02.08.2021 / 10:08

Шматгадовае даследаванне, праведзенае ў двух самаўзніклых лясах у графстве Кэмбрыджшыр, паказала, што прыкладна палову ўсіх дрэваў там пасадзілі не ўладальнікі зямлі, не леснікі і не актывісты прыродаахоўных арганізацый, а сойкі (Garrulus glandarius)

Былыя сельскагаспадарчыя палеткі параўнальна хутка ператварыліся ў прыродныя лясы без пластыкавых агароджаў вакол кожнага дрэўца, без паліву і якога-небудзь умяшальніцтва леснікоў і іншага менеджменту. Гэты вынік дае моцныя аргументы на карысць ідэі прыроднага аднаўлення лясоў без умяшальніцтва ў гэты працэс чалавека – бо гэта нашмат больш танна і эфектыўна.

Міжнародная каманда даследчыкаў з UK Centre for Ecology and Hydrology (UKCEH) і універсітэтаў з Bournemouth і Кембрыджу (Вялікабрытанія), Польскай акадэміі навук і Прыродазнаўчага ўніверсітэту ў Познані (Польшча), а таксама Інстытута прыродных рэсурсаў Фінляндыі праводзіць доўгатэрміновыя назіранні за сукцэсіяй на двух невялікіх па плошчы тэрыторыях, якія знаходзяцца па-суседству з прыродным резерватам Monks Wood, дзе лес падтрымліваецца ў максімальна першабытным стане па дакументах яшчэ з ХІІІ стагоддзя.

Пад час першай фазы прыроднай сукцэсіі на месцы былых палеткаў дразды занеслі туды насенне ажынаў, цёрна і глогу. І гэтыя кусты стварылі эфектыўную заслону для маленькіх дубоў, якія паўзыходзілі там дзякуючы сойкам, якія хавалі пад імі жалуды.  

Адна з тэрыторый (плошчай 4 гектары) да 1961 году выкарыстоўвалася пад вырошчванне зерневых, другая (2 гектары) да 1996 пад вырошванне шматгадовых траў. Праз 24 гады былое поле, якое атрымала мясцовую “the new wilderness” (“новы дзікі куток”), ператварылася ў малады лясок з сярэдняй колькасцю ў 132 дрэўца на гектар. З іх 57% – гэта дубкі.

Праз 59 гадоў былое поле зерневых, якое мясцовыя называюць “стары дзікі куток”, больш нагадвае сапраўдны лес. Тут у сярэднім растуць 390 дрэваў на гектар, з якіх 52% – гэта дубы. У абодвух выпадках толькі жывёлы “падазраюцца” у распаўсюджанні сюды жалудоў і, адпаведна, дубоў.

Хаця, акрамя соек, жалуды ў добрыя на іх пладанашэнне гады таксама прыхоўваюць і шэрыя вавёркі (чужародны амерыканскі від, які амаль выцясніў абарыгенную звычайную вавёрку ў Вялікабрытаніі), і мышы, аднак толькі сойкі сапраўды робяць вялікія запасы і пераносяць для гэтага жалуды на вялікую адлегласць – часам і ў некалькі кіламетраў ад месца знаходкі ўраджайных дубоў.

Доктар Рычард Броўтан (dr Richard Broughton), які прадстаўляе UKCEH і гз'яўляецца галоўным суаўтарам публікацыі па выніках даследавання, сказаў:

“Мы называем гэта “хмызняк” і часта хочам прыбраць яго, але гэта зараснікі, якія ў час квітнення выглядаюць як прыродны фестываль, напоўнены вераб’інымі птушкамі. Гэта проста выдатнае месца.

Тут працэс аднаўлення леса, у адрозненне ад пасадак, выглядае зусім інакш – прыродная сукцэсія стварае гэты першы і неабходны этап хмызняковых зараснікаў. Дразды з’ядаюць ягады і частка насення з ажынаў і глогу апынаецца ў новых месцах. І гэтыя кусты становяцца выдатнай абаронай маладых дрэўцаў ад іх патэнцыйных спажыўцоў такіх, як алені”.

Цікава, што дрэвы даволі хутка выраслі на абедзьвух тэрыторыях не гледзячы на тое, што там параўнальна высокая шчыльнасць казуляў і аленяў інтрадукаванага віду – мунтжакаў (з Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі). Не перашкодзілі аднаўленню там лесу і серыя засух, якія адбыліся ў розныя гады. Зразумела, што для распаўсюджання іншых відаў раслін і дрэваў, якія таксама паступова засялілі былыя сельгаспалеткі, важныя і іншыя віды птушак і звяроў, а таксама вецер.

Адпаведна з мэтамі, пастаўленымі урадам Вялікабрытаніі – садзіць па 30 тысяч гектараў лясоў штогод да 2025 году, гэтыя мерапрыемствы будуць дорага каштаваць падаткаплацельшчыкам. Так, на стварэнне вялікага па плошчы “паўночнага леса” паміж Ліверпулем і Галлам (Hull), прадугледжаны сродкі ў памеры £5,7 мільёнаў.

Зразумела, што прыроднае аднаўленне лясоў недалёка ад іншых спелых лясоў немагчымае паўсюль, аднак навукоўцы звяртаюць увагу, што як мінімум у некаторых месцах гэта нашмат больш эфектыўна і не нясе ніякіх дадатковых коштаў.

Вынікі даследавання былі перададзеныя ў лясную камісію, якая распрацоўвае новую схему аднаўлення англійскіх лясоў (new England Woodland Creation Offer scheme (EWCO)) і прапануе гранты ўладальнікам зямлі, якія пагодзяцца на прыроднае залясенне ў першы раз.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Уладзімір Бондар
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость