоўна “свая”.
Лозунг “Мы ждём перемен” адгукаецца ў сэрцах беларусаў, ды настолькі, што, свядома ці не, Міхал Анемпадыстаў апавёў пра гэта чаканне ўласным вершам:
Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца…
Мы назлосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў…
Што з таго, што ўсё гэта зьнікла
Быццам бурбалкі ад ліманаду
Засталіся сям'я і дзеткі
Засталося чаканьне Калядаў…
У 1996 годзе, пакладзены на музыку Касяй Камоцкай, верш становіцца хітом. Уласна, з таго часу мы і чакаем. Пераменаў, Калядаў… За ўсімі словамі галоўнае – чаканне. Краіна нібы застыла ў летаргіі і толькі цяпер абудзілася.
Праспаўшы амаль чвэрць стагоддзя, беларусы ўзяліся рабіць тое, што не атрымалася ні на пачатку ХХ века, ні ў першай палове 1990-х: будаваць нацыю. Паралельна і этнічную, і грамадзянскую, па экспрэс-праграме, бо на паслядоўнае развіццё падзей не засталося часу.
Раптам усім спатрэбіліся бел-чырвона белыя сцягі. У каго няма пад падушкай – шые сам. Раптам з ніадкуль узніклі лакальныя супольнасці, але не па прынцыпе “Прыдумай сабе свой свет”, як раней пад уплывам дзейнасці недзяржаўных грамадскіх арганізацый, а як часткі супольнасці агульнанацыянальнай (як сцягі раёнаў – адметныя, але варыяцыі на тэму бел-чырвона-белага сцяга).
Раптам усім спатрэбіліся беларускамоўныя песні, народная музыка і танцы. Так-так, раптам беларуская культура выйшла з гета. Выплыла з архіпелага Беларусь на мацярык, калі хочаце.
Мінскі Вольны хор узнікае то там, то тут па ўсім горадзе, спяваючы “Пагоню”, “Муры”, “Магутны Божа”, “Купалінку”, “Сцяг”… Акцыі становяцца ўсё крэатыўней: то спевакі ў масках панд у падтрымку кампаніі PandaDoc, то дырыжор у касцюме Ніны Багінскай, то аграмадны білет Лукашэнку да Гаагі…
Адна з апошніх акцый, “Магутны Божа” ў Оперным тэатры, так узрушыла адміністрацыю, што кагосьці з супрацоўнікаў, па непацверджаных чутках, нібыта звольнілі.
Спеўныя сходы праходзяць і ў мінскіх мікрараёнах. Там жа на святах вітаюць дудароў, а ў тых “гастрольны графік” распісаны на тыдні напепрад. Людзі нашмат ахвотней, чым у “дарэвалюцыйныя” часы ўцягваюцца ў танцы.
Музыкі, якія даўней гралі толькі народныя мелодыі, вучаць “песні пратэстаў” і выконваюць у сваім стылі. Танцоры падладжваюцца, кладучы на новыя мелодыі старыя танцы: цяпер у нас ёсць вальс “Муры” і полька (пры жаданні факстрот) “Тры чарапахі”, а пад “Перамен”, зайграных на дудльзаках, нехта спрабаваў танчыць лезгінку.
У Магілёве за танцы ля Ратушы, якія расцанілі як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, выклікаюць у міліцыю ўдзельнікаў гуртка, які афіцыйна дзейнічае пры адным з гарадскіх дамоў культуры.
Танцор Леанід Платоненка, які таксама займаецца экалагічнай дзейнасцю і ўваходзіць у Савет “Зялёнай сеткі”, за танцы правёў у РАУС два дні і атрымаў пракурорскае папярэджванне.
На “прафілактычную гутарку” выклікалі ў міліцыю кіраўніцу гуртка Вольгу Семчанка і танцорку Святлану Глухаву. А магілёўскі дудар Кастусь Канцавы, які граў у цэнтры горада, “за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” атрымаў штраф 10 базавых велічынь. Фактычна, музыка павінны заплаціць дзяржаве за права граць.
У Барысаве адбыўся ўвогуле кур’ёзны выпадак. Затрыманне музыканткі і настаўніцы танцаў Наталлі Голавы скончылася прапановай ад супрацоўнікаў РАУС… паставіць ім танец Гапак для выступлення на канцэрце мастацкай самадзейнасці ў Дзень міліцыі.
Як адзначае артыстка, для танцаў патрэбны пэўны інтэлект, у першую чаргу эмацыйны. Хто ведае, можа, тое, што міліцыя таксама хоча танчыць – гэта добры знак? А гарады, дзе гучыць музыка, проста не могуць не належаць гараджанам?