01.10.2024 / 09:10

Але колькасць згвалтаванняў у свеце расце.

Фота - getty image
Фота - getty image
Кліматычны крызіс вядзе да росту шэрагу гвалтоўных злачынстваў, і гэтаму ёсць вельмі розныя тлумачэнні, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу злачынства і мясцовасці.

У нас няма даставерных звестак па Беларусі, таму немагчыма якасна разважаць пра беларускую спецыфіку. Але можна глядзець на іншых, рабіць высновы і пастарацца прыдумаць хоць штосьці, каб калі не спыніць, дык запаволіць гэтую катастрофу.

Сувязь паміж кліматычнымі зменамі і гвалтоўнымі злачынствамі досыць шмат вывучаюць у ЗША, і шмат якія заканамернасці выглядаюць лагічнымі для так званага сярэднестатыстычнага чытача.

Больш рабаванняў? Ну вядома ж, у людзей пагаршаецца дабрабыт (напрыклад, праз ураганы), губляюцца працоўныя месцы (напрыклад, праз кепскую адаптацыю мясцовага аграрнага сектару), ім няма на што жыць і яны часцей адважваюцца на тое, каб кагосьці абрабаваць.

Больш забойстваў? Таксама ўсё лёгка тлумачыцца не вельмі ўдалымі рабаваннямі, а яшчэ і пагаршэннем псіхалагічнай устойлівасці падчас спёкі ці прыродных катастроф.

Але чаму згвалтаванняў таксама становіцца больш? І чаму ік колькасць расце акурат пры хвалях спёкі?

Гэтая ўзаемасувязь шмат каму незразумелая па адной простай прычыне: папулярны ў грамадстве вобраз таго, як адбываецца і выглядае згвалтаванне, вельмі далёкі ад рэальнасці.

Дзяржаўныя інстытуцыі, сацыяльная рэклама, папулярная культура – усе яны дзесяцігоддзямі прасоўвалі ідэю, што гвалтуюць збольшага ва ўмоўных цёмных падваротнях, і што робяць гэта з тымі, хто ходзіць недзе не там, не ў той час і апрануты не ў тую вопратку.

І кожны раз, калі людзі, што працуюць непасрэдна з дапамогай жанчынам, казалі пра дом як самае небяспечнае месца, з іх смяяліся і казалі не выдумваць абы-чаго. У асабліва складаных выпадках абвінавачвалі ў руйнаванні традыцыйных каштоўнасцяў, нянавісці да мужчын як класа і спробах зруйнаваць інстытут сям’і.

Але рэальнасць іншая. У Англіі і Уэльсе толькі 10 % жанчын, што перажылі згвалтаванне, не ведалі свайго гвалтаўніка. У 56 % выпадкаў гвалтаўніком быў партнёр жанчыны, у 33 % – сябра, знаёмы ці хтосьці са сваякоў.

Той факт, што жанчыны часцей за ўсё церпяць ад сваіх партнёраў, пацвярджае і Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Вы можаце спытацца, да чаго ж тут змены клімату ў цэлым і хвалі спёкі. Па-першае, даследванні кажуць пра сувязь паміж ростам тэмператур і ростам агрэсіі.

Па-другое, падчас спёкі зніжаецца ўважлівасць, што вядзе да таго, што жанчынам цяжэй пазбегнуць гвалту: мы горш распазнаем «чырвоныя сцяжкі» ў паводзінах партнёра і павольней рэагуем.

Ну і, па-трэцяе, усе мы проста больш часу праводзім дома, а гэта значыць, што складваюцца ідэальныя ўмовы для згвалтавання. У выніку і так распаўсюджанага сэксуальнага гвалту з боку партнёра ці сваякоў становіцца больш.

Такім чынам, кліматычны крызіс у цэлым і хвалі спёкі ў прыватнасці становяцца яшчэ адным доказам таго, што самым небяспечным месцам для многіх жанчын застаецца месца, дзе яны жывуць, а самымі небяспечнымі людзьмі – тыя, з кім яны жывуць разам і бавяць шмат часу.

Што ж з гэтым рабіць? Па-першае. Займацца эфектыўнай адаптацыяй гарадоў да кліматычных зменаў. Чым больш даступнымі будуць публічныя прасторы падчас спёкі, тым у большай бяспецы будуць жанчыны.

Па-другое, займацца асветніцтвам і рабіць сацыяльныя кампаніі, заснаваныя на рэальных звестках, а не міфах пра гвалт.

І, па-трэцяе, прыярытазаваць бяспеку і дабрабыт уразлівых груп у параўнанні з так званымі традыцыйнымі і/ці сямейнымі каштоўнасцямі.

Дом і сям’я (калі яна ёсць) мусяць нарэшце быць бяспечнай прасторай для жанчын, а не самай вялікай для нас небяспекай.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость