За час работы з тэрыторыямі, якія знаходзяцца пад пагрозай асушэння праз Пастанову Савета Міністраў №794 "Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асоба ахоўваемых тэрыторый", актывістам кампаніі ўдалося наладзіць сувязі з мясцовымі жыхарамі, экалагічнымі актывістамі, а таксама дзяржаўнымі інстытутамі. З гэтай нагоды было прынята рашэнне аб трансфармацыі дзейнасці і пашырэнню яе да работы з асоба ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі (ААПТ).
Нагадаем, што Пастанова, якая была прынята ў чэрвені 2011 году, фактычна дазваляла здабычу торфа на васьмі балотах, якія ўваходзяць у састаў заказнікаў. Дзякуючы намаганням актывістаў кампаніі "У абарону беларускіх балот" удалося цалкам ці часткова змяніць планы развіцця тэрыторый з "чорнага спісу".
Як заявілі прадстаўнікі кампаніі, на дадзеным этапе сваімі задачамі яны бачаць прасоўванне канцэпцыі ўстойлівага кіравання ААПТ, экалагічна адказнага кіравання рэсурсамі, маніторынг і пазбаўленне ад праблемных зон, экспертны аналіз планаў кіравання і распрацоўка рэкамендацый, удасканаленне заканадаўчай і нарматыўнай базы.
Акрамя гэтага створаны інфармацыйны рэсурс Bahna.land, мэтай якога з'яўляецца асвятленне навін пра балоты і ААПТ, а дзеля больш зручных і эфектыўных стасункаў з актывістамі спецыяльна створаны сэрвіс - інфацэнтр, куды можа звярнуцца кожны з пытаннямі па дзейнасці ў вобласці аховы прыроды, экалогіі, біялогіі, гідралогіі, батанікі і інш.