03.03.2018 / 20:03

Другая палова зімы запомніцца гомельцам не толькі моцнымі маразамі, якія засталіся нават нягледзячы на пачатак каляндарнай вясны, але і вялізнай колькасцю снегу. Калі для аматараў зімовых відаў фізічнай актыўнасці і дзяцей гэта было да лепшага, то перасоўвацца па горадзе ў такі час было нялёгка не толькі аўтамабілістам, але і пешаходам. Пасля аператыўнай прыборкі снегу камунальнікамі ўздоўж вуліц і тратуараў выраслі вялізныя насыпы і сумёты, якія, аднак, не прыбіраліся цягам тыдняў. Гомельскі Зялёны партал вырашыў разабрацца ў прычынах такой негаспадарлівасці.

Цэнтр любога горада — заўжды яго візітоўная картка. Па тым, як дагледжаны фасады дамоў, тратуары і вуліцы судзяць пра нас судзяць не толькі турысты. Чысціня ў горадзе неабходна ў першую чаргу гомельцам – гэта падмурак камфортнасці жыцця і знаходжання ў горадзе.

На вялікі жаль, у апошнія гады сумёты, што заставаліся пасля снегаачышчальнай тэхнікі стаялі пераважна да вясны, пакуль не пераўтвараліся ў ваду.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў гэтым годзе, прычым нават у цэнтры горада. Пасля завірух, што завіталі ў горад у лютым, непрыбраныя сумёты можна ўбачыць нават на прыпынках гарадскога транспарта. Некаторыя з іх сягаюць ледзь не ў чалавечы рост і ўскладняюць працэс пасадкі і высадкі гараджан.

Сумёт на прыпынку “Вуліца Сялянская”
Сумёт на прыпынку “Вуліца Сялянская”

Непрыбраны снег на прыпынку “СтанкаГомель” ляжыць ужо некалькі тыдняў
Непрыбраны снег на прыпынку “СтанкаГомель” ляжыць ужо некалькі тыдняў

Горкі чорна-бела-карычневага колеру застаюцца ўздоўж дарог, фармуючы не надта прывабную карціну.
Горкі чорна-бела-карычневага колеру застаюцца ўздоўж дарог, фармуючы не надта прывабную карціну.

Часцей за ўсё такія кучы складаюцца са снегу, бруду, пяску і соляў, якія актыўна выкарыстоўваюць гарадскія камунальныя службы. Але нярэдкія на іх і сляды пазначэння сваёй тэрыторыі сабакамі.

Снег, добра насычаны брудам і соллю нярэдка застаецца на месцы росту дрэваў і газонах. Не дзіўна, што пасля гэтага шмат раслін альбо гіне, альбо знаходзіцца ў досыць кволым стане.

Тратуары ў цэнтры горада часта выглядаюць нібыта пакрытыя шэранню. Насамрэч гэта соль, якой пасля таяння снегу дыхаюць гараджане.

Непрыбраныя завалы нярэдка змяншаюць шырыню праезнай часткі на дарогах, выступаючы дзе на 20 сантыметраў, а дзе і на паўметры.

Як даведаўся Гомельскі Зялёны партал, за прыборкі горада ў такіх выпадках адказнае камунальнае аўтамабільнае ўнітарнае прадпрыемства па ўтрыманні дарог “ГорСАП”. Але ж сродкі на гэтае добраўпарадкаванне вылучае бюджэт адпаведных адміністрацый горада.

— Канешне гэта ўсё залежыць ад бюджэта. Безўмоўна адміністрацыі тых раёнаў, пад чыім кантролем знаходзяцца гэтыя вуліцы, тратуары і прыпынкі разумеюць, што за прыборку трэба плаціць, — пракаментаваў сітуацыю намеснік дырэктара “ГорСАП” па вытворчасці Мікалай Букетаў. — Калі ёсць сродкі, то мы з радасцю ажыццяўляем гэтую працу і заўжды йдзем ім на сустрач.

На жаль, на дадзены момант на гэта з іх боку сродкаў вылучана не было. У цэлым перспектыва такая, што будуць яшчэ больш моцныя снегапады. Магчыма ў сакавіку з’явіцца нейкае новае фінансаванне, нешта дадасца і будзем тады прыбіраць. Безумоўна ўсё мы не прыбярэм, але па меры магчымасцяў.

Магутныя снегапады, якія накрылі Гомель у першыя дні сакавіка “прыпудрылі” гэтыя горы і дапамаглі ім вырасці. Застаецца спадзявацца, што гарадскія ўлады вылучаць дастаткова фінансавання, каб ліквідаваць іх своечасова. Інакш назіраць за павольным знікненнем гэтых неэкалагічных завалаў давядзецца тыднямі.

Автор:
Фотограф:
Яўген Меркіс
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость