Звычайна задорныя ілжывыя тэксты яны пішуць пра палітвязняў і тых, каму ўдалося выехаць за мяжу, каб пазбегнуць далейшых рэпрэсій, а таксама не шкадуюць ні фантазіі, ні часу для стварэння дэзінфармацыі пра нібыта варажнечыя краіны.
Чаму цяпер экалогія? Імаверна, гэта яшчэ адна праява нянавісці да заходняга свету. І раз на ўмоўным калектыўным Захадзе кажуць, што кліматычны крызіс – гэта вялікая праблема і глабальная пагроза, дык беларускім прапагандыстам дужа трэба гэта абвяргаць. Назло маці, як той казаў, трэба адмарозіць вушы.
Дык вось што ў гэты раз нарабілі прапагандысты: яны ўзялі якасны прафесійны тэкст пра неадназначнасць канкрэтнай меры ў барацьбе з кліматычным крызісам і перапісалі яго з усёй нянавісці да экаактывізму і клопату пра экалогію ўвогуле.
Цытата з сайта АНТ: «Як паведамляе ScienceAlert, навукоўцы папярэджваюць пра тое, што некаторыя ідэі, якія прапаноўваюць прыхільнікі “зялёнай” павесткі і іншыя “змагары са зменай клімату”, могуць пераўтварыцца ў не меншую катастрофу за так званае “глабальнае пацяпленне”».
Але не, у ScienceAlert такога няма. У артыкуле, на які спасылаюцца прапагандысты, вельмі ўзважана тлумачыцца, чаму ідэя зацямняць сонца, каб зменшыць тэмпературу на Зямлі, можа быць дужа рызыкоўным крокам.
Гэта абсалютна нармальная частка навуковага жыцця: даследчыкі і даследчыцы спрачаюцца паміж сабой і даюць розныя ацэнкі дзеянням актывістак і актывістаў. Але беларускай прапагандзе такі падыход незразумелы. У лепшых традыцыях рэжыма Лукашэнкі, ёсць адно правільнае рашэнне і ўсё астатнія – рашэнні ворагаў народу, якіх трэба пазбавіць прафесіі, грошай і жыццёвых перспектыў.
Вось і не можа АНТ проста пераказаць артыкул пра дыскусію адносна канкрэтнага метаду барацьбы з кліматычным крызісам. Ім трэба і тут стварыць фронт, прызначыць ворагаў і папрактыкавацца ў прыніжэнні гэтых самых ворагаў. І змагароў са зменай клімату яны бяруць у двухкоссе, і глабальнае пацяпленне называюць так званым (і таксама бяруць яго ў двухкоссе).
Адмарожваць вушы назло маме – шыкоўная стратэгія, вядома, але ж дужа хочацца верыць, што разум пераможа, і да кліматычнага крызісу ў Беларусі будуць ставіцца сур’ёзна, нягледзячы на тое, што так да яго ставяцца на клятым Захадзе.
Бо гэты крызіс – з’ява аб’ектыўная, і ад прапагандысцкіх метадычак не залежыць, а ягоныя наступствы немагчыма адмяніць па жаданні Лукашэнкі ці кагосьці яшчэ.
Я разумею, што гэтая сістэма звыкла так працаваць: калі штосьці не падабаецца – забараняй гэта альбо адмаўляй сам факт існавання. Але якой моцнай ні была б рэпрэсіўная машына ў Беларусі, яна не можа пасунуць кліматычныя зоны ці забараніць ураганы, засухі ці падтапленні.
І ад таго, наколькі агіднымі будуць каментары ў адрас экаактывістак і экаактывістаў, таксама нічога не залежыць. Наўрад ці ўмоўная Грэта Тунберг калісьці даведаецца, як яе ненавідзяць на АНТ. А калі і даведаецца, дык нешта мне падказвае, што гэта не зменіць яе падыход да жыцця і актывізму.
Але прапагандысты не будуць спыняцца і працягнуць распальваць нянавісць. Хто на што, так бы мовіць, вучыўся.