02.07.2024 / 10:07

З надыходам гарачага надвор’я многім хочацца вырвацца з задушнага бетоннага горада на прыроду: паставіць намёт на беразе горнага возера ці ў лесе і адчуць сябе крыху героем фільма «У дзікіх умовах».

Кемпінг у Закапанах. Фота - аўтаркі
Кемпінг у Закапанах. Фота - аўтаркі

Зялёны партал сабраў некалькі падказак для тых, хто плануе адпачываць у Польшчы: як правільна выбраць месца для кемпінга і не нарвацца на праблемы з законам.

 

Дзе можна адпачыць у гарах?

У Польшчы ёсць некалькі горных масіваў: Татры і Бескіды зʼяўляюцца часткай Карпат; польскія Судэты прадстаўлены Крканошамі і Ізерскімі гарамі. А ў цэнтральнай частцы краіны размешчаны Свентакшыскія горы.

Самыя высокія і самыя папулярныя горы для турызму ў Польшчы – Татры. Але менавіта там дзікі кемпінг строга забаронены, бо гэтае месца зʼяўляецца нацыянальным паркам. Больш за тое – палюбавацца гарамі можна толькі па спецыяльна адведзеным маршрутах.

У Татрах іх некалькі, рознай складанасці і даўжыні. Самый простым лічыцца сцежка да возера Марское Ока (Morskie Oko). Туды ідзе роўная дарога.

Польскія Закапаны. Фота - аўтаркі
Польскія Закапаны. Фота - аўтаркі

Аўтарка Зялёнага партала адправілася ў Татры менавіта па гэтай сцежцы:

– Маршрут Закапаны – Марское Ока разлічаны на адзін дзень. Пад’ехаць да падножжа гары можна на аўтобусе. Майце на ўвазе, што ўваход у нацыянальны парк каштуе 10 злотых, таму лепей паклапаціцца і ўзяць з сабой гатоўку.

Купіўшы білет, мы апынуліся на асфальтавай сцежцы – большая частка дарогі да Марскога Ока выглядае менавіта так. Адолець такі маршрут можа любы чалавек без падрыхтоўкі. Да таго ж на шляху шмат стаянак, дзе можна адпачыць і купіць вады ці ежы. \

Каля возера Марское Ока размешчаны горны прытулак, у якім можна застацца на ноч ці проста паабедаць. У нашым выпадку гэта быў аднадзённы паход, таму адпачыўшы каля вады і палюбаваўшыся пейзажамі, мы вярнуліся тым жа марштурам у Закапаны.

А вось складаным лічыцца Шлях Арла (Orla Perc): гэтая сцежка разлічана на людзей, у якіх ёсць досвед у альпінізме, бо частка дарогі праходзіць праз небяспечныя скалы.

Кемпінг у Татрах можна знайсці каля падножжа гор – у мястэчку Закапаны. Аднак, калі вы запланавалі працяглы паход, то можна спыніцца ў «горным прытулку» – гэта нешта накшталт турыстычнага хостэла. Як правіла, на самых папулярных маршрутах ёсць як мінімум адзін такі шэлтар.

У Судэтах і Свентакшыскіх гарах можна знайсці як горныя прытулкі, так і кемпінгі ў спецыяльна адведзеных месцах. А вось за дзікі кемпінг у неналежным месцы можна атрымаць немалы штраф.

Татры. Фота - аўтаркі
Татры. Фота - аўтаркі

 

З намётам у лес

Калі вы ўсё ж настроены адпачыць далей ад цывілізацыі і іншых людзей, то можна адправіцца ў лес. У Польшчы нават нядаўна зʼявілася праграма «Ноч у лесе» («Zanocuj w lesie»).

У 429 лясніцтвах выдзелены спецыяльныя лясныя дзялянкі, дзе аматары начлегу ў лесе змогуць правесці ўікэнд. Гэта малады праект, як стартаваў пару гадоў таму. З дапамогай інтэрактыўнай карты можна паглядзець спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы.

Для дзікага начлегу ў лесе існуе шэраг правілаў. Напрыклад, у адным месцы могуць заставацца на ноч не больш за дзевяць чалавек, і толькі на дзве ночы.

Намёт у лесе. Ілюстратыўнае фота
Намёт у лесе. Ілюстратыўнае фота

Калі ж у вас вялікая кампанія, то пра гэта варта паведаміць у мясцовае лясніцтва па электроннай пошце. Прычым зрабіць гэта трэба не пазней чым за два дні да прыезду. Калі вашую заяўку прынялі, то можна смела адпраўляцца ў паход.

Распальваць агонь можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. У лесе забараняецца нарыхтоўка драўніны або іншых матэрыялаў для вогнішча.

Можна таксама ўзяць газавую гарэлку, калі гэта не забаронена мясцовым лясніцтвам. Але не забывайце двойчы ў дзень правяраць узровень пажарнай бяспекі: пры «чырвонай» ступені рызыкі карыстанне плітамі забаронена. Таксама газавыя пліты нельга выкарыстоўваць ў маладых лясах.

Дарэчы, выкідаць у лясной зоне не рэкамендуюць нават арганічнае смецце: яно можа негатыўна ўплываць на лясную экасістэму і дзікіх жывёл.

Больш падрабязныя правілы можна даведацца на сайце лясной гаспадаркі. Там жа можна падгледзець і ідэі для паездкі.

Напрыклад, тым, хто любіць пешы турызм, рэкамендуюць наведаць Кракаўска-Чэнстахоўскае ўзвышша і паглядзець на маляўнічыя скалы.

Цікава, што ў Польшчы існуюць і інклюзіўныя турыстычныя зоны: так у Бешчадах ёсць сцежка для людзей у інвалідных вазках, дзе можна паглядзець на горы і азёры.

Таксама у гэтай краіне развіты велатурызм, для гэтага ёсць адмысловыя маршруты.

 

Кемпінг на моры

Акрамя прыгожых лясоў і гор, у Польшчы ёсць марское ўзбярэжжа. Балтыйскі бераг прыцягвае турыстаў сваімі пясчанымі пляжамі і маляўнічымі відамі.

Балтыйская мора мае свае асаблівасці: яно даволі халоднае, таму, калі вы жадаеце пакупацца, лепей прыяджаць у сярэдзіне лета. Але Балтыка мае сваё хараство: там можна пабачыць цюленяў, якія часам выпаўзаюць на пляж.

Хоць тут у асноўным размешчаны курортныя зоны, можна знайсці месцы і для дзікага адпачынку. Месцы побач з морам таксама можна знайсці на той жа інтэрактыўнай карце, якая прызначана для лясных стаянак.

Акрамя таго, магчыма размесціцца і ў арганізаваных кемпінгах паблізу ад мора.

Кемпінг на Балтыйскім моры. Фота - Most.media
Кемпінг на Балтыйскім моры. Фота - Most.media

Дадатковыя парады «бывалых»

Не забывайце аб дзікай прыродзе: у гэтым раёне асабліва многа дзікоў, якія ўсё бліжэй падыходзяць да населеных пунктаў.  Таму ежу лепш захоўваць у намёце, каб не прыцягваць жывёл.

Перад пачаткам паходу абавязкова праверце надворʼе, асабліва папярэджанні аб магчымай небяспецы, якія можна знайсці на афіцыйных сайтах польскіх уладаў. Часам такая інфармацыя таксама можа прыходзіць праз SMS-рассылкі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость