Як паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч, у 2017 годзе лясгасы атрымалі ад паляўнічых тураў 4,1 мільёна рублёў. З іх 975 тысяч заплацілі лясгасам паляўнічыя з іншых краінаў.
Пры гэтым замежнікі актыўна карысталіся бязвізавым рэжымам, які летась увяла Беларусь у дачыненні да грамадзянаў 80 краінаў свету. Колькасць тых, хто прыехаў забіваць жывёлаў у беларускія лясгасы з-за мяжы, узрасла ў 2017 годзе ў параўнанні з папярэднімі гадамі на 30%, паведамляе sb.by.
Дырэктар прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” Алег Бузо прыводзіць звесткі, што ў 2017 годзе толькі супрацоўнікі гэтага прадпрыемства арганізавалі для замежнікаў 79 паляўнічых тураў. Магчымасцю адчуць сваю перавагу над бяззбройным зверам ці птушкай, паводле словаў кіраўніка галоўнага паляўнічага прадпрыемства краіны, скарысталіся расійцы, немцы, фіны, літоўцы, чэхі, палякі, славакі і нават жыхары Лівана. Найбольш частымі ахвярамі заезджых паляўнічых рабіліся глушцы, цецерукі, ласі, алені і казулі. Таксама іншаземцы прыязджалі ў Беларусь забіваць тутэйшых зуброў і ваўкоў.
Супрацоўнікі ляснога ведамства вынаходзяць усё больш спецыфічныя спосабы задавальнення патрэбаў сваіх кліентаў. Нягледзячы на тое, што многія аматары забойстваў у дзікай прыродзе кажуць, што ў паляванні галоўнае не забойства, а стасункі з прыродай, вывучэнне паводзінаў жывёлы падчас яе пошуку, самі яны ахвотна забіваюць тады, калі ахвяра не мае асаблівых магчымасцяў хавацца, і шукаць яе не вельмі патрэбна.
Як паведамляе lesgazeta.by, галоўны паляўніцтвазнаўца Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Рогаль распавёў аб прынцыпах арганізацыі палявання на такіх экзатычных для нашых мясцінаў птушак, як фазаны. Мазырскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Акцябрскі і Жлобінскі лясгасы закупілі ў адмысловым фазанарыі Копыльскага лясгаса Мінскай вобласці 400 фазанаў.
Як вядома, кожны паляўнічы жадае ведаць, дзе сядзіць фазан. І фазанаў папросту пазбяўляюць магчымасці схавацца. Ужо з 20 снежня мінулага года іх проста выпускалі ў вальеры, дзе іх і забівалі паляўнічыя, якія дакладна ведалі, у якім вальеры сядзіць фазан. У паляўнічых гаспадарках гэта завецца “рэалізацыя пад стрэльбу”.
- Толькі за апошнія 10 дзён 2017 года ў лясгасах Гомельшчыны такім чынам забілі 212 птушак.
Яшчэ каля двух соцень фазанаў чакаюць свайго смяротнага часу ў Капыльскім лясгасе. Іх гомельскія лясгасы ўжо аплацілі і цяпер шукаюць тых, хто заплоціць за магчымасць забіць фазана ў вальеры. Такую забаву тут прапануюць за 23 рублі.
А ў Жыткавіцкім лясгасе ўсе чаканні звязаныя з вясновай міграцыяй качак і гусёў. Падчас пералёту тут для забойстваў птушак чакаюць італьянскіх паляўнічых. Як сцвярджае галоўны гомельскі паляўніцтвазнаўца, адзін дзень палявання іншаземца ў беларускіх лясах абыходзіцца яму ў 100 рублёў, а нашы арганізатары за 1850 рублёў за чытары дні ў Беларусі гарантуюць замежнаму аматару птушыных смерцяў пакет паслуг, які ўключае забойства 20 (!!!) качак і аднае гусі. А “ў нагрузку” замежнікам цяпер прапануюць і пазабіваць фазанаў у вальерах. Асабліва, як лічыць Сяргей Рогаль, гэта можа прыдацца, калі вольныя качкі і гусі, усё ж, смерці ад замежнага паляўнічага пазбегнуць. Забойства фазанаў, якім няма куды падзецца з вальера, павінна “ўзняць настрой” няўдатнаму паляўнічаму.
Сяргей Рогаль прыводзіць звесткі, што ў 2017 годзе Жыткавіцкі лясгас атрымаў за паляванні 62 тысячы рублёў, з іх 45 тысяч – за паляванне на птушак. Паляўнічыя лічаць забойствы пярнатых перспектыўным накірункам сваёй дзейнасці.
Дастаткова дзіка ў ХХІ стагоддзі чытаць падобныя справаздачы ў еўрапейскай краіне. Задавальненне драпежніцкіх інстынктаў некаторых суб’ектаў пакуль не толькі не асуджаецца грамадствам, але і вітаецца дзяржаўнай сістэмай. Цынічная жорсткасць культывуецца ў краіне, на ёй імкнуцца зарабляць, прыцягваючы пры гэтым у Беларусь і замежных прыхільнікаў забойстваў насельнікаў натуральных прыродных комплексаў.