Што прапісана ў праекце забудовы
На Нацыянальным прававым партале pravo.by апублікавана рашэнне Мінгравыканкаму аб зацьвярджэнні горадабудаўнічага праекта «Карэкціроўка горадабудаўнічага плану дэтальнага планаваньня тэрыторыі ў межах: праспект Пераможцаў — МКАД — вуліца Ціміразева — вуліца 4-е кальцо (мяжа жылога раёну Лебядзіны)».
Паводле гэтага дакумента, жыллё будзе будавацца каля заказніка “Лебядзіны” уздоўж вуліц Ціміразева і Ратамскай “у асноўным на экалагічна парушаных тэрыторыях і трансфармуемых землях ТАА “Гандлёвы дом „Ждановічы“. З тэрыторыі пад будаўніцтва вынесуць рэчавы рынак ужываных тавараў “Поле цудаў”, гандлёвае мястэчка “Лебядзіны”, гандаль плодаагародніннай прадукцыяй, стаянкі аўтатранспарту.
На тэрыторыі ўздоўж Ратамскай вуліцы будзе жылая забудова шматкватэрнага і часткова сядзібнага тыпу з гандлёва-бытавымі аб’ектамі і фізкультурна-спартыўным комплексам (будуецца комплекс “Алімпік-Парк”).
У межы праекту ўключаны гатэль на скрыжаванні праспэкта Пераможцаў і МКАД, які будуе кампанія СТАА “Тэхапрофітсіціінвестмент”, жылая і грамадская забудова комплексу “Алімпік-Парк” і планаваны жылы комплекс па вуліцы Ціміразева.
Фонд забудовы будзе складацца з жылой шматкватэрнай забудовы ў 115,5 тысячы квадратных метраў, жылой сядзібнай — 6,1 тысячы квадратных метраў, і грамадскай — 74 тысячы квадратных метраў.
Як гаворыцца ў дакумэнце, шэраг рашэнняў тычыцца, сярод іншага, карэкцыі межаў заказніка «Лебядзіны» і рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу кампаніі “Тапас”.
Па даручэнні, якое кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даў Мінгарвыканкаму, будзе таксама сфармаваны інвестыцыйны ўчастак для будаўніцтва жылога комплекса з абʼектамі сацыяльна-гарантаванага прызначэння па вуліцы Ціміразева на тэрыторыі гандлёвага дому “Ждановічы”.
Тэрыторыя праекту размешчаная ў прыродным каркасе Мінску (зона з высокім прыродна-экалагічным патэнцыялам уздоўж сістэмы вадацёкаў у межах водаахоўных тэрыторый) і ў экалагічным калідоры 1-га парадку (водна-зялёны дыямэтр ракі Свіслач), які забяспечвае санацыю паветранага басейна горада. Таксама ў межах праекту — прыродная тэрыторыя рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Лябядзіны», якая знаходзіцца пад асаблівай аховай.
“Тапас” выйграў, грамадства прайграла
Паводле кіраўніка таварыства “Горад для гараджан” Дзяніса Кобрусева, зацверджаны Мінгарвыканкамам праект быў распрацаваны ў 2018 годзе, і ён легітымізуе сітуацыю, якая ўжо склалася на сённяшні момант.
“Ён заточаны менавіта пад абслугоўванне інтарэсаў „Тапаса“ і яго забудоўнікаў. Зона „Лебядзінага“ зменшаная, і мы бачым нагрузку антрапагеннасці. Гэта, безумоўна, пагражае біяразнастайнасці. Але гэта не залежыць ад дэталёвага плану, бо ўжо цяпер „Лебядзіны“ абкладзены забудовай з усіх бакоў”.
Паводле Дзяніса Кобрусева, цяпер на ўзроўні горадабудаўнічай дакумэнтацыі ў забудоўшчыка ня будзе ніякіх праблемаў.
“Ён правядзе ўсе даклады па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе, будзе мець зацверджаны праект дэталёвага планавання, і ўсё. І на ўзроўні заканадаўства грамадскасці не будзе як чапляцца да таго, што там робіцца”.
Раней ужо прайшлі грамадскія слуханні адносна будаўніцтва рэстарацыі каля заказніка ў той час, калі сам аб’ект фактычна пабудаваны.
“Так, гэта было зроблена задняй датай, калі рэстарацыя ўжо гатовая. Цяпер у забудоўшчыкаў ужо рукі развязаныя. Цяпер не будзе нейкай магчымасці сказаць, што ён нешта парушае.
