Людзі, што прыйшлі суботнім ранкам у сквер не трымалі аніякіх плакатаў, не скандавалі лозунгаў. Яны проста гулялі ў валейбол, запускалі бумерангі, лётаючыя талеркі. Некаторыя збіралі смецце, якое хоць і ў невялікай колькасці, але траплялася паміж дрэваў. Такім чынам актывісты імкнуліся паказаць уладам, што сквер ім патрэбны.
Паступова да невялікай групы актывістаў далучыліся і мясцовыя жыхары, якія таксама ўзялі ўдзел у гульнях. Але падчас усіх заняткаў, якія знаходзілі сабе ўдзельнікі флэш-мобу, яны абмяркоўвалі адную і тую ж тэму: плануемая пабудова на месцы сквера камерцыйнага элітнага дома з паркоўкамі і агароджанай тэрыторыяй.
Мы жывем недалёка і нам будзе вельмі шкада, калі гэтая зялёная зона знікне. Мы хочам, каб тут наадварот было праведзенае добраўпарадкаванне, усталяваныя спартовыя пляцоўкі., падсаджаныя яшчэ дрэвы, якія паступова б замянялі тыя, што састарваюцца. Мы хочам прыходзіць сюды гуляць у валейбол, бегаць, дыхаць паветрам. Бо да парку альбо Набярэжнай, дзе ёсць нейкія спартовыя прылады і зялёныя насаджэнні, даволі далёка. Нам патрэбны гэты сквер! – сказалі карэспандэнту Гомельскага Зялёнага партала дзве школьніцы, якія гулялі ў валейбол.
Пенсіянерка з размешчанага недалёка дома на Кожара, 7, абурылася:
- Я гляджу і чытаю ў гарадскіх афіцыйных СМІ матэрыялы, якія тычацца нашага сквера, і проста здзіўляюся! Кім нас лічаць улады? Яны кажуць, што шасцісекцыйны дом умесціцца ў невялікую пустку, на якой зараз моладзь у мяч гуляе. Тут жывуць адукаваныя людзі і мы таксама можам паглядзець на карты і параўнаць, дзе яны што запланавалі. Вось тут, дзе мы стаім, павінна быць аўтастаянка на 129 месцаў. Ды й сама тэрыторыя будзе абкутаная плотам са шлагбаўмам. То бок, нават, калі нейкія зялёныя насаджэнні і захаваюцца, то яны ад нас будуць адгароджаныя. Гэта будзе дом для багатых. А зараз гэта агульнадаступная тэрыторыя. Я тут сваіх дзяцей пагадавала і ўнука ў вазочку яшчэ паспела пакатаць. А што застанецца ім? Усе жыхары прылеглых дамоў, гатовыя паўдзельнічаць у зборы сродкаў для абуладкавання гэтага скверу. Я, канешне, спадзяюся, што нашыя ўлады не застануцца глухімі да нас. Але, калі яны нас не пачуюць, мы ўсе выйдзем, абдымем дрэвы і не дамо іх секчы.
Адзін з ініцыятараў флэш-мобу Валерый Сляпухін адзначыў, што ў Гомелі, асабліва ў цэнтральнай частцы горада зялёных насаджэнняў катастрафічна не хапае. І жаданне ўладаў ахвяраваць апошнімі – злачыннае. Таму і вырашана прадэманстраваць кіраўніцтву горада, што такія зялёныя выспы патрэбныя людзям.
Права жыхароў Гомеля на здаровае навакольнае асяроддзе замацаванае ў Канстытуцыі. Знішчаючы такія скверы, якія абараняюць ад выхлапных газаў буйных транспартных артэрыяў жылыя мікрараёны, улады спрабуюць ігнараваць гэтае права. Паглядзіце на елкі, якія растуць у крайнім радзе ад Савецкай у гэтым скверы: яны праз адну хворыя, таму што прымаюць на сябе ўсю тую шкоду, якую стварае транспарт. Калі знішчыць гэты сквер, то ўся гэтая атрута дастанецца жыхарам мікрараёна.
4 кастрычніка а 18-й гадзіне ў памяшканні Сярэдняй школы № 26, што размешчаная недалёка ад праблемнага сквера, адбудзецце афіцыйная прэзентацыя праекта будаўніцтва на месцы сквера. Уваход на прэзентацыю вольны, таму актывісты запрашаюць туды ўсіх, каму не абыякавы лёс зялёнай зоны.