Аляксандры Дзмітрыевай 24 гады. Яна родам з Мазыра, дзе ў 2018 годзе скончыла сярэднюю школу № 11 з хіміка-біялагічным ухілам. Вышэйшую адукацыю дзяўчына атрымала ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Пасля яна размеркавалася ветэрынарам. У лютым 2024 года Аляксандра пісала, што яе цалкам адвярнула ад прафесіі ветэрынара менавіта пасля таго, як яна прыйшла на адпрацоўку. Яна адзначала, што нават калі рыхтаваць дзяцей з пялёнак, яны ўсё адно сыдуць з прафесіі праз рэальныя ўмовы працы.
Аляксандра вядомая як таленавітая фатографка-анімалістка. Яна спецыялізуецца на здымках свойских гадаванцаў, асабліва сабак, і вяла ўласную фотасуполку. Дзяўчына ўдзельнічала ў выставах сабак, займалася кіналагічным спортам (фрызбі) і валанцёрыла.
У яе быў улюбёны сабака — карычневы метыс спаніэля па мянушцы Арчыбальд, які часта станавіўся героем здымкаў.
Дзмітрыеву затрымалі пасля верасня 2025 года. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес Аляксандры прысуд паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вядома, што дзяўчына адбывае пакаранне — гэта хімія з накіраваннем ці калонія. Яе сацсеткі не абнаўляюцца, а інстаграм выдалены.