Забудоўшчык можа цяпер у межах дэталёвага праекту рабіць усё, што ён хоча, што абазначана ў гэтым праекце. Але часткова і змяняць свой праект, калі гэта не будзе парушаць дэталёвы план. Напрыклад, пабудаваць нешта іншае, большае. То бок „Тапас“ з гэтай сітуацыі выйшаў у выйгрышы, а грамадства і заказьнік — у мінусе”, — сказаў Дзяніс Кобрусеў.
Раней адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска абвясціла, што грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе “абʼекта грамадскага харчавання з добраўпарадкаваннем прылеглай ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкта Пераможцаў — вуліцы Ратамскай” мае прайсці з 14 жніўня па 13 верасня. Комплекс ужо гатовы на 80%.
Як вынікае са справаздачы, Мінгарвыканкам 12 красавіка 2019 года зацвердзіў акт выбара месца размяшчэння зямельнага ўчастку плошчай 3,9957 га без выхада ў акваторыю возера “Лебядзінае”.
“У нас застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказніка”
Старшыня грамадскай арганізацыі “Багна” Канстанцін Чыкалаў кажа, што на заказнік “Лебядзіны” будзе аказвацца некантраляванае антрапагеннае ўздзеянне.
“З прычыны вялікай колькасці людзей вакол „Лебядзінага“ там стане значна больш наведвальнікаў, і калі там будуць рабіць пікнікі, гэта будзе адмоўна ўплываць на тэрыторыю заказніка. Таму ў нас была і застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказніка, якая магла б кіраваць тэрыторыяй і займацца захаваннем відаў і маніторынгам, выкананнем неабходных правілаў», — сказаў Канстанцін Чыкалаў.
Таксама эколагаў хвалююць самі будынкі, якія выкарыстоўваюць многа шкла. А гэта небяспечна для птушак.
“Заказнік ствараўся найперш для захавання некалькіх відаў птушак. Таму вялікія шкляныя сцены могуць негатыўна паўплываць на іх падчас міграцыі. Птушкі будуць проста ўрэзвацца ў гэтыя шкляныя сцены і гінуць. Мы прапаноўвалі адмовіцца ад шкляных пабудоў.
На жаль, павялічваецца павярховасць пабудоў. Застаецца той самы прынцып: забудоўшчыкі атрымліваюць дазвол на забудову, усё ўзгадняецца, а праз два гады, калі пабудова здаецца, мы бачым зусім іншы выгляд”, — кажа Канстанцін Чыкалаў.
Паводле Канстанціна Чыкалава, ён пакуль не бачыў дакладнага плану таго, як будуць выглядаць экасцяжыны. Прадстаўнікі “Тапаса” не звярталіся ў “Багну” па кансультацыі. Канстанцін Чыкалаў сказаў, што “Багна” звярнулася да ўладаў з прапановай правесці грамадскі сход адносна ўздзеяньня на навакольнае асяроддзе рэстарана, які будуе каля заказніку “Тапас”. Але адказу пакуль няма.
“Таксама мы звярнуліся да ўладаў з просьбай правесці незалежную экалагічную экспэртызу праекта, бо была парушаная паслядоўнасць дзеянняў па рэарганізацыі заказніка. То бок пачалася забудова, а ўжо пасля гэтага былі змененыя межы заказніка. Па заканадаўстве гэта парушэнне”.
Як адразалі зямлю ад заказніка
Адразаць зямлю ад “Лебядзінага” пачалі яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зменшылі на 8 гектараў.
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс змены ў генплан Мінску. Ад ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай. Частку гэтых земляў перадалі кампаніі “Тапас”, якая згодна з указам 2014 года будуе жылыя комплексы “Браслаўскі” і “Алімпік-парк” побач з заказнікам (у межах праспекта Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляюць у хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзідэнцкага спартовага клюбу.
Зямельныя ўчасткі “Тапас” атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы. Сярод іншага, Лукашэнка дазволіў “выдаляць абʼекты расліннага свету без правядзення кампенсацыйных пасадак” і “ажыццяўляць зняцце ўрадлівага пласта глебы”. Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.
Калі ў канцы 2018 году высветлілася, што “Тапас” будуе “шматфункцыянальны комплекс” на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказніка, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зменшыў межы “Лебядзінага”.
ТАА “Тапас” — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзідэнцкай каманды Павал Белы.