02.12.2015 / 17:12

Сябры гомельскай суполкі Таварыства беларускай мовы сумесна з зацікаўленымі гісторыкамі ды студэнтамі-архітэктарамі рэканструявалі выгляд зніклых будынкаў з дапамогай сучасных тэхналогій.

На прэзентацыю вынікаў краязнаўчай працы ў фае “Гомельграмадзянпраекта” сабралося больш за 100 наведнікаў. Аўтары праекта “Пошукі старога Гомеля” Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін прэзентавалі ўсім аматарам гісторыі роднага горада адмысловы фільм. Яго здымалі ў тым ліку і з дапамогай жывых сведак тых часоў – Яўгена Ткача і Валянціны Радчанка. Іх падказкі і ўспаміны ўзбагацілі веды гісторыкаў ды архітэктараў аб тым, як выглядаў Гомель у даваенныя і паваенныя гады.

Так цэнтральную плошчу калісьці ўпрыгожваў каталіцкі касцёл Унебаўзяцца Панны Марыі, збудаваны на сродкі тагачаснага ўладальніка горада Мікалая Румянцава. Першапачатковы праект адсылаў сваім выглядам да старажытнарымскага храма ўсіх багоў – Пантэона. Пераасэнсаваны англійскім архітэктарам Джонам Кларкам ён быў скончаны ў 1822 годзе. Савецкія ўлады зруйнавалі будынак у 1930-я гады і да сённяшняга моманта аб яго выглядзе сведчылі толькі рэдкія фатаздымкі.

Пажарнае дэпо з адмысловай вежай было збудавана ў 1913 годзе па праекце вядомага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. У дзень вызвалення горада – 26 лістапада 1943 года менавіта на яго вежы быў узняты савецкі сцяг. Будынак быў знесены ў 1960-х гадах з мэтай будаўніцтва комплекса Галоўпаштамта.

У рэканструкцыі будынкаў актыўны ўдзел прынялі і будучыя архітэктары з БелДУТа – Дзмітры Башмак і Раман Рошчанка. Па старых фатаздымках хлопцы рупліва аднаўлялі зніклыя будынкі. Па іх словах галоўнай праблемай быў недахоп наяўнага візуальнага матэрыяла. Праз гэта шматлікія дэталі даводзілася вывучаць ды супастаўляць, каб і касцёл, і дэпо выглядалі як і раней.

Аўтары праекта “Пошукі старога Гомеля” сваёй працай імкнуцца прыцягнуць увагу да магчымасці аднаўлення знішчаных у ходзе гісторыі будынкаў горада, якія калісьці ўпрыгожвалі яго. У межах працы над касцёлам і пажарным дэпо былі створаныя візуалізацыі таго, як будынкі можна было б размесціць у сучасным горадзе. Дзеля гэтага іх давялося б трохі перасунуць, але тэарэтычна яны не дысгарманавалі б з забудовай цэнтра горада і адназначна ўпрыгожылі б яго.

Цэнтральную плошчу Гомеля маглі б упрыгожыць і старыя ліхтары, асфальт можна было б замяніць на брукаванку, на ўваходзе ў парк змайстраваць старую браму, а перыметр плошчы зноў упрыгожыць шэрагамі дрэў, спілаванымі ўладамі.

Разам з тым пытанне аднаўлення будынкаў па словах Марыі Булавінскай варта разглядаць з дапамогай адкрытага грамадскага абмеркавання, на якім усе зацікаўленыя бакі змаглі б выказаць сваю кропку гледжання. На сённяшні момант дзейснага механізму ўдзелу гараджан у развіцці Гомеля няма.

Удзельнікі суполкі “Пошукі старога Гомеля” абяцаюць працягнуць сваю працу па аднаўленні нашай страчанай спадчыны.

Автор:
Фотограф:
facebook.com, behance.net
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость