З канца 1950-х захаваліся плакаты, прысвечанныя барацьбе з браканьерствам.
У 1960-х плакаты заклікаюць да “правільнага” прыродакарыстання і аховы “карысных” відаў жывёл і птушак. У 1961 годзе ў БССР выходзіць Закон аб ахове прыроды, што таксама адлюстроўваецца плакатыстамі. Падымаецца “гарадская” тэма, пабудова “новага быту”. Надалей актуальная праблема браканьерства. Лес і вадаёмы разглядаюцца як часткі “народнага багацця”.
У 1970-х плакатыстаў ужо грунтоўна асвятляюць праблемы урбаністыкі: зялёныя насаджэнні, забруджванне гарадскога паветра, чысціня на вуліцах. Другі накірунак працягвае ранейшыя тэмы аховы лясоў і вадаёмаў, забруджвання прыроды ўвогуле, браканьерства.
У 1980-я на некаторых плакатах – прадчуванне катастрофы (выбуху Чарнобыля?). Графікі заклікаюць да ашчаднага спажывання хлеба, эканоміі электрычнасці і вады. Прапануюць захоўваць рэсурсы шляхам здачы макулатуры, пасадкі дрэў. Застаюцца актуальнымі пытанні браканьерства, забруджвання гарадскога паветра, аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін. У той жа час застаецца і лінія “карыснасці” некаторых відаў як нагоды для іх аховы. Распрацоўваюцца праблемы залішняй хімізацыі сельскай гаспадаркі і парушэння азонавага слою.
У 1990-х застаецца актуальнай праблема аховы рэдкіх відаў. Праз экалагічную тэматыку актуалізуюцца праблемы нацыянальнага Адраджэння (аист, які хоча “буслом звацца”).
У 2000-х падымаецца пытанне недахопау пітной вады і экалагічнага ладу жыцця асобна ўзятага чалавека. У 2010-х плакатысты канцэнтруюцца на агітацыі за разумнае спажыванне.
Не кранаючы пакуль тэмы Чарнобылю, што займае значнае месца ў беларускім плакаце, прапануем прасачыць, як актуалізуецца экалагічная тэматыка ў творчасці беларускіх графікаў з 1950-х гадоў да сённяшняга дня.