02.10.2017 / 08:10

Рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу Беларусі – вельмі праблемная тэма, і актывісцкае асяроддзе бесперапынна спрачаецца з афіцыйнымі ўладамі з-за рознага бачання стратэгій развіцця. Нярэдка можна сустрэць жорсткую крытыку дзяржаўных праектаў. Хочацца верыць, што новы праект па стварэнні брэнда краіны і так званых турыстычных дэстынацый не будзе за што бязлітасна крытыкаваць.

Праект Еўрапейскага саюзу “Падтрымка ўстойлівага развіцця Беларусі” ставіць сваёй галоўнай мэтай рэгіянальнае развіццё нашай краіны. На прэс-канферэнцыі падчас выставы “Турбізнэс 2017” кіраўнік праекту Янэз Сіршэ разам намеснікам Міністра спорту і турызму Міхаілам Партным распавялі пра прамежкавыя вынікі праекту і далейшыя планы.

Міхаіл Партны звярнуў асаблівую ўвагу на падбор добрай каманды і агульную адкрытасць праекта: “Спачатку ў праекта былі вялікія праблемы і нават іншы кіраўнік. Але ён кепска валодаў сітуацыяй, і з часам на яго месца быў прызначаны Янэз Сіршэ – чалавек, зацікаўлены ў тэме, чалавек, гатовы шмат і плённа працаваць, як для канкрэтнага праекта, так і для ўсё нашай краіны ў цэлым. Змяніліся і іншыя эксперты – у выніку працаваць засталіся не тыя людзі, якія на самым пачатку бегалі з праекта ў праект,займаючыся ледзьве не плагіятам, а тыя, хто праўда перажываюць за развіццё турызму ў Беларусі”.

Янэз Сіршэ, у сваю чаргу, распавёў пра непасрэдную працу каманды: “Над праектам работаюць трыццаць экспертаў, з іх дзевятнаццаць – мясцовыя, беларускія. Яны граюць вельмі важную ролю з праэкце, бо дэтальна працуюць над стратэгіяй развіцця, над брэндам і распрацоўкай лагатыпу краіны і ўсіх дэстынацый. Па кожнай дэстынацыі ў нас таксама ёсць лакальны эксперт – чалавек, які працуе “на месцы”, у самой дэстынацыі.

Увогуле, праект цягнецца 30 месяцаў, але фактычна мы зрабілі асноўную працу за паўтара года. Для кожнай дэстынацыі была арганізавана працоўная група (не больш за 10 чалавек), якая распрацоўвала ў дэталях план дзеянняў. Мы абмяркоўвалі асноўныя праблемы рэгіёнаў, распрацоўвалі планы на будучыню і знаходзілі унікальныя дэталі кожнай дэстынацыі, якія можна было б выкарставаць у стварэнні брэнда.

Мы распрацавалі прома-прадукцыю – зрабілі брашуры на трох мовах (беларуская, руская, англійская), бо з інфармацыі пачынаецца развіццё. Калі няма інфармацыі пра месца – дзе там можна пераночыць, дзе паесці, дзе адпачыць, - немагчыма казаць пра развіццё турызму. А паколькі дэстынацыі знаходзяцца блізка да дзяржаўных межаў, мы дадаткова распрацуем брашуры і буклеты на мовах адпаведных суседніх краінаў”.

У межах праекту праводзіліся семінары і іншыя адукацыйныя мерапрыемтсвы для мясцовых чыноўнікаў, і ў выніку кожная з пяці пілотных дэстынацый атрымала свой брэнд.

Было зроблена шмат аналітычнай працы – эксперты працавалі над тым, каб “ракруціць” пэўныя геаграфічныя кропкі і ідэі, пра якія нават мясцовыя людзі па нейкіх прычынах не заўжды ведаюць. Відавочна, што, каб зацікавіць турыстаў, трэба прапанаваць ім штосьці новае, штосьці такое, пра што раней ніхто не чуў. Кіраўнікі праекту сцвярджаюць, што каманда з гэтай задачай справілася.

 

У чым сутнасць праекту?

Ідэя ў тым, каб стварыць пэўны брэнд краіны, а таксама брэндзіраваць і развіць адмысловыя турыстычныя кропкі і зоны – так званыя дэстынацыі. На прэс-канферэнцыі ўзгадваўся негатыўны вопыт па стварэнні брэнда Мінска – праект атрымаўся абсалютна няўдалы і, па сутнасці, грошы сышлі ўнікуды.

Намеснік Міністра спорту і турызму сцвярджае, што ўсе памылкі таго праекту былі ўлічаны, і цяпер каманда падбіралася і ўмовы выстаўляліся такім чынам, каб праца над брэндам ішла сапраўды прадуктыўна, і каб быў рэальны вынік.

Каманда праекта вылучыла чатыры каштоўнасці, якія складаюць аснову характара Беларусі, і распрацоўваюць брэнд краіны ў адпаведнасці з гэтымі каштоўнасцямі:

  • Арыгінальнасць: характар, які сыходзіць каранямі ў шматвекавыя каштоўнасці і лад жыцця, са старажытным фальклорам, традыцыямі, урбанізацыяй і сучасным беларускім жыццём.
  • Супакаенне: шырокі маланаселены прыродны ландшафт з бяскрайнімі прасторамі, дальнімі гарызонтамі і "высокімі нябёсамі" выклікае прыемнае пачуццё самотнасці і эмацыйнага спакою.
  • Чалавечнасць: характэрныя сацыяльныя каштоўнасці выражаныя ў тым, як беларусы ўзаемадзейнічаюць адзін з адным і з іншаземцамі з сапраўднай беларускай гасціннасцю.
  • Прыроднасць: Беларусь у значнай ступені пакрыта натуральнай расліннасцю, якая ўяўляе сабой некранутую прыроду, дзе жыве "вялікая пяцёрка”" млекакормячых Еўропы.

У адпаведнасцямі з гэтымі вылучанымі каштоўнасцямі і плануецца развіццё брэнда. Кіраўнікі праекта абяцаюць, што створаць неабходныя ўмовы для таго, каб на выбар канкрэтнага брэнда змаглі паўплываць “простыя жыхары краіны”. Гэта, безумоўна, важна для таго, каб брэнд “прыжыўся” і праўда адсылаў да актуальных каштоўнасцяў.

Улетку быў праведзены мазгавы штурм з прадстаўнікамі пятнаццаці ключавых турыстычных краін, і хутка мы чакаем нейкі варыянт брэнда Беларусі ад Сусветнай турыстычнай арганізацыі.

Шырокай грамадскасці ўсе варыянты будут прадстаўлены бліжэй да канца году, і, як сцвярджае Міхаіл Партной, аўтарства праектаў першапачаткова не будзе анансавацца, каб людзі ацэньвалі толькі сам праект, а не ягоных аўтараў.

Пакуль што праект абмяжоўваецца распрацоўкай брэндаў пяці так званых дэстынацый: Полацкай, Каменецка-Пружанскай, Мсціслаўскай, Мядзельскай  і Аўгустоўскага каналу.

Праект скончыцца яшчэ праз некалькі месяцаў, але пэўныя поспехі бачныя ўжо сёння, адзначаюць у Міністэрстве. Міхаіл Партной заўважае, што Беларусь атрымала заўважны прыток іншажемнай валюты: у 2017 годзе гэтая лічба павялічылася на 20% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

Безумоўна, будзе несправядліва сцвярджаць, нібыта гэта прырост абумоўлены менавіта паспяховым развіццём турыстычных дэстынацый. Хочацца верыць, што ў будучым мы ўбачым рэальны эканамічны рост пэўных рэгіёнаў, звязаны менавіта з паспяховым ажыццяўленнем гэтага пректа.

Для таго, каб турызм у Беларусі развіваўся яшчэ лепей, плануецца пашырэнне ўмоваў для безвізавага знаходжання іншаземцаў у нашай краіне. І чым хутчэй гэтае пытанне будзе вырашацца, тым больш турыстаў будзе ў дэстынацыях.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость