«Уратуй і захавай наша возера!» — такую расцяжку вывесілі мясцовыя жыхары на плоце каля будоўлі.
Зялёны партал ужо распавядаў пра тое, чым пагражае будаўніцтва храма возеру Балдук. На мінулым тыдні ўжо пачаліся працы. Нагадаем, замоўнік будоўлі — пастаўскі прыход Мікалая Цудатворцы «Жыватворная крыніца». Спонсар — мінскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч, уладальнік лецішча ў Вайшкунах.
Спадар Рамановіч выкупіў там некалькі ўчасткаў, пабудаваў вялікі дом, і нават не адзін.
Анатоль Лоўкіс паказвае пачатак будоўлі
Некалькі год таму ў Вайшкунах і Станчыках збіралі подпісы за будоўлю невялікай капліцы якраз насупраць сядзібы Мікалая Рамановіча. Хто падпісваўся, хто — не, аднак вялося менавіта пра капліцу, а не пра царкву, якую збіраюцца паставіць на самым высокім месцы ў навакольлі. Цяпер людзям спрабуюць давесці, што яны падпісаліся за вялікае будаўніцтва. Абураныя жыхары напісалі ў пракуратуру, каб там праверылі, ці не прыкладзены іхныя подпісы да іншага звароту — просьбы пра будаўніцтва цэлага праваслаўнага комплексу. Замест праверкі атрымалі адказ — маўляў, пракуратура не мае сумневаў у праўдзівасці дакументаў.
Жыхары вёскі Станчыкі накіравалі ў Віцебскую абласную пракуратуру лісты-паведамленні пра тое, што яны вызнаюць каталіцкую веру і не з'яўляюцца чальцамі праваслаўнага прыходу. Але пракуратура перанакіравала гэтыя лісты ў Віцебскі аблвыканкам, а той парэкамендаваў жыхарам вёскі звярнуцца ў Пастаўскі праваслаўны прыход з просьбай памяняць яго статут.
Праваслаўная абшчына «Прыход храма Сьвяціцеля Мікалая Цудатворцы» атрымала ўчастак у вёсцы Станчыкі каля возера Балдук у 2011 годзе, якраз-такі змяніўшы статут — уключыўшы ў сваю тэрыторыю аддаленую вёску Станчыкі. Віцебскі аблвыканкам зацвердзіў гэтыя змены, мясцовых жыхароў-каталікоў не спыталі ўвогуле.
Навукоўцы-біяфізыкі вызначылі тут геамагнітную анамалію. Яны лічаць, што тут не варта нічога будаваць. А яшчэ, паводле старых мясцовых паданняў, у Балдуку жыве свая пачвара, на ўзор лахнэскай... Але ўся гэтая «чартаўшчына» аніяк не паўплывала на ідэю збудаваць тут, у Станчыках — спакон веку каталіцкім краі, — новую праваслаўную царкву, распавёў «Радыё Свабода» Мясцовы жыхар Анатоль Лоўкіс.
Менскі архітэктар Вадзім Гліннік, гаспадар хаты ў Вайшкунах, лічыць узвядзенне тут царквы вялікай памылкай і недарэчнасцю.
«Балдук — тытульнае возера Балдуцкай групы, болей вядомай як Блакітныя азёры — ахоўваецца беларускай дзяржавай як прыродная каштоўнасць. Але ахоўваецца неяк дзіўна — з аднаго боку.
Само возера ляжыць у Менскай вобласці, і забудова яго «мінскага» берага забаронена. Але супрацьлеглы бераг знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, і ў апошнія гады ён актыўна забудоўваецца. Прычым забудоўваецца хаатычна, без належнага аналізу наступстваў для экалёгіі ўнікальнага прыроднага кутка.
Гэтак і з царквой. Ніхто не супраць царквы. Няхай будуецца, калі людзі маюць у тым патрэбу. Але нашто разбураць запаведную прыродную мясціну? Хіба ў навакольлі мала іншых месцаў? Для будаўніцтва царквы абрана самае высокае месца ў прыбярэжнай зоне. На тым пагорку наагул нельга нічога будаваць, бо будзе разбураны архаічны краявід, які сёння маем з боку запаведніка. Разбурана акурат тое, што павінна ахоўвацца.
Гэта недапушчальна! Жыхары навакольных вёсак збіраліся, прапаноўвалі пашукаць для будоўлі іншае месца. Але настойлівасць інвестара дала мясцовым людзям падставы меркаваць, што царква —гэта толькі прыкрыццё будучай больш маштабнай будоўлі на беразе запаведнага возера».
Людзі мяркуюць, што тут можа быць і не летнік зусім, а нейкая летняя «дача» для праваслаўных святароў. У любым разе, спярша спатрэбіцца адпаведная інфраструктура, потым у разы павялічыцца колькасьць прыежджых, і Балдук можа загінуць.
На плоце няма аніякай шыльды, што за аб’ект тут будуюць. У траўні 2014 году мясцовыя актывісты, даведаўшыся пра планы збудаваць тут і храм, і летнік, стварылі грамадзкую ініцыятыву «Балдук», каб каардынаваць высілкі па захаваньні прыроднага асяродзьдзя. Узначаліў ініцыятыву Ігар Пастухоў, былы дырэктар заказьніка «Сарачанскія азёры», звольнены з пасады за пратэсты супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
«Возера Балдук — адно з найпрыгажэйшых у Беларусі. Аднак у ім дужа марудны працэс абнаўлення вады — каля 30 гадоў. Справа ў тым, што возера надта глыбокае, 43 метры, напаўняецца яно з крыніц, а выцякае з Балдука толькі адна невялікая канаўка... Раней вада ў ім была дужа чыстая, і менавіта наплыў турыстаў стаў прычынай пагаршэння стану вадаёма.
Сітуацыя з возерам няпростая: па ім праходзіць мяжа Мінскай і Віцебскай абласьцей. Паўднёвы бераг Балдука — гэта частка Нацыянальнага парку «Нарачанскі», дужа папулярнага месца адпачынку. Навукоўцы з Акадэміі навук даследавалі стан вадаёма і рэкамендавалі адміністрацыі парку абмежаваць колькасць турыстаў — каб пускалі людзей толькі па выходных і не больш як 30 чалавек у дзень. Аднак гэтая рэкамендацыя ігнаруецца: людзей на беразе бывае па некалькі соцень. Кожны, хто купаецца, пакідае ў вадзе 150 мг фосфару. А калі яшчэ турысты мыюць у возеры посуд — дык усё гэта дужа засьмечвае вадаём.
Вядома, яшчэ адзін, праваслаўны, турыстычны комплекс значна пагоршыць і без таго цяжкую сітуацыю», — кажа спадар Пастухоў.
Ён малюе невясёлыя карціны: вада ў Балдуку, вядома ж, нікуды не падзенецца. Зменіцца толькі яе якасць. Засмечаныя азёры пачынаюць цвісці, двойчы на год. Гэта значыць, што водарасці забіраюць кісларод, хутка распаўсюджваюцца, і вадаём ператвараецца ў балота. Знікае рыба, і для чалавека возера робіцца малапрыдатным.
«Насамрэч, калі б тут будавалі ці сінагогу, ці мячэт, ці нават новы касцёл — у гэтым усё адно няма аніякага сэнсу. Тут жа практычна няма людзей, яны прыяжджаюць толькі ўлетку! А калі сюды пачнуць завозіць турыстаў — у царкву ці на адпачынак, то антрапагенная нагрузка, якая павялічыцца з уводам у эксплуатацыю гэтых аб’ектаў, прынясе вялікую пагрозу возеру.
Таму абурае, што пад пратэктаратам расійскай праваслаўнай царквы, у дадзеным выпадку, адбываецца захоп зямлі, захоп тэрыторыі. Дарэчы, сярод нашых аднадумцаў ёсць і праваслаўныя людзі, і яны таксама абураныя гэткімі дзеяннямі. І ўжо калі казаць пра аўтэнтычную адметнасць, то тут ніколі не было праваслаўных. Так склалася гістарычна».
«Дык навошта гвалтам разбураць аўтэнтычнасць як культурную зьяву? І навошта нішчыць дадзеныя богам прыродныя скарбы?», — задаецца пытаньнем Анатоль Лоўкіс.