Што такое «Жывая вясна»?
«Жывая вясна» – міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання мігруючых птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытаніі «якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак?» і «як мы можам дапамагчы?».
Як дадаць назіранне?
Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак «Жывой вясны»– зарэгіструйце назіранні. Як гэта зрабіць? Абірайце зручны для сябе варыянт:
- на сайце «Жывой вясны» пры дапамозе формы "Дадаць назіранне" СМС-паведамленне на кароткі нумар 0841 (Абавязкова напісаць імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і від птушак), у адказ вы атрымаеце падарунак – спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны"!
- напісаць сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.
Складанне карты – адна з асноўных актыўнасцяў «Жывой вясны». Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Вы можаце далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!
У гэтым годзе ў межах «Жывой вясны» пройдзе конкурс фотаздымкаў і малюнкаў.
Таксама будзе ладзіцца кальцаванне буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон стараюцца падараваць каляровыя кольцы як мага большай колькасці маладых буслянят. Вяртанні калец даюць навукоўцам карысную інфармацыю, дзе зімуюць сімвалы Беларусі і праз якія краіны пралягае іх шлях дадому.
Цікава: птушкі «Жывой вясны» зімуюць у цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы. Каб вярнуцца ў Беларусь, белыя буслы пралятаюць 8-10 000 кіламетраў, чорныя свіргулі і шчуркі-пчалаедкі – 6-9 000 кіламетраў, вясковыя ластаўкі – 6-10 000 кіламетраў, зязюлі – 5-7 000 кіламетраў.