Перейти к основному содержанию
02.02.2022 / 10:02

Для беларускай мовы і культуры балота стала архетыпічным вобразам, паняццем, для якога безліч азначэнняў. Называюць розныя віды балот: багна, дрыгва, тарфянік, твань, алёс, амшара, тапіла, жымерва, арша, асіта, засос. Глядзім у слоўніках, чым яны адрозніваюцца.

У беларускай мове незлічоная колькасць сінонімаў да слова “балота”, што сведчыць пра вялікую значнасць гэтай часткі ландшафту для нашых продкаў. Эскімосы, напрыклад, такую ж увагу надаюць рознім відам снегу і адценням белага колеру.

Бало́та – агульнае найменне для топкага вільготнага месца, найбольш пашыранае ў беларускай літаратурнай мове. З гэтым словам утворана безліч народных параўнанняў. Вось толькі некаторыя:

каму як балота, а каму як залота – пра разнастайнасць стаўлення да каго- ці чаго-небудзь;

як балота гразкае – асуджальна пра асяродак, абставіны, што спараджаюць застой ці пра вельмі дурнога, неразумнага чалавека;

як у балота ўкінуць што – пра бясследнае, беззваротнае знікненне чаго-небудзь, марнаванне;

пахне як у балоце – пра дрэнны, непрыемны пах;

як чорт з балота – пра вельмі бруднага, запэцканага чалавека;

прывыкнуць як чорт к балоту – аб прывычцы да нейкага месца, прыстанішча;

што чарцей у балоце [жаніхоў] – насмешліва пра мноства жаніхоў у кагосьці;

араць як чорт балотам – пра бязладнае гаспадаранне.

Дрыгва́ – таксама выкарыстоўваецца як універсальнае слова для пазначэння балота. Часта перакладаюць на рускую мову як “трясина”. Выкарыстоўваецца ў народных параўнаннях:

дрыжаць як дрыгва – пра нешта хісткае, што ўгінаецца, калоціцца;

як дрыгва стаць – няўхвальна пра жанчыну, што стала вельмі тлустай і кволай;

ісці як па дрыгве – няўхвальна пра хісткую, няўпэўненую хаду.

Дрыгвя́нік – тое ж, што “дрыгва”.

Асіта́ – сінонім слова “дрыгва”, запісаны ў вёсцы Пралетарыя Ушацкага раёна.

Ніква́ – сінонім слова “дрыгва”, запісаны ў Жыткавіцкім раёне.

Ба́гна – нізкае топкае месца, грузкае балота; моцна пераўвільготненая мясцовасць з зараснікамі трыснягу і іншай вільгацелюбівай расліннасцю. Выкарыстоўваецца ў народных параўнаннях:

совесць зарасла мохам, як багна ў балоце – пра несумленнага чалавека;

як багну таптаць – няўхвальна “даваць многа, без ніякага знаку”.

Слова набыло і некалькі пераносных значэнняў. Так кажуць пра што-небудзь бяздоннае, бясконцае:

І толькі ў небе ў сіняй багне

Я бачу дзіўны ланцужок (Якуб Колас).

А таксама пра ўсё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці: Багна мяшчанства.

Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны (Алесь Савіцкі).

Ба́гнішча – вялікая багна; тэрыторыя, занятая багнай.

Багно́ – адметная форма слова “багна”, якую выкарыстоўвалі пісьменнікі:

Цяпер нават здаволена багно:

Гніль сотні год збіраючы, яно

Смуроднай жыжкаю узгадавала

Цвятоў расістых чыстую красу (Максім Багдановіч).

Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных,

Пекла не баюся, бо ўсё гэта ваша багно (Уладзімір Караткевіч).

Тапі́ла – сінонім слова “багна”.

Жыме́рва – сінонім слова “багна”.

Засо́с – сінонім слоў “багна” і “твань”.

Твань – тое ж, што багна ці топкі бруд на дне вадаёма.

Друза́ сінонім слова “твань”.

Алёс – сінонім слова “балота” ці балота, зарослае альхой.

Струга́ – грузкае балота (запісана ў Старадарожскім раёне).

Амша́ра, амша́рышча, амша́рына, ішма́ра, імша́рына, імша́рнік – махавое балота.

Тарфя́нік – залежы торфу, тарфяное балота.

Тарфя́нішча – месца, дзе раней здабывалі торф; асушанае балота.

 

Было цікава? Тады смела адкрывай наш тэст, каб спраўдзіць, што разабраўся ў відах балотаў.

 

Автор:
Фотограф:
Pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость